Караліна Грушка пра ролю ў «Жыве Беларусь»: праблема была з націскамі

  Інтэрв’ю з польскай акторкай, якая грала дзяўчыну галоўнага героя — Веру Геніюш,  запісаў тэлеканал «Белсат».



22.jpg

• Караліна Грушка на здымачнай пляцоўцы. Фота belsat.eu

Караліна Грушка замужам за расейскім рэжысёрам Іванам Вырыпаевым і цяпер жыве ў Маскве. Сцэнар фільму «Жыве Беларусь» ёй спадабаўся, як і прапанаваная ёй: «Вера – тэмпераментная дзяўчына, тут ёсць што знайсці, ёсць што граць».

Акторка кажа, што праблемы з дэмакратыяй у Беларусі ёй блізкія, бо нагадваюць пра тое, як ад камуністычнага рэжыму пазбаўлялася Польшча. Гэтыя падзеі адбіліся на лёсе шмат каго з ейных сваякоў. «І думаю, што ў польскім народзе ёсць нешта такое, бо нам удалося гэта зрабіць <…> — дапамагаць тым народам, у якіх гэта толькі пачынаецца», — тлумачыць яна.
 


Дарэчы, зацікаўленасць нашаю краінаю пачалася раней за здымкі фільму: Караліна Грушка брала ўдзел у канцэртах «Салідарныя з Беларуссю», якія апошнім часам штогод праходзяць у Варшаве. Кажа, што вялікіх цяжкасцяў з беларускаю моваю ў яе не было, бо сама полька і свабодна размаўляе па-руску. Адзіную праблему складалі націскі, якія ў беларускіх словах адрозніваюцца ад польскіх і рускіх. Правільна расстаўляць акцэнты яе вучыў Франак Вячорка, які, паводле спадарыні Грушкі, заўсёды на здымках быў побач.

Паводле суразмоўцы, фільм — значная падзея для беларусаў; важна паказаць яго не толькі ў Польшчы, але і ў іншых еўрапейскіх краінах, каб людзі на свае вочы пабачылі, што адбываецца ў Беларусі.


Найбліжэй да беларускай мяжы фільм можна будзе паглядзець у Беластоку. А пад лета ён, магчыма, з’явіцца ў інтэрнэце.


belsat.eu