Як змяніць сістэму?
Здаецца, урэшце высокія чыноўнікі Беларусі ўцямілі: немагчыма дасягнуць поспеху, калі кіраваць па-старому, змены ёсць суровая неабходнасць. Вось толькі ці выйдзе з гэтага разумення што-небудзь карыснае?
Яшчэ 1 жніўня на чарговай і ўжо дзяжурнай нарадзе па пытаннях барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі Лукашэнка заявіў чыноўнікам: «Калі можаце кіраваць — кіруйце ўсёй сістэмай, не — значыць, будзем думаць: ці новых людзей прыцягваць, ці сістэму мяняць».
Яго словы пра «мяняць сістэму» моцна заселі ў галовах чыноўнікаў. І вось ужо 12 жніўня, разважаючы аб мадэрнізацыі на дакладзе ў прэзідэнта, «смотрящий» за мадэрнізацыяй Пётр Пракаповіч заяўляе: «Ніякае самае дасканалае абсталяванне, тэхналогіі не будуць эфектыўна працаваць, калі не выбудаваная сістэма кіравання, сістэма матывацыі работнікаў, захаванне вельмі жорсткай дысцыпліны і тэхналогій. Калі мы гэтага не зробім, то не зможам эфектыўна выкарыстоўваць тыя рэсурсы, якія ўкладзем у тэхнічную мадэрнізацыю».
Паводле слоў Пракаповіча, неабходна «стварыць сістэму эканамічнага кіравання, якая забяспечыць канкурэнтаздольнасць беларускай прадукцыі, яе адпаведнасць лепшым сусветным паказчыкам».
Тое, што мяняць сістэму трэба, што краіне патрэбныя добрыя і адукаваныя менеджэры, неаднаразова казалі палітолагі і эканамісты. Бо камандна-адміністрацыйная сістэма (КАС) па ўзору эсэсэраўскай, якая ўсталявалася ў «беларускім эканамічным цудзе», можа загадаць толькі стварыць прадукцыю. А яе продаж загадам «зверху» ўжо не паддаецца.
Для таго, каб змяніўся менеджмент, трэба змяняць і сістэму кіравання прадпрыемствамі. Прадукцыя павінная быць запатрабаванай на рынках, найперш замежных. А гэта азначае не толькі зніжэнне энергаёмістасці мадэрнізаваных прадпрыемстваў, а яшчэ і гнуткасць у вытворчасці прадукцыі, яе пастаяннае абнаўленне, інавацыі і гэтак далей. Вось тут ужо нельга толькі бяздумна выконваць «план па трактарах» альбо працаваць выключна на павелічэнне ВУП, не зважаючы на тое, колькі гэтай прадукцыі засталося на складах.
Змена ж сістэмы кіравання прадпрыемствамі на іншую, больш рынкавую, небяспечная для сацыяльна-палітычнай сістэмы ўлады. Бо, лібералізаваўшы кіраванне прадпрыемствамі, надаўшы ім больш самастойнасці, улада ставіць пад сумнеў беларускі міф аб «стабільнасці» і парадку. Прынамсі, з двума міфамі — пра ВУП і пра вельмі нізкі ўзровень беспрацоўя — давядзецца развітацца.
Адпаведна, гэта ўжо стварае небяспеку для сацыяльна-палітычнага становішча ў краіне. А праз нейкія паўтара гады нам свецяць новыя прэзідэнцкія выбары.
Так што пытанне, які шлях будзе абраны для «змены сістэмы», застаецца адкрытым.
Мэта любой улады — гэта найперш захаванне ўлады. Карэнная «змена сістэмы», зыходзячы з гэтага, проста немагчымая ў нашых умовах, бо яна прывядзе да краху палітычнай стабільнасці. Гэта пры дэмакратыях добра — прыход да ўлады апазіцыйнага палітыка не закранае сутнасці самой сістэмы кіравання, паколькі, па вялікім рахунку, шлях развіцця краіны ад палітыкаў не залежыць. Там палітыкі ведаюць, што рана ці позна, але прыйдзецца сысці ў адстаўку, таму працуюць на дасягненне доўгатэрміновых планаў і задач, якія, у залежнасці ад кіраўніка, падлягаюць толькі карэкціроўцы. Але ў нашым аўтарытарным рэжыме, калі ўсё завязана на аднаго чалавека, «змена сістэмы» якраз азначае менавіта карэнны злом усіх сфераў жыцця.
Ва ўладзе назіраюцца дзве супрацьлеглыя тэндэнцыі. З аднаго боку, ёсць спроба рэфармаваць эканоміку ў больш эфектыўную з пункту гледжання рынкавых патрабаванняў. Прэзідэнт не толькі казаў пра «змену сістэмы» і мадэрнізацыю. У працэсе абмеркаванняў паправак у Крымінальны кодэкс ён выказаў думку, што не ўсіх эканамічных злачынцаў трэба адразу ж караць. Прынамсі, Лукашэнка лічыць важным прыняць у дзяржаве меры, накіраваныя на разняволенне дзелавой ініцыятывы ва ўмовах аб’ектыўна існуючай прадпрымальніцкай рызыкі. У прыватнасці, падрыхтаваныя змены ў заканадаўства прадугледжваюць выключэнне проціпраўнасці дзеі пры дзелавой рызыцы, прымяненне дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве, укараненне крымінальна-прававой кампенсацыі, дэкрыміналізацыю асобных дзеянняў, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі. Гэта «салодкі» бок.
Але з іншага боку, дзяржава не мае намеру выпускаць з рук важнейшыя палітычныя рычагі — тут гайкі толькі зацягваюцца. Гэта і меркаваная «забарона на байкот» у Выбарчым кодэксе, і правядзенне мясцовых выбараў у адзін тур, і стварэнне агітацыйнай прадукцыі кандыдатаў у дэпутаты не самімі кандыдатамі, а выбарчымі камісіямі (чытай — уладай).
Але, як вядома, эканоміка з палітыкай вельмі павязаная. Як лібералізацыя эканомікі адбіваецца на палітычных працэсах, ужо казалася вышэй. Такім чынам, зараз «балансуючая» ўлада павінна выбраць: альбо адмова ад рэформаў кіравання і «змены сістэмы», што можа прывесці да сістэмнага эканамічнага крызісу, альбо — усё ж такі змена гэтай сістэмы, што можа выклікаць сацыяльна-палітычныя пераўтварэнні ў краіне.
Паводле меркавання палітолага Валера Карбалевіча, улада пакуль што працягне балансаваць паміж гэтымі дзвюма выклікамі, рэагуючы на тыя праблемы і выклікі, якія паставіць перад ёю час.
Але наколькі доўга працягнецца такое балансаванне, прадказаць немагчыма. Больш за тое, «скатванне» і ў бок лібералізацыі, і ў бок зацягвання гаек прывядзе толькі да аднаго выніку — да змены сістэмы. Пры рэформе кіравання змена сістэмы можа прайсці менш балючым шляхам. У выпадку «зацягвання гаек» спачатку надыдзе калапс эканомікі, а ўжо затым — змена сістэмы.