КДБ «дараваў» Віцы Біран фота з плакатам?

Cуд Ленінскага раёна г. Мінска спыніў адміністрацыйную справу па ч. 1 арт. 23.34 КаАП супраць ЛГБТК-актывісткі Вікі Біран за фота з плакатам "Самі вы падробка" каля будынку КДБ.

vika_biran_2.jpg

Суддзя Марына Грамовіч разгледзела справу 30 ліпеня і ўстанавіла, што пратакол за "несанкцыянаваны пікет" у дачыненні да Вікі Біран быў складзены 4 чэрвеня, у суд справа паступіла 27 ліпеня, а само правапарушэнне было здзейснена 24 мая. Тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці скончыўся яшчэ 22 ліпеня.

На падставе гэтага суд прыйшоў да высновы аб спыненні вытворчасці па справе супраць Вікі Біран.

Нагадаем, 16 ліпеня адбыўся разгляд справы ў судзе Цэнтральнага раёна г.Мінска. Тады суддзя Вікторыя Шабуня палічыла актывістку вінаватай у парушэнні правядзення масавага мерапрыемства — трохсекунднага фатаграфавання з плакатам каля будынку МУС, і аштрафавала яе на 15 базавых велічынь. Аналагічнае рашэнне 23 ліпеня вынес і суд Маскоўскага раёна (суддя Таццяна Мотыль) — 15 базавых велічынь. Віка Біран падала скаргі на рашэнне судоў. Тым часам на краудфандынгавай платформе "Талака" спачуваючыя ўжо назбіралі больш за 900 рублёў, каб пакрыць штраф актывісткі.

Як раней паведаміла Віка Біран на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, суды Маскоўскага, Ленінскага і Цэнтральнага раёна г. Мінска адправілі на дапрацоўку ў адпаведныя РУУСы ўсе тры пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні нібыта за правядзення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства — "адзіночнага пікета". Менавіта так былі ацэненыя супрацоўнікамі міліцыі фотаздымкі з плакатам "Самі вы падробка", якія актывістка зрабіла на фоне будынкаў МУС, КДБ і Дому Ураду 24 траўня.

Такім чынам Віка Біран выказала сваю нязгоду з артыкулам гамафобнага зместу пад назвай “Мы за сапраўднае”, які з'явіўся на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутранных спраў і ў якім дзяржорган непрыязна выказваўся пра людзей ЛГБТК+ і вясёлкавы сцяг, што амбасада Вялікабрытанія размясціла над сваім уваходам у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй — 17 траўня.

vika_biran.jpg

 spring96.org