Каханне праз краты: як праходзяць вяселлі ў беларускіх СІЗА
Кветкі, пярсцёнкі, усмешкі і слёзы — амаль звычайныя вясельныя фота, толькі нявеста на іх адна і сустракаюць яе не ў ЗАГСе, а ля турэмнай брамы. Жонкі беларускіх палітвязняў распавялі DW пра свае вяселлі ў СІЗА.
«У пакоі, куды мяне прывялі, была клетка метр на метр, Міша сядзеў у ёй. Потым яго выпусцілі, дазволілі стаць побач. Ён не чакаў, што я буду такая прыгожая», — распавядае Валерыя Латош. Нядаўна яна выйшла замуж за палітвязня Міхаіла Юдзіна пасля 15 гадоў сумеснага жыцця.
«У лютым я змагла патрапіць да яго на спатканне. Мы размаўлялі, ён глядзеў на мяне закаханымі вачыма, а потым сказаў: "Выходзь за мяне замуж"», — успамінае жонка палітвязня Віктара Панцялеева Яўгенія. Маладыя людзі аднавілі стасункі пасля затрымання Віктара ў жніўні 2020 года, а сёлета вясной ажаніліся. Яўгенія і Валерыя падзяліліся з DW сваімі гісторыямі, распавялі, як праходзіць вяселле ў беларускім СІЗА і чаму яны адважыліся на такі крок.
Падчас цырымоніі «мы павінны трымацца на адлегласці метра адно ад аднаго»
«Супрацоўніца СІЗА папярэдзіла мяне, што мы з Віцем павінны трымацца на адлегласці метра адно ад аднаго, не цалавацца, не абдымацца. У мяне ад гэтага — адразу слёзы. Я думала, што я хоць бы змагу абняць яго, дакрануцца. Гэтая думка падбадзёрвала і супакойвала, — успамінае цырымонію шлюбу ў брэсцкім ізалятары Яўгенія Панцялеева. — Пасля двух КПП мяне прывялі ў невялікае памяшканне з абразамі, у так званы "пакой святара" (дзе павінна была адбыцца рэгістрацыя шлюбу. — Рэд.). Мы чакалі Віцю хвілін дзесяць, і яны падаліся мне вечнасцю. Калі ён увайшоў, мы абодва былі разгубленыя, таму што вельмі хацелі адно аднаго абняць».
Яўгенія пабралася шлюбам з палітвязнем Віктарам Панцялеевым 27 красавіка. Яго затрымалі 18 жніўня мінулага года ў рамках крымінальнай справы аб «масавых беспарадках» у Брэсце пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, а 21 траўня прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
«Магчыма, калі б Віця не трапіў у гэтую сітуацыю, мы б не зразумелі, што сапраўды адно аднаго кахаем, не адважыліся б ажаніцца», — кажа Яўгенія. Маладыя людзі былі разам чатыры гады, але ў траўні 2020 рассталіся. Аднавілі стасункі ўжо пасля затрымання Віктара — Яўгенія стала пісаць яму ў СІЗА. «Спачатку ён пісаў, што хутка будзе дома, была надзея, што яго адпусцяць. У лютым я змагла патрапіць да яго на спатканне. Мы размаўлялі, ён глядзеў на мяне закаханымі вачыма, а потым сказаў: "Выходзь за мяне замуж"», — дзеліцца Яўгенія.
«Вяселле ў СІЗА — гэта актуальна, па-беларуску»
Дзяўчына спачатку трохі сумнявалася, а потым зразумела, што «вяселле ў СІЗА — гэта актуальна, па-беларуску», і пагадзілася. Яўгенію падтрымалі родныя і сябры, а таксама сваякі іншых палітвязняў і людзі, якія самі прайшлі праз затрыманні. «У дзень вяселля мяне падтрымала мама палітвязня Алена Тур. Мне бясплатна зрабілі вельмі прыгожы букет. Сукенку набыла, прычоску рабіла дзяўчынка, якая таксама сядзела на "сутках". Мне дапамагалі людзі, якія трапілі ў такую ж сітуацыю».
Паводле слоў суразмоўніцы, сама цырымонія шлюбу доўжылася не больш за 10 хвілін, увесь гэты час Яўгенія глядзела на Віктара і нават не чула, што казала рэгістратарка: «Трымалася, каб не плакаць перад работнікамі СІЗА, але мяне трэсла. Калі я выйшла за браму, убачыла маму Марыны Глазавай, якая праходзіць па "карагоднай справе", бацькоў Давіда Збаранскага, непаўналетняга хлопчыка, якога абвінавачваюць па такім жа артыкуле, як і Віцю (ч.2 арт. 293 КК РБ «Удзел у масавых беспарадках». — Рэд.). Нават у таты Давіда на вачах былі слёзы. Я таксама расплакалася».
Пасля вяселля ў маладых было яшчэ два спатканні, затым Яўгенія з'ехала з Беларусі, баючыся пераследу з боку сілавікоў, а Віктара адправілі адбываць пакаранне ў адну з калоній. Дзяўчына не губляе надзеі на хуткае вызваленне мужа. «Я ні з кім не буду такая шчаслівая, як з Віцем. Некаторыя людзі шукаюць сваё шчасце шмат гадоў, а яно ў мяне побач. Чаму я павінна ад яго адмаўляцца? Калі любіш, любая праблема вырашаецца значна прасцей», — упэўненая суразмоўца.
«Было пачуццё свята, хай і сумнага»
Валерыя Латош з Гродна таксама верыць, што яе муж, палітвязень Міхаіл Юдзін, хутка выйдзе на волю. Міхаіла затрымалі на вачах у Валерыі 27 верасня мінулага года. Яго абвінавацілі па арт. 364 КК («Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі») і прысудзілі да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Сам Міхаіл віну не прызнаў і распавядаў у судзе, што ён з Валерыяй прыехаў у кінатэатр і перад сеансам вырашыў зайсці ў бар. На вуліцы мужчына ўбачыў, што людзі «ў чорнай вопратцы» цягнулі чалавека, а гараджане разбягаліся з прыпынку. Міхаіл спытаў: «Што вы робіце?» У адказ яму пырснулі з газавага балончыка ў твар і затрымалі. У аўтобусе АМАПа яго ўдарылі ў плечы гумовай дубінкай і паклалі на падлогу.
«Я не думала, што ўсё будзе так сур'ёзна, але на волю ён так больш і не выйшаў, хоць мы і прасілі змяніць меру стрымання», — распавядае Валерыя. Міхаіл і Валерыя разам ужо шмат гадоў, у іх дзве дачкі, але штамп у пашпарце з'явіўся нядаўна: «Калі пачынаецца побыт, ужо не да святаў, стараешся эканоміць. Мы лічылі, калі трэба будзе, пажэнімся. Хоць прапанову Міша зрабіў яшчэ ў пачатку адносін».
Пара вырашыла ажаніцца пасля таго, як Міхаілу Юдзіну вынеслі прысуд. Гэта было проста неабходна, адзначае Валерыя: толькі блізкія сваякі могуць атрымліваць спатканні і рабіць перадачы ў калонію.
Цырымонія прайшла ў гродзенскім СІЗА 5 траўня. «Напярэдадні многія людзі напісалі, што хочуць пасля павіншаваць мяне, Значыць, трэба прыстойна выглядаць. Я купіла строй і пярсцёнкі, мая былая аднакласніца мяне нафарбавала, прычоску дзяўчынкі зрабілі. У пакоі, куды мяне прывялі, была клетка метр на метр, Міша сядзеў у ёй. Потым яго выпусцілі, дазволілі стаць побач. Ён не чакаў, што я буду такая прыгожая. Я адразу "прыліпла" да яго», — успамінае Валерыя і кажа, што, нягледзячы ні на што, у яе было пачуццё свята, хай і сумнага.
Ёй адной з двума дзецьмі бывае няпроста, да таго ж, у студзені Валерыя страціла працу юрыста ў паліклініцы: з ёй не працягнулі кантракт з-за выхаду з прафсаюза. Нядаўна жанчына ўладкавалася мерчандайзерам. Валерыя кажа, што, як ні дзіўна, у сітуацыі, якая склалася, вялікую падтрымку ёй аказалі чужыя людзі: «Калі казаць пра маіх сяброў, то многія адпалі, я нават не чакала. Я адчула салідарнасць ад чужых людзей: пішуць у сацсетках, прапануюць дапамогу. Напрыклад, прывезлі вядро трускалак — гэта было прыемней, чым калі б мне тысячу долараў далі. Нядаўна нам і сем'ям іншых палітвязняў мясцовы блогер арганізаваў паход у парк забаў, усе былі шчаслівыя. Адразу кажу дочкам, што пра гэта трэба расказаць тату, і яны напісалі Мішу лісты».