Уладзімір Някляеў расчараваўся ў хаўрусніках
Асноўны дзень выбараў — 23 сакавіка, а 22 сакавіка — дзень, вольны ад агітацыі за кандыдатаў у дэпутаты. Такім чынам, пятніца, 21-е — апошні дзень сустрэчы з выбаршчыкамі ў пікетах.
Кампанія «Гавары праўду!» разам з хаўруснікамі з дэмакратычнага лагеру мелася ў гэты дзень, у звыклым месцы ля мінскага Камароўскага рынку падвесці рысу выбарчай кампаніі. Але падвялі не рысу, а саму «ГП!»
У гадзіну дня, як планавалася, замест буяння апазіцыйных сцягоў на азначанай пляцоўцы стаялі два стэнды кандыдата ў дэпутаты ад «ГП!», і расцяжкі гэтай ініцыятывы. Больш ніхто з тых, з кім узгаднялася гэтае мерапрыемства, не з’явіўся. «Не ведаю, чаму. Калі мы абмяркоўвалі гэты пікет з хаўруснікамі, усе ківалі галовамі, што пагаджаюцца яго правесці», — расчаравана казаў каардынатар «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў.
«Я спадзяюся, што нашыя калегі па «Народным рэферэндуме» выйдуць у іншы час, і ў нас атрымаецца такая «хваля» — мы выйшлі ў адзін час, яны выйдуць у іншы. Можа быць, камусць не хапіла каардынацыі, а камусьці — рашучасці», — спрабаваў «захаваць твар» ужо не свой, а хаўруснікаў Дзмітрыеў.
Пікет «Гавары праўду!» апынуўся ў адзіноце
Між тым, па ягоных словах, заключны пікет «Гавары праўду!» адначасова з’яўляецца і працягам кампаніі «Народны рэферэндум». «Гэтым пікетам мы падводзім вынікі мясцовай кампаніі, але адмыслова вырашылі не прывозіць сюды нашых кандыдатаў у дэпутаты з рэгіёнаў. Бо працягваецца праца, працягваецца збор подпісаў за рэферэндум, і, безумоўна, яны занятыя назіраннем за хадою галасавання. Мы не будзем нікога турбаваць. Але галоўную задачу, якую мы перад сабою ставілі — сабраць 50 000 подпісаў за рэферэндум, — мы выканалі. Упор быў зроблены на абыход кватэраў «ад дзвярэй да дзвярэй», — безумоўна, гэта была цяжкая праца. Мы разумелі і стан грамадства, і настроі ў грамадстве, і настроі ўлады. Мы ведалі, што вялікіх магчымасцяў у нас не будзе. Але ж мы максімальна выкарысталі ў гэтай кампаніі тое, што было», — зазаначыў Дзмітрыеў.
Лідар «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў не хаваў расчаравання хаўруснікамі. Яшчэ і з іншых прычынаў. «Мы выступаем за тое, каб выпрацаваць механізм вылучэння адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года і за тое, каб яго ўрэшце вылучыць. Без гэтага на выбарах 2015 года апазіцыі рабіць няма чаго. Я нагадаю, і ні для каго гэта не сакрэт, што імя адзінага кандыдата мы меліся мець напрыканцы мясцовых выбараў — то бок, 23 сакавіка, а гэта ўжо паслязаўтра», — нагадаў Някляеў.
Але ён прызнаўся: «Я ўжо проста шалею ад таго што ў нас, унутры апазіцыі, адбываецца. Вось сёння мы дамаўляліся пра што? Пра супольны сумесны пікет. Тут павінны хто былі быць? Нашы сябры па «Народным рэферэндуме». Павінна была быць БХД, якая з’яўляецца, дарэчы, каардынатарам працэсу выбараў адзінага кандыдата. Нікога. Ніхто на гэты супольны сумесны пікет, акрамя нас, не з’явіўся».
Уладзімір Някляеў у атачэнні паплечнікаў і журналістаў не хавае расчаравання паводзінамі сваіх хаўруснікаў
«Калі так будзе, калі ў такой драбязе дамаўляючыся, мы парушаем гэтыя дамовы, то як дамовіцца ў сур’ёзных справах? Тым больш, маючы досвед 2010 года, калі дамаўляліся па-драбязе, потым не выконвалі гэтыя дамовы, і казалі: «У галоўным мы пасля ўсе збярэмся і ўсё вырашым, як мае быць». Я тады казаў: калі мы ва ўсіх сумесных акцыях сумесна не ўдзельнічаем, то нічога мы не дасягнем і ў галоўным. Так яно і выйшла», — расчаравана кажа Някляеў.
«Няма ў мяне перакананасці ў тым, што пры такім падыходзе да нашых дамоўленасцяў дамагчыся таго выніку, які мы жадаем», — заявіў Някляеў.
Андрэй Дзмітрыеў горача дыскутаваў з мінакамі...
А камуніст Сяргей Вазняк спакойна тлумачыў «палітыку партыі»
Тым не менш, падаецца, што больш расчараванасці ў пікетоўшчыкаў, хоць іх і былі адзінкі, не назіралася. Пакуль Някляеў даваў інтэрв’ю, Андрэй Дзмітрыеў і Сяргей Вазняк пераконвалі насельніцтва ў неабходнасці правядзення рэферэндуму. Канешне, вакол іх не было вялікага натоўпу народу, як гэта бывае ў выходны дзень, але ж людзі пікетам яўна цікавіліся. Дзмітрыеў тлумачыў кожнаму пытанні рэферэндуму, а Вазняк падтрымліваў калегу ідэалагічна. Так што можа і добра, што не было вялікай колькасці ахвотных пабалакаць. Затое з тымі, хто падыходзіў да пікету, ягоным арганізатарам давялося паразмаўляць больш шчыльна і прадметна.
Так што, нягледзячы на «пракідон» хаўруснікаў, «Гавары праўду!» можа адзначыць, што пікет атрымаўся. А таксама можа і сказаць, што кампанія скарыстала ўсе магчымасці, размаўляючы з людзьмі да апошняй дазволенай секунды.
Фота аўтара