Ігар Тышкевіч: У Брэсцкай вобласці адпрацоўваюць механізмы раптоўнай мабілізацыі
У Беларусі працягваецца «хапун» рэзервістаў, — пакуль што толькі ў Брэсцкай вобласці. Людзей забіраюць з прадпрыемстваў, уначы, звозяць іх у дамы культуры і «лядовыя палацы» і адпраўляюць у няпэўным кірунку. Што гэта можа азначаць, тлумачыць аналітык украінскага «Інстытута будучыні» Ігар Тышкевіч.
Жыхары Лунінца, што ў Берасцейскай вобласці, распавялі «М*дыя-Палессе» пра тое, што з аўторка ў райцэнтры, у суседніх Мікашэвічах і ўвогуле ў раёне пачалася так званая «мабілізацыя». Днямі медыя паведамлялі пра такую ж «мабілізацыю» ў іншых населеных пунктах краіны. У прыватнасці, у Баранавічах. Таксама пра аналагічныя выпадкі распавядалі ў Брэсце.
Рэзервістам уручаюць позвы на працы і нават дома, позняй ноччу — не прадстаўляючыся супрацоўнікамі ваенкамата, а складаючы «легенды».
«У Брэсцкай вобласці, мабыць, адпрацоўваюць механізмы раптоўнай мабілізацыі. Ёсць інфармацыя па Баранавічах, Лунінцы, Пінску, Ляхавічах. Месца збору — замест будынкаў ваенкаматаў выкарыстоўваюць «лядовыя палацы». Па Брэсце нават дало афіцыйнае ТБ (здымкі як раз у спарткомплексе).
Адным словам, цікавая сітуацыя.
Верагодней за ўсё, маем адпрацоўку алгарытму «загрэбці ўсіх, каго атрымаецца адлавіць» — гэта значыць з улікам расійскага вопыту мабілізацыі.
Пакуль, мяркуючы з таго, што рэзервістаў маюць намер адправіць у Слонім, гаворка ідзе пра манеўры на Абуз-Лясноўскім палігоне», — лічыць Ігар Тышкевіч.
Па яго меркаванні, «кейс непрыемны, але пакуль не небяспечны».
«Калі інфармацыя аб раптоўным хапуне рэзервістаў будзе прыходзіць як мінімум з трох абласцей можна будзе казаць аб трывожным кейсе», — піша ён у сваім тэлеграм-канале.
У Беларусі працягваецца так званая праверка боегатоўнасці. На зборы выклікаюць ваеннаабавязаных, у тым ліку — афіцэраў запасу. Шэраг апазіцыйных беларускіх палітыкаў заклікае ЕС адкрыць гуманітарныя калідоры для тых беларусаў, што бягуць ад прызыву.