Беларускія выбарчыя камісіі атрымаюць «Нобеля» па фізіцы

Беларускія выбары — час цудаў, побач з якім ніякія Каляды не стаялі. Ужо наколькі праваабаронцы звыклыя да нашых выбараў, але гэтыя выбары ўразілі і іх. Найбольш яны былі ўражаныя тым, што беларускія камісіі працавалі, парушаючы не толькі юрыдычныя законы, але і законы фізікі.



za_svabodnyja_vybary.jpg

У межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», паведаміў адзін з каардынатараў гэтага назірання Валянцін Стэфановіч, працавала 30 доўгатэрміновых назіральнікаў, а таксама 220 кароткатэрміновых назіральнікаў на 180 участках па ўсёй Беларусі. Аднак, у дататак была скарыстаная інфармацыя яшчэ адной назіральніцкай сеткі: «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» (ЕОТР).

stef_gul.jpg

Найперш, Стэфановіч зазначыў, што гэтыя мясцовыя выбары ў Беларусі былі першымі пасля ўнясення ў Выбарчы кодэкс масштабных правак, якія, па ідэе, павінны былі «лібералізаваць» беларускае выбарчае заканадаўства. «На жаль, гэтыя змены не зрабілі працэс больш празрыстым, дэмакратычным, а ў некаторых выпадках сітуацыя нават пагоршылася», — канстатаваў Стэфановіч.

Як юрысты, «Праваабаронцы за свабодныя выбары» не могуць не адзначыць, хто ж кіраваў гэтымі выбарамі? Так, у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій увайшло толькі пяць прадстаўнікоў апазіцыйных партый (0,047% ад агульнай еколькасці сябраў ТВК). Доля прадстаўнікоў «пятай калоны» у акруговых выбарчых камісіях склала 0,25%. Нават у самыя масавыя ўчастковыя выбарчыя камісіі доля апазіцыянераў склала 0,031%. «Гэта сведчыць пра селектыўны падыход органаў, якія фармавалі камісіі, а таксама сама працэдура фармавання камісій застаецца ў большасці сваёй закрытай для назірання. У большасці прадстаўнікі нашай кампаніі не дапускаліся на пасяджэнні органаў, якія фармавалі камісіі. Тыя ж, хто на такія пасяджэнні патрапіў, засведчылі тое, што ніякага рэальнага абмерквання кандыдатур, вылучаных у склад камісій, не адбывалася. Усё гэта прымалася спісам, кандыдатуры былі загадзя адабраныя», — паведаміў Стэфановіч.

Абскардзіць такое фармаванне камісій немагчыма, таму што няма крытэраў, па якіх у камісіі абіраюцца грамадзяне.

Зразумела, што пры такой колькасці прадстаўнікоў апазіцыі ў камісіях неяк кантраляваць выбары яна не здольная. Гэта асабліва важна на этапе праверкі подпісаў жадаючых вылучыцца кандыдатамі ў дэпутаты, які здзяйсняюць камісіі. Каб у гэтых камісіяэх былі прадстаўнікі апазіцыі, яны б яшчэ маглі б абскардзіць «несапраўднасць» подпісаў, а так… Варта зазначыць, што не здолелі зрабіць гэтага і назіральнікі, бо 100% назіральнікаў ад праваабаронцаў на працэдуру праверкі подпісаў і іншых дакументаў не дапусцілі.

88% акругаў былі безальтэрнатыўныя, ізноў жа, з-за селектыўнага падыходу па рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты.

Навіной стала і тое, што, з аднаго боку, кандыдаты мелі магчымасць засноўваць свае выбарчыя фонды, а з іншага боку — выраб агітацыйнай прадукцыі быў магчымым толькі за кошт гэтых фондаў. Таксама, даўшы адзні выступ кандыдату па радыё, дзяржава адмовілася ад практыкі друкавання ў газетах праграмаў кандыдатаў. «такім чынам, кандыдату прыходзілася выбіраць: ці ён надрукуе свае ўлёткі, ці за камерцыйны кошт надрукуе праграму ў газеце», — адзначыў Стэфановіч. Гэта, зразумела, не спрыяла найперш выбаршчыкам, якія не мелі дастатковай інфармацыі пра кандыдатаў.

Можна было б пакрычаць наконт «таўстасумаў», якія б за грошы здолелі зрабіць і тое, і іншае, аднак — не. Таму што перадвыбарчы фонд кандыдата ў дэпутаты не павінен перавыўаць 30 базавых велічыняў. А на такую суму ў выбарах не вельмі і разгонішся.

«Адзінае, што выбаршчыкі бачылі — фотаздымкі кандыдатаў і іх біяграфіі. ЦВК зараз сцвярджае, што тое, што выбарчыя камісіі распаўсюджвалі інфармацыю пра кандыдатаў, было прычынай вялікай яўкі на выбары. Я не ведаю, ці можа інфармацыя ў тры радкі нават без фотаздымку, паспрыяць асэнсаванаму выбару. Гэта яшчэ ў лепшы выпадку ў Мінску, у Мінскім раёне ў запрашэннях на выбары інфармацыі аб кандыдатах увогуле няма», — заявіў Стэфановіч.

stef_list.jpg

Стэфановіч: Вось столькі інфармацыі пра кандыдатаў падаюць афіцыйныя ўлёткі

«Я б нават сказаў, што кандыдаты ад апазіцыі сваім удзелам у выбарах відавочна псавалі сваім выглядам карціну дэпалітызацыі выбарчага працэсу. Яны збіралі подпісы за «Народны рэферэндум», нагадвалі пра палітвязняў, гаварылі пра мір у сувязі з падзеямі ва Украіне… Гэта яўна нервавала ўлады і выбарчыя камісіі», — думае Стэфановіч.

Узгадваючы агітацыйны перыяд, калі ўлады фактычна ўвялі забарону на тэматыку перадвыбарчых пікетаў, імкнучыся абмежаваць іх толькі выбарчай тэмай, Стэфановіч адзначыў: Выбарчы кодэкс мае вычарпальны пералік таго, за што агітаваць нельга. Гэта прапаганда вайны, распальванне міжнацыянальнай варожасці і гэтак далей. У астатнім кандыдат сам вырашае, за што ён можа агітаваць. Аднак некатрыя кандыдаты сутыкнуліся з татальнымі перашкодамі ў агітацыі.

«Ілля Дабратвор, напрыклад. Па-першае, ён і зарэгітраваны быў кандыдатам у дэпутаты праз суд, а па-другое, сутыкаўся пад час кампаніі з усімі магчымымі перашкодамі: ад канфіскацыі ўлётак да затрымання. Напрыклад, на ягоным плакаце быў надпіс «Так — Народнаму рэферэндуму», што Тэрытарыяльная выбарчая камісія ўгледзела ў гэтым заклікі да гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу. Ва ўлётцы, ў якой напісана пра тое, што беларусы не павінны ўдзельнічаць у чужых войнах, было заўважана распальванне варожасці паміж брацкімі рускім і беларускім народам. А на адвароце ён змесціў інфармацыю пра палітвязняў, і камісія ўгледзела ў гэтым паклёп у адносінах да тых, хто выносіў прысуды ў адносінах да гэтых асобаў», — распавёў Стэфановіч, назваўшы такое стаўленне «апафеозам выбараў».

stef_agit.jpg

"Крамольныя" улёткі Дабратвора

«Напрыканцы ўлады проста скаціліся да рэпрэсіяў у адносінах да ўдзельнікаў выбарчай кампаніі. Я маю на ўвазе арышты ўдзельнікаў агітацыйнага пікету АГП уключна з лідэрам партыі Анатолем Лябедзькамі, арышт адказнага сакратара БХД і даверанай асобы кандыдата Дзяніса Садоўскага, штрафы ўдзельнікам іншых перадвыбарчых пікетаў і гэтак далей», — адзначыў Стэфановіч.

З такімі вынікамі мы прыйшлі да галасавання. А дакладней, як сказаў яшчэ адзін каардынатар кампаніі, старшыня «Беларускага Хельсінкскага камітэта» Алег Гулак мы прыйшлі да «адпрацаванай практыкі парушэнняў, маніпуляцый, фальсіфікацый, якая склалася напрацягу апошніх выбарчых кампаній».

«Як і раней, была мэта назбіраць як мага больш выбаршчыкаў у час датэрміновага галасавання. Загарнізаваць людзей на датэрміновае галасаванне», —паведаміў Гулак.

І вост тут вымалёўваецца дзіўная сітуёвіна. Калі інфармацыі пра кандыдатаў было — кот наплакаў, то інфармацыі пра галасаванне і датэрміновае галасаванне было багата — і па радыё, і па тэлебачанні, і ўлёткі, і ўсё, што заўгодна. Уразанне, што знарок адабралі грошы, прызначаныя кандыдатам, каб пра іх ніхто не даведаўся,і пусцілі іх на «мяккі прымус» да датэрміновага галасавання.

Гулак адзначыў, што у гэтых выбарах не было зафіксавана такіх выбадкаў, каб кагосці цягнулі на датэрміновае галасаванне пагрозамі выключэння з вучобы альбо пазбаўлення працы. Але, па ягоным меркаванні, «мяккі прымус» усё ж ёсць прымусам, і такога адбывацца не павінна.

Зразумела ж, назіральнікі фіксавалі і яўку выбарцаў на ўчасткі. У выніку, па выбарах на датэрміновым галасаванні розніца паміж афіцыйнымі дадзенымі прагаласаваўшых з 18 па 22 сакавіка, і дадзенымі назіральнікаў, склала 20,1%. У дзень выбараў разыходжанні лічбаў па яўцы выбаршчыкаў паміж дадзенымі участковых камісіяў і дадзенымі назіральнікаў — 27,6%. Канешне, Гулак адзначыў, шт гэтыя лічбы «не ёсць рэпрэзентатыўнымі», і «мы не можам экстрапаліраваць іх на ўсю краіну, бо гэта мясцовыя выбары: розныя кандыдаты, розныя акругі і розныя кандыдаты». Але такія лічбы не могуць не выклікаць занепакоенасць.

Бо калі ўсё ж, насуперак меркаванню Гулака, экстрапаляваць гэтыя лічбы на краіну, то малюнак зусім непрывабны. Пры «афіцыйнай» лічбе яўкі ў 77%, «намаляваная» яўка склала 47%. Рэальна з’явіліся на ўчасткі 30% выбаршчыкаў.

А зараз — пра «Нобель» па фізіцы. Напрыклад, баранавіцкі выбарчы ўчастак №43. За тры з паловай гадзіны з адной вынасной скрыняй, з якой сябры камісіі хадзілі па хатах, прагаласавала 423 чалавекі. Гэта каля 40 секунд галасавання для аднаго чалавека. Гэта значыць, сябры камісіі вынайшлі метад тэлепатрацыі нават не ад кватэры да кватэры, паколькі толькі адчыніць дзьверы спатрэбіцца гэтых 40 секундаў, а ад выбаршчыка да выбаршчыка. Альбо камісія перасоўвалася з хуткасцю, вышэйшай за хуткасць свету, з усімі выцякаючымі з гэтага эфектамі кшталту эфекту замядлення часу.

gulak.jpg

Алег Гулак відавочна засмучаны праведзенымі выбарамі

А часам, па словах Гулака, камісіі выяжджалі са скрынямі з адным спісам выбаршчыкаў, а вярталіся ўжо з іншым спісам, утрая большым. Гэта значыць, у Беларусі ў асобна ўзятых акругах імгненна нараджаліся паўналетнія грамадзяне — адразу з пашпартамі і выбарчым правам.

Звычайна Гулак на падобных прэс-канферэнцыях адзначаў нейкія «станоўчыя моманты выбарчай кампаніі», каб заўсёды выглядаць пазітыўным. Але зараз ён быў настолькі ўражаны дасягненнямі камісій у матэматыцы ды фізіцы, што проста заявіў: «Мы не можам не лічыць, што выбарчы працэс прайшоў з парушэннямі прынцыпаў дэмакратычных і справядлівых выбараў, замацаваных стандартамі АБСЕ і беларускім заканадаўствам».

Фота аўтара