«Я бачу!» Як школьнікаў вучаць перамагаць захворванні зроку

Самая распаўсюджаная паталогія ў дзяцей — гэта блізарукасць, кажуць адмыслоўцы. У асноўным, праблемы са зрокам пачынаюцца з 5 класа, калі павялічваецца навучальная нагрузка.

3_115.jpg


Каля Хатыніцкай школы Ганцавіцкага раёна ўжо стаіць аўтамабіль выязной брыгады лекараў-афтальмолагаў. Тут у іх няпростая місія — зрабіць дыягностыку і аказаць афтальмалагічную дапамогу дзецям з сельскай мясцовасці.

— Здаецца, звычайны працоўны дзень, але стамляемся хутчэй чым звычайна. Штодня аглядаем да 70 дзяцей. Гэта няпроста. Але праект вельмі патрэбны! Не кожная вясковая сям’я адвязе сваіх дзяцей да афтальмолага ў райцэнтр, асабліва, калі няма відавочных праблем. А тут мы самі прыяжджаем, робім дыягностыку, выпісваем рацэпты на акуляры. Калі патрэбна, то і на амбулаторнае лекаванне ды на аперацыю накіроўваем. Галоўнае — своечасова прадухіліць цяжкія наступствы і інваліднасць, — распавяла афтальмолаг Юлія Анісімава.

Афтальмолаг з Баранавіч Юлія Анісімава.

Афтальмолаг з Баранавіч Юлія Анісімава.


Дабрачынны сацыяльны праект «Я бачу!» рэалізуецца Беларускім дзіцячым фондам і кампаніяй velcom пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Адмысловыя аўтамабілі з партатыўным дыягнастычным абсталяваннем за два гады аб’ездзілі Гомельскую і Магілёўскую вобласці. Цяпер завяршаюць сваю працу на Брэстчыне.

— Самая распаўсюджаная паталогія ў дзяцей — гэта блізарукасць. У Хатыніцкай школе з ёй выявілі 157 навучэнцаў, у пяцёх з іх — высокая ступень блізарукасці. У асноўным, праблемы са зрокам пачынаюцца з 5 класа, калі павялічваецца навучальная нагрузка. Спадчыннасць таксама важны фактар. Бацькам варта сачыць, колькі часу дзеці праводзяць за кампутарам і са смартфонамі ды планшэтамі, бо апантанасць электроннымі прыладамі шкодзіць здароўю, — распавяла спадарыня Юлія.

Медсястра Таццяна Гурман з Баранавіч.

Медсястра Таццяна Гурман з Баранавіч.

Пасля агляду медыкаў школьнікі атрымліваюць не толькі парады па падтрымцы зроку, але і практыкаванні для вачэй! Яны сапраўды простыя, ды і часу займаюць усяго некалькі хвілін. Гігіену зроку варта выконваць і дарослым — будзе добры прыклад для дзяцей. Паглядзіце, нават ёсць вясёлы відэаролік з гімнастыкай для вачэй.



Па статыстычных дадзеных за кастрычнік, паталогіі зроку выявілі ў 40% агледжаных дзяцей з Брэсцкай вобласці. А гэта 7994 навучэнца з 53 сярэдніх школ. Дадзеныя пра стан здароўя кожнага дзіцяці знаходзяцца ў інфармацыйнай базе Брэсцкага дзіцячага абласнога шпіталя і Баранавіцкага дзіцячага гарадскога шпіталя.
Па словах Людмілы Лёгкай, кіраўніцы аддзела «Медыцынскай дапамогі дзецям і маці» Міністэрства аховы здароўя, захворванні органаў зроку на другім месцы сярод дзіцячых захворванняў.
Фота ARS Communications Minsk