Кіраўнік «Альтэрнатывы» пакараны штрафам
Сёння, 25 лістапада, суд Ленінскага раёна горада Мінска аштрафаваў Алега Корбана на 40 базавых велічыняў за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 10 лістапада ў падземным пераходзе па праспекце Ракасоўскага.
Лідар грамадскага аб'яднання «Альтэрнатыва» (рэгістрацыя ў Латвіі) Алег Корбан аштрафаваны на 40 базавых велічыняў (840 рублёў) на падставе часткі 1 артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 10 лістапада бягучага года. Такое рашэнне 25 лістапада прыняў суддзя суда Ленінскага раёна горада Мінска Андрэй Камушкін.
Сваю віну Алег Корбан не прызнаў. Ён растлумачыў на судзе, што дзеянні ўдзельнікаў дадзенай акцыі абапіраюцца на артыкул 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая гарантуе права на мірныя сходы, шэсці і пікетавання, якія не парушаюць грамадскі правапарадак. Таксама грамадскі актывіст адзначыў, што сёння ў краіне ў беларускіх грамадзян практычна няма шанцаў атрымаць санкцыю уладаў на правядзенне падобных акцый, таму актывісты вымушаныя дзейнічаць без такога дазволу нягледзячы на магчымыя наступствы.
Нагадаем, 10 лістапада ў падземным пераходзе па праспекце Ракасоўскага ў Мінску, актывісты «Альтэрнатывы» правялі флэшмоб — была вывешаная 5-метровая расцяжка «Новае пакаленне выбірае свабоду!», бел-чырвона-белы сцяг, малюнак герба «Пагоня». Працэс мерапрыемствы праходзіў пад песні «Ляпіса» — побач з транспарантам была ўсталяваная партатыўная калонка з музыкай. Акцыя доўжылася 15 хвілін, пакуль не прыбыў міліцэйскі патруль. Праз некалькі дзён, па месцы жыхарства Корбана прыехалі супрацоўнікі міліцыі, якія запрасілі яго ў Ленінскае РУУС для складання адміністрацыйнага пратаколу.
Пастанову суда Ленінскага раёна горада Мінска лідар "Альтэрнатывы" абскардзіць у вышэйшай інстанцыі не плануе. "Не бачу сэнсу", — тлумачыць Корбан.
Паводле прэс-службы ГА "Альтэрнатыва"