Яшчэ дзевяць адвакатаў пазбаўленыя ліцэнзій. Некаторыя выступалі абаронцамі ў «палітычных» працэсах

Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці правяла 3 лістапада чарговую атэстацыю адвакатаў, паведамляе прэс-служба Мінюста. Прайшлі яе не ўсе: дзевяць спецыялістаў страцілі ліцэнзіі, у тым ліку тыя, якія ўдзельнічалі ў «палітычных» працэсах.

sud_15_1.jpg

Так, па выніках атэстацыі камісія пастанавіла, што Людміла Асіеўская не можа выконваць свае абавязкі «з прычыны недастатковай кваліфікацыі». На сайце адвакатуры Беларусі паведамляецца, што стаж яе працы па спецыяльнасці — 29 гадоў.

Уладзіміра Ангельскага, Вікторыю Гулькову, Аляксандра Емяльяненка, Атары Жукава, Міхаіла Макарава і Насту Сагановіч пазбавілі ліцэнзій «у сувязі з ужываннем да адвакатаў дысцыплінарных спагнанняў у выглядзе выключэння з тэрытарыяльных калегій адвакатаў за здзяйсненне правін, несумяшчальных са званнем адваката».

Алена Грыбок, Сяргей Кішанёў і Дзмітрый Міроненка, як паведамляецца, таксама не маюць патрэбнай кваліфікацыі.

Як заўважыла «Л*стэрка», некалькі пазбаўленых ліцэнзіі адвакатаў ўдзельнічалі ў «палітычных» працэсах. Так, Уладзімір Ангельскі абараняў свайго калегу Віталя Брагінца, супраць якога, паводле інфармацыі праваабаронцаў, распачатая крымінальная справа «за ўдзел у пратэстах» і які прызнаны палітвязнем.

Сам Ангельскі ў пачатку верасня быў арыштаваны на 14 сутак нібыта за непадпарадкаванне міліцыі (артыкул 24.3 КаАП), паведамлялі правабаронцы.

Вікторыя Гулькова таксама была арыштаваная на 15 сутак і не выйшла на волю па заканчэнні гэтага тэрміну. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, яе затрымалі па справе аб распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). У «пакаянным» відэа яна казала, што «ажыццявіла рэпост экстрэмісцкіх матэрыялаў у тэлеграме і рэпост з канала «В*сна».

Мужа Гульковай Міхаіла Макарава таксама затрымалі ў верасні, як і яго калегу Анастасію Сагановіч. Нагадаем, яны былі аднымі з абаронцаў фігурантаў «справы дзесяці». Гаворка ідзе пра групу з 10 чалавек, якіх абвінавачвалі ў стварэнні і ўдзеле ў анархісцкіх групах «Рэвалюцыйнае дзеянне», «Народная самаабарона», «Революційна дія» з 2016 па 2020 гады і прысудзілі да пазбаўлення волі на тэрмін ад 5 да 17 гадоў.

Што тычыцца Макаравай і Сагановіч, то яны нібыта раскрылі дадзеныя сілавікоў і суддзі, звязаных са «справай дзесяці». Адзін з праўладных каналаў пісаў, што супраць адвакатаў распачатая справа аб разгалашэнні дадзеных следства (арт. 407 КК). Санкцыя артыкула прадугледжвае штраф ці арышт.

Таксама было заяўлена, што адвакаты нібыта ўдзенічалі ў пратэстах у жніўні 2020-га года.