Куды лепш пераехаць, калі не хочаш эміграваць? Рэйтынг беларускіх гарадоў

«Цэнтр новых ідэй» склаў рэйтынг беларускіх гарадоў, у якім даследчыкі прааналізавалі 40 самых буйных гарадоў Беларусі. Для выяўлення лідараў і аўтсайдараў былі прааналізаваны чатыры катэгорыі: дэмаграфічная ўстойлівасць, стан эканомікі, якасць жыцця і грамадска-палітычныя практыкі.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


«Цэнтр новых ідэй» склаў рэйтынг беларускіх гарадоў, у якім даследчыкі прааналізавалі 40 самых буйных гарадоў Беларусі. Ва ўмовах моцных рэпрэсій, эканамічнага спаду, саўдзелу Беларусі ў расійскай вайне супраць Украіны канцэпцыя «найлепшага горада» хутчэй ператварылася ў «горад, куды можна перабрацца для лепшага жыцця, калі не хочаш эміграваць».

Як рабіўся рэйтынг

Нягледзячы на тое, што ўлады стрымліваюць свабоду гарадоў і канкурэнцыю паміж імі, гарады развіваюцца па-рознаму. Для выяўлення лідараў і аўтсайдараў «Цэнтр новых ідэй» вызначыў 13 паказчыкаў у чатырох катэгорыях: дэмаграфічная ўстойлівасць, стан эканомікі, якасць жыцця і грамадска-палітычныя практыкі.


«Вышэйшая ліга» і «Усходняя бездань»

З часоў мінулага рэйтынгу спіс гарадоў «вышэйшай лігі» не змяніўся. Безумоўна, топавым горадам з'яўляецца Мінск, аднак Гродна і Брэст моцна апярэджваюць іншыя гарады. У іх больш лекараў, вышэйшыя заробкі, добры прырост насельніцтва.

У лік адсталых абласных цэнтраў традыцыйна патрапілі ўсходнія Гомель, Віцебск і Магілёў. У гэтых гарадах адносна нізкі прырост насельніцтва, існуюць праблемы з заробкамі і выкананнем бюджэтаў, але яны захоўваюць высокі ўзровень жыцця дзякуючы вялікай колькасці дактароў, студэнтаў і ўмеранай злачыннасці.

Пры гэтым у асобную падгрупу выдзяляюцца прадстаўнікі «паміраючай прамысловасці»: Бабруйск, Баранавічы і Барысаў. Для гэтых гарадоў характэрны даволі высокі паказчык заработнай платы, аднак па ўсіх іншых параметрах гэтыя населеныя пункты проста ідуць на дно — там вельмі мала лекараў і высокі ўзровень злачыннасці.


У катэгорыю «Усходняя бездань» трапілі раённыя цэнтры на ўсходзе Беларусі: Орша, Рэчыца, Светлагорск, Калінкавічы, Рагачоў, Горкі, Асіповічы, Крычаў. Гэтыя гарады вельмі розныя, напрыклад, у Рэчыцы (за кошт нафты) і ў Оршы (як у буйным транспартным вузле) сярэдні заробак вышэйшы, чым у большасці раённых цэнтраў. Адначасова гэтыя гарады знаходзяцца на значна ніжэйшым узроўні па якасці жыцця: праблемы з адукацыяй і медыцынай, слабая грамадская актыўнасць.

Год страху і безнадзейнасці

Каб ацаніць палітычную актыўнасць, даследчыкі параўналі даныя платформы «Голас» па ўдзеле гараджан у выбарах 2020 года (для рэйтынгу гарадоў 2021 года) і па ўдзеле ў кампаніі па рэферэндуме (для рэйтынгу-2022). Чакана карціна вельмі адрозніваецца: актыўнасць беларусаў упала ў дзесяць разоў.

Анамальнае амаладжэнне гарадоў

Даўно вядома, што беларусы — нацыя, якая старэе, і доля насельніцтва пенсійнага ўзросту павялічваецца з году ў год. Аднак у гэтым рэйтынгу мы назіраем зніжэнне долі пенсіянераў у кожным з даследаваных гарадоў. 


Гэтае зніжэнне досыць невялікае: у сярэднім 4-6 працэнтных пунктаў па кожным з гарадоў, аднак такая дынаміка, тым не менш, з'яўляецца незвычайнай. Мы мяркуем, што гэтае зніжэнне — ускосны паказчык уплыву эпідэміі кавіда на беларусаў. Калі казаць прама, то, як вядома, смяротнасць ад кавіда значна вышэйшая сярод людзей сталага ўзросту. А калі мы назіраем такую незвычайную дынаміку, то, хутчэй за ўсё, яна з'яўляецца наступствам нейкай знешняй падзеі. І кавід тут — найбольш лагічнае тлумачэнне.

Азнаёміцца з рэйтынгам беларускіх гарадоў-2022 можна тут.