Кандыдаты размяшчаюць свае выступленні незаконна — Белтэлерадыёкампанія
Размяшчэнне ў інтэрнэце кандыдатамі іх перадвыбарных выступленняў, паказаных да гэтага па тэлебачанні, незаконнае, гаворыцца ў каментарыі, распаўсюджаным 19 жніўня прэс-службай Белтэлерадыёкампаніі.
"Не прайшло і трох дзён з пачатку трансляцыі выступленняў кандыдатаў у дэпутаты ў эфіры тэлеканала "Беларусь 3" Белтэлерадыёкампаніі, а некаторыя з кандыдатаў ужо выказалі незвычайную вынаходлівасць у сферы сваёй агітацыі, — сказана ў каментарыі. — Асобныя ўдзельнікі перадвыбарнай гонкі наогул вырашылі папіярыцца за кошт працы медыяхолдынга, размясціўшы выступ, прафесійна запісаны работнікамі БТ, у інтэрнэце, пры гэтым не атрымаўшы дазвол на гэты крок ва ўласніка відэаматэрыялу, якім з'яўляецца Нацыянальная тэлерадыёкампанія Беларусі, а ў далейшым яшчэ і абвінаваціўшы яе ў блакаванні незаконна размешчанага кантэнту".
"Лічым, што чалавек, не далёкі ад тэлебачання, выдатна ведае, што бывае ў выпадку незаконнага выкарыстання чужых відэаматэрыялаў. У іншым жа выпадку яму, роўна як і іншым патэнцыйным народным абраннікам, якія лічаць сябе здольнымі займацца заканатворчасцю ў парламенце, неабходна азнаёміцца з вялікімі прапіснымі ісцінамі дзейнага заканадаўства", — мяркуюць на БТ.
Верагодней за ўсё, гаворка ідзе пра ролік з выступам кандыдата ў дэпутаты, рэжысёра і актывіста Аб'яднанай грамадзянскай партыі Юрыя Хашчавацкага, размешчанага напярэдадні на Youtube, а 19 жніўня выдаленага з сэрвісу, хутчэй за ўсё, на падставе звароту праваўладальніка.
"Лічым таксама, што шырокія магчымасці сучасных медыя, у тым ліку інтэрнэту і сацсетак, дазваляюць любому з кандыдатаў у дэпутаты размяшчаць самастойна створаныя відэа-, аўдыя- і іншыя матэрыялы агітацыйнага характару", — працягнулі ў Белтэлерадыёкампаніі.
Раней у прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі БелаПАН паведамілі, што тэлевыступы кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў не будуць транслявацца ў інтэрнэце, бо "гэта абумоўленае дакументамі ЦВК аб парадку выкарыстання кандыдатамі ў дэпутаты сродкаў масавай інфармацыі".
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН