Яшчэ 20 чалавек прызнаныя палітвязнямі. Хронікі рэпрэсій 23 верасня
Сёння праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі 20 чалавек. Гэта Дзмітрый Грышкевіч, Аляксандр Лыцін, Антон Ільін, Андрэй Хрышчановіч, Марыя Барысенка, Сяргей Тулінаў, Алег Слабуха, Дзмітрый Басько, Сяргей Цімошчанка, Андрэй Ярашэвіч, Гжэгаж Гавэл, Павел Кізюк, Святлана Мяцельская, Віктар Яскіч, Яўген Грук, а таксама Станіслаў Жарко, Міхаіл Сырыска, Яўген Дорахаў, Вольга Ціхановіч, Аляксандр Біндзей. Усяго на дадзены момант 1196 чалавек прызнаныя палітвязнямі.

Кіраўніца Саюза палякаў наведала ў калоніі Андрэя Пачобута і папрасіла Лукашэнку яго вызваліць
Анжаліка Борыс паведаміла, што «ад імя Саюза палякаў у Беларусі і ад сябе асабіста» напісала зварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай вызваліць Андрэя Пачобута, піша Zerkalo.io.
«Я таксама прасіла дазволіць сустрэчу з ім у калоніі, бо мы ўсе вельмі перажываем за ягонае здароўе. Сёння атрымала згоду і сустрэлася з Андрэем у калоніі ў Наваполацку», — паведаміла Борыс.
Паводле яе слоў, палітвязень «перадае ўсім — і знаёмым, і незнаёмым — самыя цёплыя прывітанні».
«Ён сказаў, што адчувае сябе псіхалагічна добра, атрымлівае неабходныя лекі і дзякуе ўсім за падтрымку і памяць. Паводле яго, Бог кожнаму вызначыць свой шлях. Андрэй таксама падкрэсліў, што Саюз палякаў у Беларусі створаны не для канфрантацыі, а для захавання польскай культуры і клопату пра яе», — распавяла Анжаліка Борыс.
Шматдзетнай былой палітзняволенай, хворай на анкалогію, не дазваляюць зрабіць важную аперацыю
Ірына Левіна — маці чатырох дзяцей, хворая на анкалогію. Яе жорстка затрымалі ў Мазыры на выхадзе з анкадыспансера. Яе змясцілі пад варту, але пазней адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
Увесь гэты час жанчына праходзіла абследаванні ў розных лякарнях. Гомельскія лекары вырашылі, што адзіны магчымы спосаб паратунку жыцця Ірыны — тэрміновая аперацыя перасадкі касцявога мозгу. Жанчына атрымала накіраванне ў Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. Аперацыя прызначаная на 7 кастрычніка.
Падрыхтоўчы і пасляаперацыйны перыяды, якія Левіна мусіць знаходзіцца ў лякарні, можа расцягнуцца на многія месяцы. Але цяпер, каб паехаць у Мінск Ірыне патрэбны дазвол ад следчага, які вядзе яе крымінальную справу.
Як паведаміла «Гомельскай Вясне» крыніца ў медычнай установе, такога дазволу Ірыне атрымаць не можа. І таму яна ўжо працяглы час не можа легчы на жыццёва неабходную ёй аперацыю.
Эксперты ААН заклікалі ўлады Беларусі даць інфармацыю пра месцазнаходжанне Мікалая Статкевіча
Група незалежных экспертаў ААН рашуча асудзіла спробу дэпартацыі з Беларусі ды наступнае знікненне 69-гадовага палітыка Мікалая Статкевіча. У сваёй заяве эксперты заклікалі ўлады Беларусі даць інфармацыю пра ягоны лёс і месцазнаходжанне, а таксама пра стан яго здароўя.
Нагадаем, 11 верасня Лукашэнка памілаваў Статкевіча і яшчэ 51 зняволенага. Усіх акрамя Мікалая прымусова перамясцілі з месцаў зняволення на тэрыторыю Літвы. Мікалай адмовіўся ад дэпартацыі і выскачыў на нейтральнай паласе паміж краінамі.
Праз некалькі гадзін ён вярнуўся на тэрыторыю Беларусі. Пазней з'явілася інфармацыя, што, імаверна, там яго адправілі ў глыбоцкую калонію, але пацвярджэння гэтаму няма.
Фядута ходзіць з кіёчкам, Паротнікаў не вылазіць з ШІЗА — Вячаслаў Лазараў распавёў пра палітвязняў за кратамі
Відэаператар-фрылансер «Белсата» Вячаслаў Лазараў стаў адным з 52 памілаваных беларусаў, якіх рэжым Лукашэнкі дэпартаваў у Літву 11 верасня. БАЖ пагутарыў з журналістам пра палітзняволеных, з якімі ён перасякаўся за кратамі.
«Бачыліся з Фядутам, размаўлялі. Хаця ўсіх папярэдзілі, што да яго лепш не падыходзіць, таму што адразу адправяць у ШІЗА. Ён вельмі моцна схуднеў. Ходзіць з кіёчкам, часцей за ўсё ходзіць з суправаджэннем, бо самому перасоўвацца цяжка. Асноўная праблема Фядуты — сэрца. Яго часта вывозяць у Рэспубліканскі турэмны шпіталь, апошні раз, здаецца, некалькі месяцаў таму вазілі.
Але трымаецца, жартуе, з ім цікава пагаварыць на любыя тэмы. За стасункі з Фядутам кідаюць у штрафны ізалятар, раней на 10 сутак, зараз на 15.
Я быў у адным атрадзе і з Андрэем Паротнікавым. Не ведаю, як складзецца далей, але ён фактычна не вылазіць з ШІЗА. Каля двух месяцаў таму яго перавялі ў ПКТ».
Працягваецца збор на падтрымку публічнай дзейнасці Міколы Дзядка
Былы палітзняволены хоча аднавіць свой блог і выдаць кнігі, якія стануць падрабязным сведчаннем пра сістэму катавання ў беларускіх турмах.
«Планую працягваць сваю справу, развіваць ютуб-канал Radix, бо бачу сваёй місіяй супрацьстаяць лукашэнкаўскай і крамлёўскай прапагандзе. Акрамя таго хачу напісаць некалькі кніг аб перажытых гадах у зняволенні і перакласці іх на іншыя мовы, каб у свеце ведалі пра тое, што адбываецца ў Беларусі і каб мае гады за кратамі не прайшлі дарма.
Кнігі стануць падрабязным сведчаннем пра ўмовы ўтрымання ў беларускіх турмах і калоніях, пра сістэму катаванняў і псіхалагічнага ціску ў дачыненні зняволеных, а таксама аб тым, як палітзняволеныя выжываюць у рэпрэсіўнай сістэме. Гэта павінна стаць важным дакументам эпохі і сведчаннем пра злачынствы рэжыму, таму планую пераклад на іншыя мовы».
Падтрымаць Міколу можна па спасылцы.