Як стаць мільярдэрам?

Хто з беларусаў здолеў зарабіць мільярд даляраў? «Люстэрка» расказвае пра пецярых такіх — праўда, ніводзін з іх у Беларусі не жыве.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі фармальна няма ніводнага даляравага мільярдэра. Праўда, ураджэнец нашай краіны Андрэй Мельнічэнка, які лічыць сябе «беларусам па нараджэнні», але «рускім па нацыянальнасці», днямі стаў, паводле падлікаў часопіса Forbes, найбагацейшым чалавекам Расіі.

З капіталам 25,2 мільярда даляраў Мельнічэнка абагнаў Уладзіміра Патаніна, Уладзіміра Лісіна і іншых вельмі багатых расіян. Мы паглядзелі, хто яшчэ з ураджэнцаў Беларусі здолеў стаць даляравым мільярдэрам. Аказалася, што такіх людзей не менш за пяць — але чамусьці ніводзін з іх не жыве на радзіме.

Асаблівасці рэйтынгу Forbes

Рэйтынг мільярдэраў Forbes складаецца і публікуецца амерыканскім фінансава-эканамічным часопісам з 1987 года. Спачатку ён абнаўляўся раз на год, але цяпер існуе і спіс мільярдэраў у рэальным часе, які адсочвае штодзённыя ўзлёты і падзенні кошту актываў самых багатых людзей свету.

Капітал мільярдэраў ацэньваецца на падставе іх дакументальна пацверджаных актываў з улікам наяўных даўгоў і іншых фактараў. Падчас ацэнкі ўлічваюцца таксама нерухомасць, яхты, творы мастацтва і грашовыя сродкі. Дзейныя манархі і іх сем'і, а таксама дыктатары, чыё багацце залежыць ад іх становішча, па змоўчанні выключацца з рэйтынгу Forbes.

Для ацэнкі капіталаў Forbes штогод наймае некалькі дзясяткаў рэпарцёраў з розных краін, якія цягам года сустракаюцца з фігурантамі спісу, іх даверанымі асобамі, а таксама супрацоўнікамі, канкурэнтамі, юрыстамі і аналітыкамі па каштоўных паперах. Як прызнае сам Forbes, ацэнкі могуць быць прыблізнымі праз тое, што некаторыя мільярдэры ідуць на супрацоўніцтва і даюць неабходную інфармацыю, а іншыя захоўваюць яе ў сакрэце. Некаторыя спрабуюць завысіць свой капітал, адказваючы на пытанні ў анкетах. Другія замоўчваюць важныя дэталі, а трэція наогул адмаўляюцца адказваць на пытанні.

Рэйтынг Forbes 2023 года налічвае 2640 мільярдэраў — гэта на 28 менш, чым летась. Іх сукупнае багацце ацэньваецца ў 12,2 трыльёна даляраў супраць 12,7 трыльёна ў 2022-м. 735 чалавек са спісу — грамадзяне ЗША, 562 — кітайцы (з улікам Ганконга і Макаа). На трэцім месцы са 169 мільярдэрамі размясцілася Індыя. Зрэшты, калі ўзяць у разлік памеры капіталаў, амерыканскае дамінаванне выглядае сур’ёзнейшым: амерыканцы кантралююць 4,5 трыльёна даляраў, кітайцы — 2 трыльёны, індыйцы — 0,7 трыльёна даляраў.

Што да суседніх з Беларуссю краін, то ў Расіі часопіс налічыў сёлета 105 мільярдэраў, у Польшчы — семярых, ва Украіне — пецярых. У самой Беларусі Forbes мільярдэраў не зафіксаваў.

Самы багаты ўраджэнец Беларусі

Але гэта не значыць, што беларусаў-мільярдэраў няма наогул. Праўда, яны даўно жывуць за мяжой — як той жа Андрэй Мельнічэнка. Як самы багаты грамадзянін Расіі са спісу Forbes ён, імаверна, адначасова можа лічыцца самым багатым на гэты момант выхадцам з Беларусі.

Андрэй Мельнічэнка. Фота: Wikimedia Commons

Андрэй Мельнічэнка. Фота: Wikimedia Commons

Што да сумы яго капіталу, то фармальна яна можа быць меншай, чым 25,2 мільярда даляраў, названыя ў рэйтынгу часопіса. У сакавіку 2022 года пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну Мельнічэнка трапіў пад санкцыі ЕС і Вялікабрытаніі, а ў жніўні — яшчэ і пад амерыканскія. Пасля гэтага прадпрымальнік выйшаў са складу праўлення і бенефіцыяраў заснаваных ім кампаній «ЕўраХім» (якая займаецца вытворчасцю ўгнаенняў) і Сібірскай вугальнай энергетычнай кампаніі (СВЭК), каб вывесці іх з-пад магчымага санкцыйнага ўздзеяння. Тым не менш Forbes па-ранейшаму лічыць, што гэтыя актывы належаць яму.

Складальнікі альтэрнатыўнага рэйтынгу мільярдэраў з амерыканскага інфармагенцтва Bloomberg ацэньваюць капітал Мельнічэнкі больш сціпла — 12,4 мільярда даляраў. Але ў суправаджальным тэксце аўтары таксама адзначаюць, што «манеўр» з адмовай бізнесоўца ад доляў у «Еўрахіме» і СВЭК яны пад увагу не прымаюць. Паводле інфармацыі Bloomberg, долі ў дзвюх гэтых кампаніях (90% «Еўрахіма», або 4,53 мільярда даляраў, і 92,2% СВЭК, або 6,26 мільярда даляраў) складаюць асноўную частку капіталу Мельнічэнкі. Сярод іншых актываў агенцтва называе акцыянернае таварыства «Лучагорскі вугальны разрэз» (29 мільёнаў даляраў) і другую па магутнасці электрастанцыю на расійскім Далёкім Усходзе — Прыморскую ГРЭС (53 мільёны даляраў).

Бізнесовец нарадзіўся ў 1972 годзе ў Гомелі, але з’ехаў вучыцца ў Маскву, пасля чаго застаўся жыць у Расіі. Яго першым бізнесам у пачатку 90-х стаў пункт абмену валют у сталіцы РФ. У 1993 годзе ён стаў адным з заснавальнікаў МДМ-банка, які да 2000 года стаў адным з найбуйнейшых прыватных банкаў Расіі. У гэты час Мельнічэнка пачаў скупляць расійскія прамысловыя прадпрыемствы і вугальныя шахты.

У верасні 2005 года мільярдэр з беларускімі каранямі ажаніўся з сербскай мадэллю Аляксандрай Нікаліч. Вяселле прайшло ў французскім мястэчку Антыб на Лазурным беразе, дзе для вянчання ўзвялі копію старадаўняй падмаскоўнай капліцы, якая падабалася нявесце. На вяселлі прысутнічалі Крысціна Агілера, Уітні Х’юстан, Хуліа і Энрыке Іглесіясы. Гасцей забаўлялі каля 200 цыркавых артыстаў, танцоры і конныя казакі.

Іншыя мільярдэры родам з Беларусі: Кіслы, Мазепін, Клямко, Абызаў

Незалежна ад таго, у якую суму ацэньваць стан Андрэя Мельнічэнкі — у 25,2 або 12,4 мільярда даляраў, — ён апярэджвае іншых мільярдэраў і «калямільярдэраў» беларускага паходжання з вялікім адрывам. Мы знайшлі яшчэ чатырох ураджэнцаў Беларусі, чыё багацце ў асобныя гады перавышала мяжу ў мільярд даляраў — а ў кагосьці з іх, імаверна, перавышае і цяпер.

Магчыма, што другі з самых багатых людзей, якія нарадзіліся ў нашай краіне, — гэта Віктар Кіслы. Яшчэ ў 2016 годзе агенцтва Bloomberg абвясціла пра тое, што заснавальнік кампаніі — вытворцы камп’ютарных гульняў Wargaming стаў даляравым мільярдэрам. Кошт самой кампаніі эксперты тады ацанілі ў 1,5 мільярда. Пры гэтым было вядома, што Кісламу, які нарадзіўся ў 1976 годзе ў Мінску, належыць 64% бізнесу, а яшчэ 25,5% акцый ён кантраляваў праз свайго бацьку. Такім чынам, паводле метадалогіі часопіса Forbes (які, як мы памятаем, аб’ядноўвае долі блізкіх сваякоў з капіталам асноўнага ўладальніка), актывы Віктара ў 2016 годзе каштавалі не менш чым 1,345 мільярда даляраў.

Віктар Кіслы. Фота: mirtankov.su

Віктар Кіслы. Фота: mirtankov.su

Слова «магчыма» ў пачатку папярэдняга абзаца звязанае з тым, што ні ў 2016 годзе, ні пазней Віктар Кіслы так і не з’явіўся ў рэйтынгу мільярдэраў Forbes. Атрымліваецца, што з пункту гледжання экспертаў часопіса яго капітал так і не перавысіў адзнакі ў мільярд даляраў. І нават калі б заснавальнік Wargaming аказаўся ў рэйтынгу, не факт, што ён фігураваў бы ў ім як беларус. Галаўны офіс кампаніі пераехаў на Кіпр яшчэ ў 2011 годзе, а ў 2012 кіпрскае грамадзянства атрымаў і сам Віктар.

Акрамя таго, у адкрытым доступе няма больш свежых даных пра памер капіталу Кіслага. Вядома таксама, што ў красавіку 2022 года яго кампанія сышла з Расіі і Беларусі, а бізнес, які застаўся там, перайшоў пад кіраванне расійскай кампаніі Lesta Studio. Фінансавыя дэталі гэтай трансфармацыі не выдаваліся, але можна меркаваць, што кошт Wargaming пасля сыходу са свайго галоўнага рынку наўрад ці вырас.

Капітал яшчэ некалькіх багатых людзей, якія нарадзіліся ў Беларусі, у розны час «перавальваў» за мільярд даляраў, але цяпер не дацягвае да гэтай адзнакі. Самым багатым з іх пашчасціла пабываць у 2013 годзе Дзмітрыю Мазепіну — тады яго актывы ацэньваліся расійскай версіяй часопіса Forbes у 3,2 мільярда даляраў. Праўда, з таго часу капітал Мазепіна прыкметна зменшыўся. У апошнім з апублікаваных на цяперашні момант спісаў 200 найбагацейшых бізнесоўцаў Расіі (за 2021 год) ён дасягаў 800 мільёнаў даляраў.

Дзмітрый Мазепін. Фота: Kremlin.ru, CC BY 4.0, commons.wikimedia.org

Дзмітрый Мазепін. Фота: Kremlin.ru, CC BY 4.0, commons.wikimedia.org


Мазепін мае расійскае грамадзянства, але нарадзіўся ў 1968 годзе ў Мінску. Ён скончыў Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча, праходзіў вайсковую службу ў Афганістане, а ў 1992 годзе скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін. Да 2022 года быў уладальнікам расійскай кампаніі «Уралхім», якая вырабляе мінеральныя ўгнаенні, — але пасля трапляння пад міжнародныя санкцыі ў сувязі з расійскім уварваннем ва Украіну прадаў кантрольны пакет акцый.

Цікава, што пад санкцыі разам з бацькам трапіў сын Дзмітрыя Мазепіна Мікіта, які быў чацвёртым у гісторыі расійскім гоншчыкам «Формулы-1». Кантракт каманды Haas F1 Team з ім скасавалі на фоне расійскай агрэсіі. Адной з прычын уключэння Мазепіна ў санкцыйны спіс ЕС назваў удзел у сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Пуціным 24 лютага — у дзень пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну.

Нягледзячы на расійскае грамадзянства, Мазепін уцягнуты ў палітычныя працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі. У жніўні 2020 года ён заклікаў беларускія ўлады спыніць бессэнсоўнае кровапраліцце і гвалт супраць мірных грамадзян. Апанентам Лукашэнкі (беларускай інтэлігенцыі, бізнесоўцам і палітыкам) ён прапанаваў сфармаваць Камітэт нацыянальнага выратавання, які ад імені народа мог бы размаўляць з уладай на роўных. А ў чэрвені 2021 года Мазепін вымушаны быў абвяргаць ускосныя абвінавачанні з боку Рамана Пратасевіча. Той пасля затрымання беларускімі ўладамі заявіў, што тэлеграм-канал NEXTA нібыта фінансаваўся расійскім алігархам — канкурэнтам Міхаіла Гуцэрыева, чыя фірма звязаная «з Уралам і горнай здабычай».

У 2,7 мільярда даляраў у 2011 годзе ацэньваўся капітал Андрэя Клямко, які нарадзіўся ў 1961 годзе ў Навагрудку. Праўда, потым ён зменшыўся да 500 мільёнаў даляраў, а ў рэйтынгу расійскага Forbes за 2021 год бізнэсовец наогул адсутнічае. Прадпрымальнік, чыім партнёрам быў сын былога прэм’ер-міністра Расіі Віктара Чарнамырдзіна Віталь, займаецца горназдабыўной прамысловасцю. Акрамя таго, ён кіруе Федэрацыяй самба Санкт-Пецярбурга.

Андрэй Клямко. Фото: ej.by

Андрэй Клямко. Фото: ej.by


Падобна да таго, што апошнім часам справы ў бізнесу Андрэя Клямко ідуць не вельмі добра. Зусім нядаўна, у лістападзе 2022 года, яго кампанія «ЯрегаРуда» датэрмінова пазбавілася ліцэнзіі на распрацоўку нафтатытанавага радовішча ў Рэспубліцы Комі на поўначы Расіі. Прычынай стала няздольнасць увесці радовішча ва ўстаноўлены тэрмін у прамысловую эксплуатацыю.

У 2012 годзе ў 1,3 мільярда даляраў ацэньваўся капітал Міхаіла Абызава. Ён нарадзіўся ў Мінску ў 1972 годзе. У 10 гадоў у будучага мільярдэра не стала бацькі, і працоўную кар’еру ён пачаў вельмі рана. З 14 гадоў працаваў рознарабочым на друкарні, потым — грузчыкам на піўзаводзе. Падлеткам Абызаў ездзіў на заробкі ў Цюмень у складзе будатрада медінстытута. Пасля вяртання ў Мінск яго запрасіў на навучанне (як пераможцу школьнай алімпіяды) фізіка-матэматычны інтэрнат пры Маскоўскім дзяржаўным універсітэце. Тут ён вучыўся разам з аднагодкам Андрэем Мельнічэнкам.

Ужо на першым курсе мехмата МДУ юнак заснаваў сваю першую фірму, якая займалася продажам турэцкіх тавараў і аргтэхнікі. З восені 1991 года быў брокерам на расійскай таварна-сыравіннай біржы, дзе зарабіў, паводле ўласных словаў, свае першыя «па-сапраўднаму вялікія грошы»: 500 тысяч даляраў. Як расказваў Абызаў, каб «закрыць» выгадную ўгоду па перапродажы пераабсталяваных у лесавозы вайсковых аўтамабіляў з Літвы, яму (19-гадоваму) давялося ехаць у Сібір і вельмі доўга ўгаворваць партнёраў аплаціць куплю: «Жыў там некалькі тыдняў, піў гарэлку, пакуль яны не заплацілі».

У пачатку 2000-х гадоў Абызаў быў уладальнікам буйнога бізнесу і намеснікам старшыні праўлення РАТ «ЕЭС Расіі» (узначальваў гэты расійскі энергагігант Анатоль Чубайс). Знаходзячыся на гэтай пасадзе, ён пазнаёміўся з сябрамі Пуціна Аркадзем і Барысам Ратэнбергамі. У студзені 2012 года Абызаў стаў дарадцам тагачаснага прэзідэнта Дзмітрыя Мядзведзева, а ў траўні — міністрам па каардынацыі «Адкрытага ўрада».

Прабыўшы на гэтай пасадзе «міністра без міністэрства» шэсць гадоў, Абызаў у канцы 2018 года пакінуў Расію і жыў на сваёй віле ў Італіі і ў ЗША. У сакавіку 2019 года ён вярнуўся ў РФ на дзень нараджэння былога калегі і быў арыштаваны. Мільярдэра і былога міністра абвінавацілі ў стварэнні злачыннай супольнасці з выкарыстаннем службовага становішча, махлярстве ў асабліва буйным памеры, кіраванні афшорнай кампаніяй падчас знаходжання на пасадзе міністра і іншых злачынствах. Сам Абызаў віны не прызнаў і назваў абвінавачанні ў свой адрас «адвольным сачыненнем на тэму Крымінальнага кодэкса».

У кастрычніку 2020 года суд пастанавіў спагнаць з Абызава больш за 32 мільярды расійскіх рублёў (каля 0,5 млрд даляраў), што стала рэкордам расійскага судаводства.

Ужо пасля арышту ў 2021 годзе Forbes усё яшчэ ацэньваў капітал Абызава ў 650 мільёнаў даляраў. У жніўні 2022 года экс-міністр, знаходзячыся ў строгай ізаляцыі ў СІЗА «Лефортава», змог дабіцца зняцця арышту са сваіх акцый, якімі збіраўся пагасіць суму пазову. Гэтыя актывы па рынкавым кошце ацэньваліся ў 40 мільярдаў рублёў (то-бок якраз каля 650 мільёнаў даляраў паводле курсу таго часу). Іх з лішкам мусіла хапіць для выплаты. Але дзяржава залічыла іх па намінальным кошце ў 10 мільярдаў рублёў, пасля чаго прадпрымальнік застаўся вінен яшчэ больш за 20 мільярдаў.

Міхаіл Абызаў працягвае знаходзіцца ў СІЗА, дзе яго суседам па камеры стаў экс-губернатар Хабараўскага краю Сяргей Фургал. 1 красавіка гэтага года стала вядома, што дзяржава выставіла на продаж ягоную кватэру ў Маскве коштам 411 мільёнаў рублёў.