«Яндекс.Такси», «Яндекс.Еда» цяпер мусяць перадаваць даныя карыстальнікаў сілавікам (дапоўнена)
Раскамнагляд дадаў «Яндекс.Такси», «Яндекс.Еда», «Яндекс.Лавка» і «Яндекс.Микромобильность» у рэестр арганізатараў распаўсюджвання інфармацыі. А гэта значыць, што цяпер гэтыя сервісы мусяць перадаваць даныя сваіх карыстальнікаў сілавікам, піша «Новая газета». Прэс-служба «Яндэкса» супакойвае беларусаў, што «гэтыя патрабаванні датычацца толькі дзейнасці кампаніі на тэрыторыі Расіі».
Усе чатыры сэрвісы «Яндэксу» звязаныя з паслугамі.
«Яндекс.Еда» прызначана для афармлення заказаў на прыгатаванне і куплю прадуктаў харчавання і шэрагу іншых тавараў. «Яндекс.Такси», ("Яндекс.Go") — для перавозак пасажыраў, транспартных паслуг і кур'ерскай дастаўкі, «Яндекс.Лавка» — для замовы ежы і іншых тавараў, «Яндекс.Микромобильность» — для арэнды самакатаў.
Унесеныя ў рэестр сервісы абавязаныя збіраць і захоўваць даныя карыстальнікаў, а таксама прадастаўляць іх праваахоўным органам і спецслужбам па запыце ў адпаведнасці з палажэннямі «Пакета Яравой».
У прэс-службе «Яндэкса» журналістам «Новай газеты» паведамілі, што, сапраўды, у кампаніі «атрымалі патрабаванне на ўключэнне сэрвісу таксі і самакатаў «Яндекс.Такси», «Яндекс.Еда», «Яндекс.Лавка» ў рэестр арганізатараў распаўсюджвання інфармацыі, і ў адпаведнасці з законам абавязаны яго выканаць».
Зрэшты, іншыя сэрвісы «Яндэкса» даўно ўжо знаходзяцца ў гэтым спісе. Першымі з іх у рэестр ўнеслі «Яндекс.Почту», «Яндекс.Диск» и «Яндекс.МойКруг». Іх уключылі ў спіс у 2014 годзе.
«Новаму Часу» у прэс-службе «Яндэкса» патлумачылі, што новаўвядзенне не тычацца іх дзейнасці ў Беларусі:
— Гэтыя патрабаванні датычацца толькі дзейнасці кампаніі на тэрыторыі Расіі і не закранаюць іншыя краіны, дзе працуюць сервісы.