«Я — адно са звёнаў у сямейным ланцужку журналістаў». За што судзяць рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча?

27 верасня пачаўся так званы «судовы працэс» над Аляксандрам Манцэвічам, галоўным рэдактарам і дырэктарам рэгіянальнага выдання, якое 28 гадоў асвятляла жыццё сямі раёнаў Мінскай і Гродзенскай абласцей і дапамагала людзям. 

Палітвязень Аляксандр Манцэвіч. Фота: baj.by

Палітвязень Аляксандр Манцэвіч. Фота: baj.by

У Маладзечне пачаўся суд над галоўным рэдактарам «Рэгіянальнай газеты» — 65-гадовым Аляксандрам Манцэвічам. Яго абвінавачваюць у дыскрэдытацыі Беларусі праз публікацыі пра пратэсты. «Медыязона» расказвае пра рэгіянальнае выданне і справу яго рэдактара.

Працавалі з 1995 года, пісалі пра прыроду і гісторыю

«Рэгіянальная газета» працавала з 1995 года, пісала пра людзей і падзеі ў сямі раёнах: Маладзечанскім, Мядзельскім, Вілейскім, Смаргонскім, Валожынскім, Ашмянскім і Астравецкім. Заснаваў і кіраваў выданнем з самага пачатку Аляксандр Манцэвіч разам з жонкай Нінай Манцэвіч.

«Я — адно са звёнаў у сямейным ланцужку журналістаў. Бацька — журналіст, дзед у газету пісаў, дзеці таксама журналісты. Адчуванне, што калі я б не звязаў сябе з газетнай справай, то гэты ланцужок перапыніўся б.

Я ўдзячны сваёй жонцы. Без Ніны Уладзіміраўны я не быў бы ні галоўным рэдактарам, ні дырэктарам. Яна намеснік па фінансах і эканоміцы, вырашае шмат пытанняў, якія ў іншых газетах вырашаюць выдаўцы. І робіць гэта таксама з першага нумара выдання», — распавядаў Аляксандр Манкевіч у інтэрв'ю да 25-годдзя газеты.

Рэдакцыя праводзіла дабрачынныя акцыі, шмат увагі надавала краязнаўчым, экалагічным тэмам. У газеце выходзілі ўнікальныя тэксты літаратуразнаўца Адама Мальдзіса, гісторыка і археолага Генадзя Каханоўскага і іншых аўтараў.

Публікацыі «Рэгіянальнай газеты» дапамаглі ў 2015 годзе перанесці гарадскую будоўлю ў Валожыне з месца расстрэлаў мясцовых жыхароў нацыстамі падчас Другой сусветнай. Рэдакцыя сабрала і апублікавала ўспаміны пра тыя жахі — пасля пераносу будоўлі на месцы расстрэлаў з'явіліся алея і мемарыял у памяць пра ахвяр.

У 2018 годзе «Рэгіянальная газета» ратавала 700-гадовы вяз, што засыхаў у вёсцы Талуі пад Маладзечнам, — мяркуюць, што гэта самы стары вяз у Еўропе. «РГ» тады пісала пра праблему, праз некаторы час дрэва прызналі помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.

У 2020 годзе «Рэгіянальная газета» пісала, сярод іншага, пра пратэсты ў рэгіёне, пра дзеянні беларускай міліцыі, што, чакана, прывяло да праблем.

Допыты, ператрусы і затрыманні

19 ліпеня 2021 года ў рэдакцыю прыйшлі сілавікі: Аляксандра Манцэвіча з жонкай, а таксама журналістак Зою Хруцкую і Насту Уткіну забралі на допыт, у рэдакцыі прайшоў ператрус. Іх адпусцілі ў той жа дзень, але ў рэдакцыі забралі ўсю тэхніку.

22 ліпеня рэдакцыя абвясціла, што спыняе выпуск газеты, аднак працягнула працу на сайце і ў сацсетках. Раней газету адмовіліся браць на рэалізацыю гандлёвыя сеткі — так было і з іншымі рэгіянальнымі незалежнымі друкаванымі выданнямі.

«Экстрэмізм»

У 2022 годзе Міністэрства інфармацыі прызнала «экстрэмісцкімі матэрыяламі» 15 артыкулаў «Рэгіянальнай газеты», у 2023-м — іх сайт і сацыяльныя сеткі. Таксама ў Мінінфарме палічылі патрэбным прызнаць «экстрэмісцкімі матэрыяламі» нават асабістыя старонкі некаторых супрацоўнікаў рэдакцыі ў сацсетках.

Артыкулы, прызнаныя «экстрэмісцкімі», выдалены з сайта газеты, але ў спісе Міністэрства інфармацыі можна знайсці іх загалоўкі: «У Маладзечне праходзяць акцыі пасля выбараў», «Кожны назіральнік можа выратаваць тысячу галасоў», «У бусіку амапаўцы сядзелі на нас i білі ўсю дарогу», «Былы актывіст БРСМ расказвае, як яго збівалі сілавікі», «Гурт «Sumarok» запісаў кліп на песню «Чэрці». У ім кадры з пратэстаў у Маладзечне».

Сілавікі затрымалі галоўнага рэдактара Аляксандра Манцэвіча 15 сакавіка 2023 года — дома ў Вілейцы. З прэс-рэліза пракуратуры можна зрабіць выснову, што абвінавачанне ў «дыскрэдытацыі Беларусі» будуецца на прызнаных «экстрэмісцкімі» артыкулах «Рэгіянальнай газеты».

«Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы падазраваны, з'яўляючыся дырэктарам рэдакцыі газеты, сумесна з іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 года па 15 сакавіка 2023 года распаўсюджваў у друкаваным выданні і яго інтэрнэт-рэсурсах загадзя ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады. У артыкулах змяшчалася недакладная інфармацыя, накіраваная на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам... Раней рашэннем суда Маладзечанскага раёна дадзеная інфармацыйная прадукцыя была прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі», — гаварылася ў паведамленні пракуратуры.

Праваабаронцы прызналі галоўрэда «Рэгіянальнай газеты» палітвязнем.

Справу Аляксандра Манцэвіча ў судзе Маладзечанскага раёна разглядае суддзя Аляксей Іршын. Пакаранне па артыкуле аб дыскрэдытацыі — да 4 гадоў «хіміі» або калоніі. Сайт «Рэгіянальнай газеты» недаступны, як і акаўнты выдання ў сацсетках.