Ігар Банцэр прайграў суд за камуналку на «хіміі», калі ён там не знаходзіўся
Былы палітвязень і рок-музыка Ігар Банцэр прайграў суд віцебскай «хіміі». Цяпер ён мусіць сплаціць 81,66 рублёў за камуналку за тыя дні, якія знаходзіўся ў ШІЗА, плюс 64 рублі дзяржпошліны.
Такое рашэнне сёння вынесла суддзя Вольга Шуманская ў судзе Ленінскага раёна Гродна. Ігар Банцэр плануе абскардзіць гэтае рашэнне.
Музыка атрымаў позву ў суд па грамадзянскай справе «аб спагнанні сродкаў за пражыванне ў спецінтэрнаце». Згодна з іскам, Банцэр за час свайго знаходжання на віцебскай «хіміі» з 17 чэрвеня па 17 снежня 2021 года не плаціў за камунальныя паслугі. Пры гэтым за час свайго знаходжання на «хіміі» ён прасядзеў у ШІЗА 82 дні. І менавіта за гэты час адмаўляўся плаціць за пражыванне ў інтэрнэце, дзе яго фізічна не было.
Ігар Банцэр — гродзенскі панк-рок музыка і актывіст. Яго затрымалі 20 кастрычніка 2020 года і абвінавацілі ў хуліганстве за танец у стрынгах перад міліцэйскай машынай. Музыка правёў у СІЗА гродзенскай турмы 5 месяцаў: яго кідалі ў адзіночную камеру, адпраўлялі на прымусовую псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі, змяшчалі ў карцар.
Падчас суду, каб абараніць свае правы, Банцэр абвесціў сухую галадоўку, якую трымаў без вады і ежы 16 дзён, да вынясення выраку. Суддзя Наталля Козел 19 сакавіка 2021 года прысудзіла яму 1,5 года «хіміі». Банцэр выйшаў на волю з папраўчай установы адкрытага тыпу № 9 у Віцебску 17 снежня 2021 года. Ён адбыў там увесь прызначаны тэрмін.