«Калі людзі не могуць простымі словамі распавесці пра свой занятак — яны не ведаюць тэмы»
На гэтым тыдні ў Беларусі ўпершыню праходзіць Barcamp — від нефармальнай канферэнцыі, дзе спікеры самі ствараюць фармат і праграму мерапрыемства. Barcamp уключае некалькі імпрэз, і іх адметнасць у тым, што даследчыкі з розных галін навукі распавядаюць пра свае напрацоўкі ў крэатыўных гарадскіх прасторах і барах.
Аўтар ідэі Barcamp’а Грэгар Бюнінг жыве ў Берліне і працуе ў сферы навуковай камунікацыі. Ён ладзіць такія міжнародныя канферэнцыі па ўсім свеце. Яны праходзяць у Германіі, Амерыцы, Расіі, Украіне, і сёлета ўпершыню — у Беларусі. «Новы Час» не абмінуў магчымасць распытаць замежнага госця пра такі незвычайны спосаб папулярызацыі навукі.
— Грэгар, раскажыце, як з’явілася ідэя правесці Barcamp у Беларусі?— Мэта Barcamp’а — камунікацыя і абмен досведам паміж людзьмі, якія займаюцца рознымі галінамі навукі ў форме крэатыўнай спантаннай канферэнцыі. У мінулым годзе я ўжо быў у Беларусі і таксама арганізоўваў варкшопы, і тады ўзнікла ідэя зладзіць тут Barcamp. З 2010 года я арганізую Science slam (батл вучоных, падчас якога кожны з іх сцісла распавядае пра свае дасягненні, а потым гледачы вызначаюць пераможцу. — НЧ), з 2011 года гэта мерапрыемства стала міжнародным, у 2012 годзе яно ўпершыню прайшло ў Расіі, і з мінулага года мы працуем у Беларусі. Для нас вельмі важна тое, што мы падтрымліваем сувязь паміж людзьмі, якія займаюцца навукай у розных краінах і галінах.
— Як фармуецца праграма канферэнцыі, ці ёсць тут нейкія правілы?— У кожнага Barcamp’а ёсць свая тэма — медыя, ІТ і іншыя. Калі ты хочаш паўдзельнічаць у Barcamp’е, ты шукаеш людзей, якія працуюць у нейкай з тэм. Важна, каб кожны з удзельнікаў канферэнцыі мог і хацеў падзяліцца сваім навуковым досведам з іншымі. Але ёсць адно істотнае правіла: тут не можа быць ніякіх «турыстаў». Гэта значыць, што кожны чалавек, які бярэ ўдзел у Barcamp’е, павінен быць актыўным. Не абавязкова ён павінен ладзіць варкшоп, але ён павінен быць зацікаўленым.
— У Беларусі навука — гэта нешта сур’ёзнае, як можна перамясціць яе з лабараторыі ў бар? — Калі людзі не могуць простымі словамі патлумачыць, чым яны займаюцца, значыць, яны насамрэч не ведаюць сваёй тэмы. Людзі павінны ўмець распавесці пра гэта сваімі словамі. І няма нічога небяспечнага ў тым, каб навука была ў барах, бо такім чынам мы стымулюем іх наведвальнікаў слухаць пра яе. Мы выбудоўваем сувязі паміж людзьмі і навуковай супольнасцю, якія немагчыма пабудаваць на звычайнай канферэнцыі. (У гэты час зала бара «Жеваный крот» на Зыбіцкай, дзе ладзілася адно з мерапрыемстваў Barcamp’а і паралельна праходзіла размова з Грэгарам, выбухнула апладысментамі. — НЧ). Гэта можна пачуць, калі людзям сапраўды спадабалася прэзентацыя!
Даведка НЧ:Удзел у мінскім Barcamp ‘е бяруць маладыя даследчыкі, журналісты і арганізатары з Беларусі, Германіі, Украіны і Расіі, якія займаюцца альтэрнатыўнымі адукацыйнымі праектамі і жадаюць падзяліцца сваім досведам. Сярод мерапрыемстваў Barcamp’а — Science Pub Quiz, які сабраў аматараў камандных інтэлектуальных гульняў, Science Bar Hopping, падчас якога ў некалькіх барах выступалі спікеры з навукова-папулярнымі тэмамі. А 6 кастрычніка ў прасторы ОК 16 пройдзе Science Slam — заключнае адкрытае мерапрыемства, якое ўяўляе сабой батл навукоўцаў, што на працягу 10 хвілін прэзентуюць вынікі сваіх даследаванняў, а гледачы апладысментамі выберуць лепшага спікера.
Мерапрыемствы ладзяцца пры падтрымцы Brains and Bridges e. V. і Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі сумесна з Цэнтрам выяўленчага і медыя мастацтва «Новая культурная ініцыятыва», а таксама пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Германіі.