Лукашэнка рвецца абараняць Маскву, а расійская прапаганда яго папікае

Выступаючы ў парламенце 26 траўня Лукашэнка некалькі разоў рабіў рэверансы ў бок Расіі. У асноўным ён выкарыстаў традыцыйныя страшылкі а-ля «трэніруюцца на Беларусі, а потым возьмуцца за ўсходняга суседа». На яго думку, Захад трэба спыніць, а беларускае грамадства гатовае стаць «фарпостам Новай Еўразіі».

dqwdqwd.jpg


Афіцыйна Расія пакуль што вельмі стрымана каментуе інцыдэнт з пасадкай борта «Ryanair» у Мінску: маўляў, не крыўдзіце Беларусь і «спыніце істэрыку». Хіба што версія афіцыйнага спікера МЗС РФ Марыі Захаравай пра тое, што вайсковы МіГ-29 быў пасланы не на перахоп рэйса «Афіны — Вільня», а каб абараніць Беларускую АЭС, не вытрымлівае ніякай крытыкі, піша «Еўрарадыё».

А вось расійская прапаганда, якая заўсёды імкнецца адгадаць настроі Крамля, дазваляе сабе, скажам так, скепсіс у дачыненні да паводзін Аляксандра Лукашэнкі і наступстваў гісторыі з «Ryanair». А ў яе заўсёды нос па ветры.


«Не выключана, што былі і нашы браты»

Рупар расійскай «правільнай думкі» Уладзімір Салаўёў увечары 25 траўня прысвяціў сітуацыі з пасадкай самалёта «Ryanair» у Мінску цэлую перадачу. За Беларусь там аддзімаўся Аляксандр Шпакоўскі. Чакаючы безумоўнай падтрымкі, ён раптам сустрэўся з крытыкай расійскіх спікераў.

— Навошта трэба было ладзіць усю гэту каніцель дзеля таго, каб гэтага чалавека засунуць у КПЗ у Мінску? Ну сэнс у гэтым? І атрымаць велізарную колькасць санкцый? — задаўся пытаннем Карэн Шахназараў, часты госць Салаўёва. — Гэта гаворыць пра тое, што палітык не пралічвае сітуацыю. І гэта гаворыць пра слабасць палітыка. Мы, на жаль, назіралі апошні год вось такія спарадычныя рухі Аляксандра Рыгоравіча, і гэта, папраўдзе, не ёсць добра. Я ў гэтай сітуацыі не думаю, што Расійскай Федэрацыі трэба ўвесь час пакрываць і закрываць Аляксандра Рыгоравіча сваім аўтарытэтам. Гэта наносіць удары і Расійскай Федэрацыі.

Шахназараў пайшоў далей: паводле яго слоў, Лукашэнка ўпэўнены, што РФ павінна яго ратаваць (на хвіліначку, сам Лукашэнка на публіцы ўпэўнены ў адваротным: што гэта Беларусь ратуе Расію). Пры гэтым «акцыя з самалётам», на думку рэжысёра, не магла атрымаць ухваленне ад Масквы, бо «яна проста дурная».

Спроба парыраваць з боку Шпакоўскага была такая: «Я вось выкажу сумневы, што ў нас ёсць сур'ёзныя аператыўныя пазіцыі ў Грэцыі. Хтосьці ж павінен быў падказаць. І я не выключаю, што гэта былі браты».

Гэта значыць, Шпакоўскі спрабаваў «замазаць» у справу расійскія спецслужбы. Астатнія госці праграмы ў адзін голас імавернасць такога адкінулі.

Палітолаг Аляксей Часнакоў, таксама часты госць расійскага дзяржТБ, паўтарыў думку: калі ў Беларусі праз борт «Ryanair» паўстануць праблемы, то яны закрануць і Расію. Таму Мінску варта было б думаць перад такімі крокамі.

— Вось цяпер паказваюць, што Пратасевіч быў ва Украіне, страляў там у Луганску ці Данецку [Пратасевіч сапраўды быў на Данбасе, але ў якасці фатографа. — «Еўрарадыё»]... А чаго ж Беларусь нічога не зрабіла тады?! <...> Дык вы ж нічога не зрабілі, вы ж з 2014 года яго, як кажаце, да гэтай здрады вялі, — дадаў ён.

57640542_403.jpg


Упісаліся за Сапега

Незадаволеныя расійскія прапагандысты аказаліся і арыштам дзяўчыны Рамана Пратасевіча Сафіі Сапега. І тут выразней за ўсіх пазіцыю сфармулявала галоўная рэдактарка RT і «Sputnik» Маргарыта Сіманьян:

«Я не ведаю, ці ёсць Сапега рэдактарам канала са злівамі звестак сілавікоў. Можа, і так. Можа, і не. Хай даказваюць. Дакажуць — хай караюць. Але вось гэтыя прызнальныя відэа нікому не робяць гонару», — напісала яна. А за некалькі допісаў да гэтага прасіла: «Вярніце дзяўчыну».

Зрэшты, яшчэ некалькімі допісамі вышэй у тг-канале Сіманьян — камплімент на адрас Лукашэнкі. А вось супрацоўнік RT Антон Красоўскі дазволіў сабе выказацца максімальна жорстка. Ён сказаў пра дзевяць мільёнаў беларусаў, якіх «аддалі Лукашэнку ў парабкі». Вядома, назваў іх «сваімі, рускімі людзьмі». Але крытыку ў адрас кіраўніка Беларусі дазволіў.


Галоўны з тых, хто прайграе, — Расія

Блізкія да розных вежаў Крамля тэлеграм-каналы далі залп па афіцыйным Мінску. І гэта пры тым, што зусім нядаўна яны амаль у адзін голас, перабіваючы адзін аднаго, казалі, што Лукашэнка малайчына.

@master_pera: Лукашэнка прыкрыўся гэтай гісторыяй, як парасонам, і ад планаў занадта глыбокай інтэграцыі, і ад праектаў беларускага трансферу, якія навязваюцца яму. Ён замазаў расійскага калегу міжнародным скандалам.

@mardanaka: У выпадку блакады Беларусі галоўным з тых, хто прайграе, аказваецца Расія, сухапутная мяжа якой апынаецца за новым «санітарным кардонам». Прычым у яго стварэнні вялікія дзяржавы быццам бы і ні пры чым.

@banksta: Бананавыя бонды Лукашэнкі не купляюць. Ратаваць Кім Чэн Ына постсавецкай прасторы давядзецца расійскім падаткаплацельшчыкам.

Многія з падобных запісаў рэпосціў «Незыгарь» — канал, які падазраюць калі не ў блізкіх сувязях, то ў вялікіх сімпатыях да былога расійскага амбасадара Міхаіла Бабіча, у якога адносіны з Лукашэнкам не склаліся.


Супраць Захаду, але і не з Лукашэнкам

У цэлым расійская прапаганда цяпер актыўна выступае супраць рэакцыі Захаду на сітуацыю з «Ryanair». Як і расійская дыпламатыя. Але ні тыя, ні тыя не «ўпісваюцца» за Лукашэнку. Не хаваюць гэта і пракрамлёўскія рэсурсы, напрыклад РІА ФАН, звязаны з «поварам Пуціна» Яўгенам Прыгожыным:

— Гэта значыць, сітуацыя ўзнікла хоць у цэлым і чаканая, але па факце досыць непрыемная. Так што пуцінскае «так» на перамовы з Байдэнам і яго сустрэча з Лукашэнкам 28 траўня ў Сочы — пры пакуль поўным дыстанцыяванні ад дзеянняў афіцыйнага Мінска — мабыць, аптымальная рэакцыя на «гамбіт Пратасевіча» з ахвярай фігуры. Гэта свайго роду прамежкавы ход, неабходны для правядзення задуманай патэнцыйна выйгрышнай палітычнай камбінацыі.