Інфекцыяніст Мікіта Салавей папярэдзіў пра рост захворвання COVID-19. Што з гэтым рабіць?
Пра тое, што ідзе новая хваля, лекары папярэджваюць даўно. Вяртанне ковіду чакаецца напрыканцы лета — напачатку восені.
«Вопыт некалькіх апошніх дзяжурстваў у інфекцыйнай больніцы
паказвае, што ў Мінску зноў пачаўся паступовы рост захворвання COVID-19. Усё
большая колькасць пацыентаў, якія маюць клініку вострай рэспіраторнай інфекцыі,
атрымліваюць пры абследаванні станоўчы вынік тэсту на SARS-CoV-2. Частка з
такіх пацыентаў маюць патрэбу ў шпіталізацыі, — піша ў Facebook былы галоўны
інфекцыяніст Мінска Мікіта Салавей. —
Па-ранейшаму сярод іх пераважаюць людзі, якія так і не атрымалі
ні адной дозы вакцыны супраць COVID-19, але пры гэтым яны маюць абцяжарвальныя фактары рызыкі — хранічныя захворванні, залішняя вага, пажылы ўзрост, імунасупрэсію.
Асобная група пацыентаў — гэта асобы з сур'ёзнай
спадарожнай паталогіяй (цукровым дыябетам, сардэчнай недастатковасцю, дрэнна
кантраляванай артэрыяльнай гіпертэнзіяй, хранічнай абструкцыйнай хваробай
лёгкіх і інш.), у якіх каронавірусная інфекцыя працякае толькі з ліхаманкай і
інтаксікацыяй, без сур'ёзнай непасрэднай паразы лёгкіх, аднак прыводзіць да
дэкампенсацыі папярэдніх захворванняў, і таму ім таксама неабходнае лячэнне ва ўмовах стацыянара.
Варыянты каронавіруса амікрон, сярод якіх налічваецца ўжо па
меншай меры 5 субварыянтаў, характарызуюцца вельмі высокай частатой перадачы ад
інфікаванага іншым асобам у параўнанні з раней існымі тыпамі SARS-CoV-2.
Субварыянты амікрон BA.4 і BA.5 па многіх даследаваннях супернічаюць ці нават
пераўзыходзяць самы кантагіёзны з вядомых сёння вірусаў — вірус адзёру.
Гэта азначае, што адзін чалавек, інфікаваны ВА.4/BA.5
субварыянтамі каронавірусу, можа пры неспрыяльным збегу абставінаў інфікаваць да
18 іншых асоб. Менавіта таму зноў становяцца актуальнымі простыя сродкі
стрымлівання распаўсюджвання інфекцыі, якія даказалі сваю эфектыўнасць у сотнях
даследаванняў, — нашэнне масак у месцах масавага збору людзей, асабліва ў
абмежаваных замкнёных прасторах, абмежаванне наведвання людных месцаў без
крайняй неабходнасці, гігіена рук, сацыяльнае дыстанцыяванне.
Не губляе свайго значэння вакцынацыя супраць COVID-19. Так, згодна з большасцю міжнародных рэкамендацый вакцынацыя рэкамендуецца ўсім дарослым (а, напрыклад, у ЗША — і ўсім дзецям, старэйшым за 6 месяцаў; узрост пачатку вакцынацыі дзяцей можа адрознівацца ў залежнасці ад краіны).
У цяперашні час, згодна з рэкамендацыямі CDC (цэнтр па кантролі і прафілактыцы захворвання ЗША), рэгулярна карэктуюцца на аснове аналізу апошніх дадзеных высокай ступені доказнасці, мінімальна дастатковым лічыцца першасная вакцынацыя з дзвюх вакцын і абавязковая бустарная рэвакцынацыя адной дадатковай дозай вакцыны (праз 5 месяцаў і пазней пасля першаснай вакцынацыі).
Выключэнне складаюць імунакампрамеціраваныя асобы з
субаптымальным развіццём імуннага адказу на вакцыны, ім часта рэкамендуецца
дадаткова трэцяя доза вакцыны праз 28 дзён пасля другой (і гэта ўсё яшчэ першасная
вакцынацыя), а бустарная доза (чацвёртая) уводзіцца праз 3 месяцы і пазней
пасля папярэдняй.
Другая бустарная доза па рэкамендацыях CDC неабходная не
раней 4 месяцаў ад першай бустарнай дозы і рэкамендуецца абавязкова ўсім
асобам старэйшым за 50 гадоў, а таксама асобам старэйшым за 12 гадоў, якія
маюць імунасупрэсію. Наколькі неабходна ўвядзенне другой бустарнай дозы вакцыны іншым
асобам, якія атрымалі стандартную вакцынацыю і адзін бустар, да гэтага часу
прадмет гарачых дыскусій і працяглых даследаванняў. Аднак увядзенне
дадатковага другога бустэру, асабліва калі парушаная схема вакцынацыі раней,
можа быць толькі ў плюс.
<...>
Імунны адказ пасля раней перанесенай каронавіруснай інфекцыі і пасля вакцынацыі субаптымальны для прадухілення інфікавання варыянтам каронавіруса амікрон, але па-ранейшаму эфектыўна зніжае рызыку цяжкага плыні хваробы, ускладненняў і смерці.
Вакцынацыя нават падчас ўздыму захворвання не нясе
дадатковых рызык для здароўя чалавека, калі ён усё ж захварэе, атрымаўшы кантакт з вірусам неўзабаве пасля яе. Наадварот, нават некалькі дзён ўздзеяння вакцыны
на арганізм забяспечваюць індукцыю імуннага адказу і ўжо паляпшае прагноз
хваробы.
І калі вам кажуць, што пры нейкім стане проціпаказаная вакцынацыя супраць COVID-19, сумнявайцеся. Наадварот, практычна любая хранічная паталогія павялічвае рызыкі цяжкай плыні каронавіруснай інфекцыі, і карысць вакцынацыі пры гэтым адназначная. Каб канчаткова пераканацца ў гэтым, зайдзіце на сайты профільных медыцынскіх супольнасцяў для пацыентаў, якія ёсць у інтэрнэце, і прачытайце рэкамендацыі спецыялістаў, у тым ліку заснаваныя на выніках эфектыўнасці і бяспекі вакцынацыі сапраўды такіх жа людзей з сапраўды такім жа захворваннем. Або звярніцеся па параду да спецыялістаў, якія сапраўды займаюцца пытаннямі вакцынацыі COVID-19».
Чарговая хваля каронавіруса чакаецца ў Беларус прыкладна праз месяц. З папярэднімі ўлады спраўляліся больш прапагандай, выстаўляючы Лукашэнку палымяным барацьбітам з ковідам. На справе ж, менавіта Лукашэнка раіў беларусам не звяртаць увагі на пандэмію, але калі што, то лячыцца трактарам і козачкамі.
Афіцыйная статыстыцы ад Мінздароўя не давярала большасць беларусаў, але цяпер ведамства лічбы захворвання зусім амаль не публікуе.