Кныровіч: Плаціць IT-распрацоўшычкам з Беларусі цяпер сорамна

Спадзявацца, што раптам з'явяцца нейкія вар'яты, якія захочуць рэгістраваць у Беларусі сур’ёзныя кампаніі, якія будуць трымальнікамі праграм і правоў інтэлектуальнай уласнасці, не даводзіцца.

16686820412b60fee4_357f_4179_85ef_e285bce99cf7_800x533.jpg

Сёння Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях развіцця Парку высокіх тэхналогій. Сярод іншага ён сказаў, што IT-спецыялісты, якія з'ехалі раней, вяртаюцца працаваць у Беларусь, а ў ПВТ рэгіструюцца новыя рэзідэнты, якія асвойваюць новыя рынкі.

— За тры кварталы — 9 месяцаў гэтага года — экспарт парку наблізіўся да 2 мільярдаў долараў, я гэтага не чакаў. Я думаў, вы там ужо разбегліся па закутках планеты. Трохі гэта менш, чым у мінулым годзе. Але, тым не менш, гэта высокі ўзровень. Але гэта тры кварталы. Год — чатыры квартала. Паглядзім, як вы спрацуе ў чацвёртым квартале, — прыводзіць БЕЛТА словы незмяняльнага кіраўніка Беларусі.

«Салідарнасць» пацікавілася ў бізнесоўца Аляксандра Кныровіча, ці сапраўды ў сектары ПВТ усё так, як распавядае Лукашэнка.

— Сітуацыя выглядае так: па-першае, з парку сышлі ўсе «адзінарогі» — гэта значыць, адтуль масавы адток кампаній, якія вызначалі твар ПВТ. Па-другое, у нас ідзе скарачэнне галіны IT на дзясяткі тысяч чалавек, дакладна ацаніць вельмі цяжка, бо гэта працяглы працэс.

Ускоснай ацэнкай з'яўляецца колькасць віз «Poland Business Harbour» — польскай праграмы, якая ў асноўным нацэленая на IT-спецыялістаў. Там ужо 53 тысячы віз, больш за дзесяць тысяч з якіх былі выдадзены за апошнія тры месяцы. Тут трэба разумець, што наш увесь сектар складаў 120 тысяч чалавек.

Прамой хлуснёй эксперт называе таксама тое, што два мільярды долараў экспарту за дзевяць месяцаў — гэта крыху менш, чым у мінулым годзе і, паводле слоў Лукашэнкі, таксама высокі ўзровень.

— За мінулы год было 3,2 мільярда долараў, гэта азначае, што за дзевяць месяцаў павінна было быць 2,4 мільярда, а мы не дацягнулі нават да двух. Гэта падзенне на 20%, што для любой галіны з'яўляецца катастрофай. Пры гэтым трэба памятаць, што два месяцы ў нас былі яшчэ даваенныя, а працэс сыходу кампаній доўгі.

Калі казаць пра перспектывы працы ПВТ, а менавіта пра тых новых рэзідэнтаў, якія, са слоў Лукашэнкі, рэгіструюцца ў ПВТ, ствараюць свае прадукты і асвойваюць новыя рынкі, то Кныровіч не выключае: такое сапраўды можа быць, але наўрад ці гэта сур'ёзныя кампаніі.

— Праблематыка ПВТ была ў тым, што гэта вельмі добры спосаб для працы на аўтсорсінгу, але зусім ніякі, каб трымаць там галаўныя кампаніі, якія валодаюць правамі на прадукт, таму што як мінімум гэта зніжае кошт кампаніі, як максімум — робіць немагчымым куплю-продаж кампаніі і г. д.

Спадзявацца, што сёння тэндэнцыя зменіцца, і раптам з'явяцца нейкія вар'яты, якія захочуць рэгістраваць у Беларусі менавіта кампаніі, якія будуць трымальнікамі праграм, правоў інтэлектуальнай уласнасці, — не даводзіцца.

Гэта можа быць нейкая дробязь, якая не разумее, дзе яна аказалася. Ніякая сур'ёзная кампанія, вядома ж, не прыйдзе. То-бок,  будуць заставацца нейкія падраздзяленні выключна распрацоўшчыкаў.

Пытанне, што самі па сабе ўмовы ў ПВТ цалкам прыстойныя, і тое, што ёсць яшчэ непалоханыя грамадзяне з Расіі і іншых краін, для якіх правы чалавека і судовыя справы не з'яўляюцца перашкодай, — дык яны заўсёды ёсць. Людзі інвестуюць і ў Кітай, і ў Паўночную Карэю.

Нейкія новыя ўдзельнікі ў ПВТ сапраўды будуць, але страчаныя кампаній, якія каштавалі мільярды і, самае галоўнае, страчаны імідж, — а гэта значна даражэй, чым нейкі набытак. Сярод сваіх знаёмых IT-прадпрымальнікаў я назіраю, што проста плаціць Беларусі за распрацоўку — гэта цяпер сорамна.