Каля 1 600 падлеткаў выхоўваюцца ў клубах і цэнтрах беларускага казацтва

Каля 1 600 падлеткаў выхоўваюцца ў ваенна-патрыятычных клубах і цэнтрах беларускага казацтва, паведаміў паліткансультант Сяргей Марцэлеў на канферэнцыі “2014 год: Беларусь і рэгіён”, што адбылася з ініцыятывы Belarus Security Blog.



kazaki_vitebsk_20101030_09_450x300.jpg

У Віцебску прымаюць у казакі. Фота news.vitebsk.cc

Сярод вядучых ваенна-патрыятычных аб’яднаннаў такога кшталту, што дзейнічаюць пад патранатам Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы і беларускага казацтва, выступоўца назваў ваенна-патрыятычны цэнтр “Казачий Спас” у Мінску, інструктарамі якога з’яўляюцца расійскія вайскоўцы.

Апроч малебнаў, вывучэння гісторыі і традыцыяў Рускай праваслаўнай царквы, кадэтаў знаёмяць з практыкай рукапашнага бою, асновамі ваенна-прыкладной падрыхтоўкі і вядзення баявых дзеянняў малымі групамі ва ўмовах перасечанай мясцовасці, зазначыў Сяргей Марцэлеў.

На думку палітолага Сяргея Нікалюка, небывалае ў гісторыі Расіі сацыяльнае расслаенне і сацыяльная незадаволенасць, а таксама прапаганда ідэі "Русского мира", якая сведчыць пра агонію расійскай цывілізацыі, прывялі да пошуку ўнутраных і знешніх ворагаў, стану рэзкай палітычнай узбуджанасці насельніцтва.

Прычым расійскае грамадства, што стала суб’ектам імперскай палітыкі, сёння само дыктуе сваю волю ўладам, якія страчваюць манаполію на насілле, падкрэсліў палітолаг.

На ягонае меркаванне, сёння расіянам закрываюць не рот, а вушы ў сітуацыі, калі ўпершыню ў сваёй гісторыі Расія кінула выклік усяму заходняму свету. Усё гэта  сведчыць пра пераход расійскага таталітарызму ў неататалітарым. І сёння вельмі актуальна, наколькі ідэі неататалітарызму прыжывуцца ў Беларусі, сказаў Сяргей Нікалюк.