Беларусь у сусветным індэксе шчасця паднялася на 10 пазіцый. Але ёсць нюанс

Усё больш навукоўцаў згаджаюцца з тым, што ацэнкі на аснове ВУП, заробкаў або выпуску прадукцыі не заўсёды адэкватна адлюстроўваюць жыццё ў той ці іншай краіне. Сусветны індэкс шчасця — адна з альтэрнатыўных спроб, заснаваная на ацэнцы рэспандэнтамі ўласнага жыцця.

3840x.webp


Індэкс шчасця вывучае суб'ектыўны дабрабыт — гэта ацэнка жыцця, станоўчыя і адмоўныя эмоцыі, адзначае тэлеграм-канал «Нашы грошы». Таксама гэты рэйтынг улічвае розныя даныя, якія спрыяюць тлумачэнню ацэнак жыцця: ВУП на душу насельніцтва, сацыяльная падтрымка, чаканая працягласць здаровага жыцця, свабода, шчодрасць і карупцыя…

Па выніках мінулага года самай шчаслівай краінай прызнана Фінляндыя. На другім і трэцім месцы Данія і Ісландыя. Фінляндыя не першы год трымае лідарства, і таму ёсць нямала прычын. Краіна вызначаецца высакакласнымі службамі сацыяльнай падтрымкі, нізкай злачыннасцю і высокім узроўнем даверу да ўлад.

Крытыкі такога першынства кажуць пра адначасова высокі ўзровень алкагалізму і самагубстваў у Фінляндыі, аднак не ўлічваюць паспяховасці дзяржаўнай палітыкі, якая дазволіла краіне ўдвая скараціць згаданыя негатыўныя паказчыкі.

Беларусь у рэйтынгу 2022 года заняла 65 пазіцыю. Гэта на 10 пазіцый вышэй за папярэдні паказчык.

Расія заняла 80 пазіцыю, Украіна — 98-ю. Куды вышэйшыя пазіцыі нашых еўрапейскіх суседзяў: Літва заняла 34 месца, Латвія — 42-е, Польшча — 48-е. У папярэднім рэйтынгу Расія была на 76 пазіцыі, Украіна на 110 месцы, Літва, Латвія і Польшча былі адпаведна на 38, 51 і 44 месцах.

Прагрэс Беларусі, нібыта, у наяўнасці. Выходзіць, санкцыі робяць нас не толькі мацнейшымі, але і больш шчаслівымі? На жаль, не.

Адказ на рост пазіцыі краіны ў рэйтынгу шчасця просты — Беларусь ацэньвалі па выніках апытання 2019 года.

Калі б даследчыкі атрымалі актуальныя звесткі, вынік, хутчэй за ўсё, быў бы зусім іншым.

А наколькі вы адчулі сябе больш шчаслівым з 2019 года? Напішыце ў каментарах у нашых сацыяльных сетках!