«Калі сёння Брэсту і Гродна нічога не пагражае, то можа пачаць пагражаць, калі там наставіць ракет»

Аналітык і заснавальнік «Моцных навінаў» Пётр Кузняцоў у сваім тэлеграм-канале разважае, наколькі небяспечная сёння ваенная рыторыка афіцыйнага Мінска, і ў якіх умовах Брэст можа аказацца пад ударам войскаў NATO.

media9_2_1_1_1_1.jpg


Стала вядома, што ў ЗША такі прынята рашэнне аб пастаўках Украіне ракетных сістэм залпавага агню, толькі... без ракет, якімі можна біць на далёкасць, дастатковую для ўдараў углыб расійскай тэрыторыі.

Гэта вельмі цікавы момант, паколькі ён мае не толькі ваеннае, але і істотнае сімвалічнае, а таксама практычнае палітычнае значэнне. Украіна ўжо неаднаразова падкрэслівала выключна абарончы характар сваіх баявых дзеянняў. Гэтым, у прыватнасці, тлумачылася адсутнасць намераў і планаў наносіць удары па цэлях на тэрыторыі РБ. Цяпер гэтую ж лінію мы бачым ужо ў выкананні ЗША, у чыстым выглядзе «не словам, а справай».

Як гэта часта (ужо практычна заўсёды) бывае ў апошні час, рэальнасць ну вельмі разыходзіцца з карцінамі, якія малюе спажыўцам прапаганда. Напрыклад, сюжэт пра нібыта наяўныя ў падступнай Польшчы планы захапіць як Заходнюю Украіну, так і Заходнюю Беларусь, блукае па нашай інфармацыйнай прасторы яшчэ з 2020 года, а не так даўно стаў і адным з наратываў прапаганды маскоўскай. Пры гэтым у расійскіх СМІ часцяком яшчэ не лянуюцца, і дадаюць рысачку: палякі, маўляў, самі на такое не вырашацца, кішка тонкая, а вось пры падтрымцы амерыканцаў…

Амерыканцы, як нам даўно вядома, вінаватыя ва ўсім дрэнным, што адбываецца ў Расіі і амаль ва ўсім, што ў Беларусі. Аднак, як паказвае кейс з пастаўкамі РСЗА, не хочуць быць вінаватымі ў ваенных разбурэннях. Вельмі дзіўна для тых, хто думае выключна тэлевізійным малюначкам, але — як ёсць.

Тэма ж пра злых палякаў-імперыялістаў вельмі папулярная яшчэ і таму, што, у адрозненне ад амерыканцаў, яны — блізка. Палохаць абывацеля чынам захопнікаў-янкі — гэта гісторыя для глыбіннай прапаганды, накіраванай на фарміраванне светапогляду. Для больш аператыўных задач трэба нешта больш блізкае і зразумелае. Таму, цалкам можна выказаць здагадку, што сюжэт будзе запатрабаваны прапагандыстамі яшчэ даволі доўга.

Пакуль жа на некаторых сайтах яны смакуюць абмеркаванне таго, як далёка ў глыб польскай тэрыторыі змогуць біць ракеты «Іскандэраў», набытых афіцыйным Мінскам, калі размеціць іх у Брэсце. Цікавы абарот, з улікам відавочнай рэальнасці, якая пацвярджаецца амерыканскай палітыкай паставак — Захад не спрабуе наносіць шкоду тэрыторыям ні Расіі, ні, тым больш, Беларусі.

Праблема ж у тым, што размяшчэнне ракет у Брэсце і абстрэл імі ўсёй тэрыторыі Польшчы, як пра тое мараць прапагандысты — гэта не пра абарону гісторыя зусім. Гэта — пра буйнамаштабны ваенны канфлікт, у якім Брэст будзе адносна надзейным тылам, таму што пускавыя ўстаноўкі ракет не змяшчаюць на перадавой, якую атакуе вораг. Гэта значыць, прапагандысты і самі разумеюць, што калі б Польшча раптам і вырашыла напасці, то той самы няшчасны Брэст яна атакавала б першай, і лёс «Іскандэраў» мог бы вельмі нагадваць лёс савецкіх самалётаў у 1941, спаленых прама на аэрадромах. Але, разумеючы, усё ж працягваюць шпігаваць сваю публіку малюнкамі, якія маюць вельмі мала агульнага з рэальным жыццём.

Сённяшняя ж рэальнасць такая, што пакуль расійскія сілы ва Украіне атакуюць Севераданецк, украінскія войскі вызвалілі шэраг населеных пунктаў у Херсонскай вобласці і працягваюць там контрнаступальную аперацыю — таксама сённяшнія навіны. Гэта сведчыць як мінімум пра тое, што нават у межах абмежаванага ўчастка ваеннай актыўнасці на Данбасе ў Расіі недастаткова рэсурсаў для паўнавартаснага і раўнамернага размеркавання іх па ўсіх раёнах супрацьстаяння.

У такім становішчы мроіць аб войнах з краінамі NATO можна хіба толькі для падтрымання тонусу абывацеля. У такіх хлопцаў малюнак і жыццё даўно зліліся разам і, слава Богу, у Беларусі іх нашмат менш, чым у Расіі.

Для нас жа практычнае значэнне павінна мець толькі тое, што, калі ў дадзены момант ні Брэсту, ні Гродна нічога канкрэтнага ў рэальнасці не пагражае, то вельмі нават можа пачаць пагражаць, калі там наставіць ракет і пачаць імі паліць на захад. Дзякуй Богу, пакуль усё гэта выглядае толькі як прапагандысцкія гульні.

Але заўсёды трэба мець на ўвазе, што гуляць з такімі рэчамі — смяротна небяспечна.