«Каб выбары прайшлі сумленна, гэтага б нічога не было». Судзяць паштарку, распаўсюдзіўшую асабістыя звесткі міліцыянераў

У судзе Першамайскага раёна пачаўся разгляд справы Ларысы Танкашкур — паштальёнкі, якая апублікавала ў тэлеграме асабістыя дадзеныя 35 чалавек, сярод якіх апынуліся міліцыянеры, былы супрацоўнік МУС, ахоўнік Дэпартамента МУС, выкладчык Акадэміі МУС, распавядае «Наша Ніва».

img_4206_dzbb3.jpeg

Дзеянні жанчыны кваліфікавалі па першай частцы артыкула 179 Крымінальнага кодэкса (незаконны збор і распаўсюд звестак, якія складаюць асабістую ці сямейную таямніцу іншай асобы, без яе згоды, што прынеслі шкоду правам, сабодам і законным інтарэсам пацярпелага).

Разглядае гэтую справу суддзя Таццяна Ліннік. З 35 пацярпелых на першае паседжанне з'явілася шэсць.

Паводле матэрыялаў справы, Ларыса Танкашкур скарысталася службовымі паўнамоцтвамі: як паштарка яна мела доступ да звестак пра прыватнае жыццё 35 супрацоўнікаў МУС, што выпісвалі ведамасную газету «На страже». Іх імёны з месцамі жыхарства яна апублікавала ў раённым тэлеграм-чаце.

На судзе бок абвінавачвання агучыў, што публікацыя прыватных звестак прывяла да негатыўнага абмеркавання асоб пацярпелых у сацыяльных сетках, да пагрозы нармальнай камунікацыі з суседзямі, з’яўлення ў іх пачуцця небяспекі за ўласнае здароўе і блізкіх, за стан маёмасці. Акрамя таго, гэта падрывае іх рэпутацыю як супрацоўнікаў МУС.

— Нам у паштовую скрыню кідалі раздрукаваны 128 артыкул Крымінальнага кодэкса (Злачынства супраць бяспекі чалавецтва). Дзе гарантыя, што пасля да нас не прыйшлі б і не падпалілі дзверы? Гэта ўспрынялося як персанальная пагроза. Акрамя таго, у тэлеграм мне даслалі ананімную пагрозу, — агучыў адзін з пацярпелых, супрацоўнік Цэнтральнага РАУС.

На судзе жанчына часткова прызнала віну: яна пацвердзіла, што перапісала дадзеныя міліяцыянераў з картатэкі на пошце, але зрабіла гэта з мірнымі мэтамі, не жадаючы камусьці нашкодзіць.

— Мяне ўразіла, калі ў Лебядзіным разагналі дваравую сустрэчу мясцовых жыхароў. Тады, калі дзяўчынцы распылілі ў вочы газ. Мая нервовая сістэма не вытрымала, бо яна ў напружанні ўсе гэтыя месяцы пасля выбараў. Я напісала ў дваравы чат, прапанавала: можа, апублікаваць дадзеныя міліцыянераў, каб з імі маглі людзі пагутарыць? І пасля са мной звязаўся адміністратар канала, і я яму перадала ўсе дадзеныя. Я папрасіла не пагражаць нікому, я хацела, каб суседзі проста мелі магчымасць з імі пагаварыць. Ніякіх ідэалагічных і палітычных мэтаў тут не было.

Ларыса таксама адзначыла, што шкадуе міліцыянераў.

— Каб выбары прайшлі сумленна, гэтага б нічога не было. Мой бацька ваяваў не за тое, каб беларус збіваў беларуса. Каб зараз міліцыя збівала людзей, якія проста выйшлі папіць чаю. Міліцыянеры павінны былі стаць на бок людзей. Я сёмая ў сям’і, і нас ніколі бацькі не білі. А што адбываецца цяпер у краіне?

Ларыса ўжо паспела адсядзець 15 сутак нібіта за супраціў супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні. Яна была звольненая з пошты і цяпер працуе прыбіральшчыцай.

Па крымінальнай справе жанчыне пагражаюць грамадскія працы, ці штраф, ці арышт.