Курс на эскалацыю канфлікту — гэта адзіны шлях, які сёння бачыць афіцыйны Мінск
Лукашэнка не выглядаў пераможцам, адзначыў у сваім тэлеграме Валерый Карбалевіч.
Нявырашанасць унутрыбеларускага канфлікту вядзе да таго, што ён трансфармуецца ў крызіс рэгіянальнай бяспекі, вядзе да росту міжнароднай напружанасці.
Лукашэнка не часта прыходзіць у парламент. Сёлета не было яго традыцыйнага паслання Нацыянальнаму сходу і народу. А такая форма звароту да грамадства з трыбуны парламента ў звязку з нейкімі незвычайнымі падзеямі, здаецца, увогуле ўжываецца ўпершыню.
Таксама варта звярнуць увагу, што ні БТ, ні дзяржаўнае радыё не транслявалі выступ у жывым эфіры. І ўслед за Лукашэнкам выступілі прэм’ер-міністр, міністр замежных спраў, старшыня КДБ. Усё гэта сведчыць пра надзвычайнасць сітуацыі, у якой аказалася краіна.
Цяпер што да зместу выступу. Мяркую, Лукашэнка планаваў выйсці да публікі ў вобразе пераможцы, які правёў такую крутую аперацыю. Але нешта пайшло не так. Відаць, на такую жорсткую рэакцыю міжнароднай супольнасці ў звязку з пасаджаным у Мінску самалётам беларускае кіраўніцтва не разлічвала.
Таму пераможцам
Лукашэнка не выглядаў. Падаецца, што галоўны сэнс яго выступу палягаў у
тым, каб апраўдацца. Ён апраўдваўся. Але ў сваім звыклым стылі. Гэта было
апраўданне ў выглядзе агрэсіўнай атакі супраць Захаду. Тут быў выкарыстаны
ўвесь ідэалагічны арсенал, які беларускія ўлады ўзялі на ўзбраенне з 9 жніўня
мінулага года: маўляў, Беларусь стала для Захаду нязручным прыкладам барацьбы з
кавідам; «беларуская дзяржава ў зародку задушыла хвалю неанацызму»; Беларусь —
толькі кароткае звяно ў барацьбе Захаду з Расіяй; ціск Захаду можа прывесці да
вайны. І далей у такім жа рэчышчы. А ўвогуле, «уся эскалацыя з боку Захаду —
гэта іх зайздрасць, бяссілле і злосць».
Не было ніякіх заўважных намёкаў на магчымасць
кампрамісу, дыялогу, разрадкі напружанасці ў адносінах з Захадам. Такое ўражанне,
што курс на эскалацыю канфлікту — гэта адзіны шлях, які сёння бачыць афіцыйны
Мінск.
Прагучаў і трохі незвычайны тэзіс: «У гэтай вайне Беларусь не разлічвае на перамогу». Гэта трохі нечаканае прызнанне. Тут выяўляецца пэўная безнадзейнасць, наканаванасць лёсу, адсутнасць наперадзе добрых перспектыў.
Што тычыцца самой гісторыі з самалётам, то тут не прагучала нечага прынцыпова новага. Хіба што зацікавіла вось такая фраза: «У самалёце знаходзіўся тэрарыст, і пра гэта ведалі далёка за межамі Беларусі». Значыць, і ў Беларусі ведалі, што Пратасевіч знаходзіцца на борце? А паводле афіцыйнай версіі, вылучанай у дзень здарэння, беларускія ўлады выпадкова высветлілі, што гэты чалавек аказаўся сярод пасажыраў.
Галоўная ж выснова з усёй гэтай гісторыі такая: нявырашанасць унутрыбеларускага крызісу вядзе да таго, што ён трансфармуецца ў крызіс рэгіянальнай бяспекі, вядзе да росту міжнароднай напружанасці. І без вырашэння канфлікту ўнутры краіны немагчыма спыніць эскалацыю ў рэгіёне.