У Беларусі заблакавалі інтэрнет-бібліятэку «Флібуста». Хронікі рэпрэсій 24 верасня

«Флібуста» — бясплатная некамерцыйная анлайн-бібліятэка. На гэтым сайце можна бясплатна чытаць, спампоўваць, а таксама атрымліваць на электронную пошту большасць кніг, наяўных у бібліятэцы.  Цяпер карыстальнік, які заходзіць на сайт з тэрыторыі Беларусі, убачыць інфармацыю, што сайт заблакаваны на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі. Люстэркі сайта адкрываюцца без праблем.

1_1097_1.png

У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» — Telegram-канал «Synthetic overdose»

Адпаведнае рашэнне было прынятае КДБ 19 верасня. Паводле ведамства, дачыненне да каналу маюць Мікіта Зюзікаў і Дзяніс Ліхалет.

Telegram-канал «Synthetic overdose» быў створаны ў красавіку і мае ўсяго 22 падпісанты. У ім публікуюцца мемы на розныя тэмы і няма палітычнага кантэнту.

Асуджаны на 8 гадоў калоніі журналіст Анджэй Пачобут важыць 73 кг, ён правёў тыдзень у шпіталі

Кіраўніца ліквідаванага ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс распавяла падрабязнасці сустрэчы з Анджэем Пачобутам.

Пачобут цяпер важыць 73 кг, ён правёў у шпіталі тыдзень, дзе атрымліваў неабходныя лекі.

«Ён сказаў, што набраў вагу ў бальніцы. Турма — гэта не санаторый. Ён не скардзіцца, але я перажываю за яго, гэта мая асабістая ацэнка», — распавяла Барыс.

Патрабуем рэабілітацыі: праваабаронцы надалі статус «былы палітвязень» 19 беларусам

Праваабарончая супольнасць Беларусі сёння прыняла заяву, у якой запатрабавала поўную рэабілітацыю 19 чалавек, пазбаўленых волі за ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў і свабоды сходаў.

Па розных прычынах гэтыя людзі не мелі статуса палітзняволеных падчас свайго зняволення, але, нягледзячы на гэта, праваабаронцы ў заяве надаюць ім статус «былых палітвязняў».

Пракуроры Віцебскай вобласці сёлета накіравалі ў суд 95 заяў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

Сярод іх 5 старонак у Facebook, 5 каналаў і ролікаў на YouTube, 3 старонкі ў Instagram, па 3 Telegram-канала і чата, 2 старонкі ва «Укантакце», 1 старонка ў «Аднакласніках» і 1 канал у TikTok.

Супраць Дзяніса Дзенісенкі распачалі спецвытворчасць — яго збіраюцца судзіць завочна

27-гадоваму Дзянісу інкрымінавана ч.2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі)

Дзенісенку запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва ўпраўленне Следчага камітэту па Брэсцкай вобласці.

Максімум за месяц — 37 рублёў 96 капеек. Былы палітвязень апублікаваў даведку пра свае заробкі ў калоніі

Аляксандр Лаўрэнцьеў адбываў пакаранне ў Наваполацкай папраўчай калоніі №1 — там жа, дзе трымаюць Віктара Бабарыку і Анджэя Пачобута. Палітвязень працаваў падсобным рабочым першага ў філіяле «Тэхнатара» іншай калоніі — №13 («Беразвечча»). Прадпрыемства месціцца ў Наваполацку і вырабляе мыла, плёнку, сетку рабіцу, цвікі, мэблю і іншае.

Працаваць Лаўрэнцьеву даводзілася па 5-6 дзён на тыдзень з 8-й да 17-й гадзіны. «5-6 дзён на тыдзень [працаваць] ходзяць толькі палітычныя асуджаныя. Гвалтаўнікі, вычварэнцы і забойцы ходзяць усяго тры дні на тыдзень. Яны проста не такія небяспечныя», — іранізуе былы палітвязень.

Максімальны заробак вязня за месяц складаў 37 рублёў 96 капеек. А ўсяго за амаль год працы — 330 рублёў.

photo_2025_09_24_17_45_22.jpg