Яшчэ аднаго жыхара Мінска асудзілі на тры гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэсце 9 жніўня
У судзе Цэнтральнага раёна 5 лістапада вынеслі прысуд Вадзіму Вінаградаву, якога абвінавачвалі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак за падзеі ў ноч на 10 жніўня, паведамляе «Вясна».
Ілюстрацыйны здымак.
Справу разглядала суддзя Юлія Густыр, бок дзяржаўнага абвінавачання прадстаўляў Цімафей Нічапарук.
Паводле абвінавачання, Вадзім Вінаградаў з мэтай выказвання
сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту прыняў сумесна з групай асобаў
удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў перыяд з 16.00 гадзін 9 жніўня
да 01.00 гадзін 10 жніўня 2020 года на скрыжаванні пр. Пераможцаў і пр. Машэрава
ў Мінску: гучна выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў воплескі рукамі, станавіўся ў
счэпку, неаднаразова адмовіўся выканаць законныя патрабаванні супрацоўнікаў
міліцыі, перашкаджаў руху грамадскага транспарту і нармальнаму функцыянаванню
прадпрыемстваў. Сваімі дзеяннямі абвінавачаны здзейсніў злачынства, адказнасць
за якое прадугледжаная ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Вінаградаў прызнаў сваю віну цалкам, у зробленым раскаяўся,
у судзе абараняў сябе сам. Да таго, як даведаўся аб распачынанні крымінальнай справы,
прыйшоў з яўкай з павіннай у ГУБАЗ, бо даведаўся пра затрыманне сябра, з якім
былі разам на фота.
У судзе Вінаградаў распавёў, што 9 жніўня каля 16 гадзін ён
схадзіў на ўчастак і прагаласаваў, пасля сустрэўся з сябрамі, чакалі каля
ўчастка папярэдніх вынікаў выбараў, а потым паехалі ў горад выказаць сваё
расчараванне: усе телеграм-каналы пісалі, што выбары сфальсіфікавалі. На
пытанні пракурора пагадзіўся, што паддаўся заклікам телеграм-каналаў. Да Стэлы абвінавачаны прыехаў каля 21 гадзін, там ужо было
шмат людзей, у іх былі ліхтарыкі, абстаноўка была ціхай і спакойнай, але
ўчастак каля Стэлы быў ачэплены супрацоўнікамі міліцыі, а рух транспарту ўжо
быў перакрыты супрацоўнікамі ДАІ. У нейкі момант міліцыянты сталі адціскаць
людзей, пратэстоўцы спускаліся да дарогі, у нейкі момант сталі падыходзіць
бліжэй адно да аднаго, каб засцерагчы сябе, хтосьці ўзяў кагосьці пад рукі,
але як такой счэпкі не было. Таксама людзі пляскалі ў далоні, выкрыквалі
лозунгі, у тым ліку «Жыве Беларусь». На праезную частку абвінавачаны
выйшаў не адразу, а толькі калі стала вельмі шмат людзей, і яны проста не
змяшчаліся на тратуары. Блакаваць рух транспарту Вадзім не збіраўся.
Калі выбухнула святло-шумавая граната, Вінаградаў спалохаўся
і ўцёк, пасля з'ехаў дадому.
У пісьмовых матэрыялах справы былі фота са СМІ і скрыншоты
старонак у сацыяльных сетках, якія тычацца масавага мерапрыемства з 9 на 10
жніўня, пратакол допыту, дзе сярод іншага Вінаградаў казаў, што знаходзіўся ў
тэлеграм-чаце «Беларусы», дзе было каля 20 удзельнікаў: абмяркоўвалі
беспарадкі, якія адбываліся ў краіне, і каардынавалі дзеянні па ўдзеле ў
пратэсным руху. На маршы абвінавачаны выходзіў каля чатырох разоў.
У спрэчках бакоў пракурор адзначыў, што змякчальнай
акалічнасцю з'яўляецца яўка з павіннай і наяўнасць малалетняга дзіцяці, прасіў
суд прызначыў Вінаградаву тры гады «хатняй хіміі». Абвінавачаны
сказаў, што яго пасыл быў мірны, ён проста хацеў выказаць меркаванне і ні ў
якім разе не хацеў прычыніць нейкую шкоду.
У выніку суд прызнаў Вадзіма Вінаградава вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 КК і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на тры гады.