Хто вінаваты ў санкцыях?

Хто вінаваты ў санкцыях супраць Беларусі? Хто падставіў Аляксандра Лукашэнку? Хто даў каманду на разгон дэманстрацыі 19 снежня ў Мінску? Хто сапсаваў адносіны з Еўропай? Нечакана мы атрымалі на гэтыя пытанні адказы.



e5afb0f2dbc6d39b312d7406054cb4c6.jpg

Хто вінаваты ў санкцыях супраць Беларусі? Хто падставіў Аляксандра Лукашэнку? Хто даў каманду на разгон дэманстрацыі 19 снежня ў Мінску? Хто сапсаваў адносіны з Еўропай? Нечакана мы атрымалі на гэтыя пытанні адказы.
Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па некаторых унутрыпалітычных пытаннях заявіў, што многія цяпер спрабуюць абвінаваціць КДБ, МУС і ўвесь сілавы блок краіны ў тым, што яны нібыта дэзынфармавалі і ашукалі прэзідэнта. «Я папрашу ў гэтай сувязі ўсім супакоіцца і зразумець адну рэч: першым, хто абараняе суверэнітэт і незалежнасць краіны і тую сістэму, якая функцыянуе, з’яўляецца прэзідэнт. Ніякіх дзеянняў праваахоўныя органы не рабілі, не робяць і не будуць рабіць па навядзенні парадку ў краіне без санкцыі прэзідэнта», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Між тым, ён прапанаваў ураду падрыхтаваць меры ў адказ у выпадку ўвядзення супраць Беларусі нейкіх санкцый. «У выпадку, калі хтосьці паспрабуе ўвесці супраць краіны эканамічныя або іншыя санкцыі, мы павінны неадкладна адрэагаваць, падрыхтаваць меры ў адказ, аж да самых жорсткіх, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Ні пад каго прагінацца мы не маем намеру, і нахіляць нас нікому не дазволена. І тычыцца гэта павінна абсалютна ўсіх, хто паспрабуе ціснуць і блакаваць краіну, хай гэта будзе асобная група краін або нават Еўрасаюз у цэлым».
Лукашэнка заявіў, што чакае ад Міністэрства замежных спраў «канкрэтных прапаноў па супрацьдзеянні антыбеларускай кампаніі за мяжой». «Нам неабходна выпрацаваць комплекс мер, якія не дазволяць зрабіць нашу краіну пешкай у чужой гульні і нанесці ўдар па нашай эканоміцы, бяспецы і суверэнітэце», — падкрэсліў ён.
Як МЗС Беларусі будзе выконваць гэтыя патрабаванні — невядома. Вядома толькі, што нашых чыноўнікаў ужо за мяжу не пускаюць. Прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных у эфіры тэлеканала АНТ заявіў, што ў Берлін не пусцілі намесніцу міністра сельскай гаспадаркі Надзею Каткавец. Яна мусіла прадстаўляць краіну на сельскагаспадарчай выставе «Зялёны тыдзень–2011». Аднак у апошні момант запрашэнне беларускай чыноўніцы скасавалі.
Савіных лічыць гэта абсурдным і звязвае з увядзеннем візавых санкцый супраць беларускага кіраўніцтва.
Фінская прэса таксама выдала сенсацыю. Па іх звестках, буйныя фінскія інвестары адмовіліся ад запланаванай раней паездкі ў Беларусь. І гэта яшчэ да канчатковага ўвядзення санкцый.
Міністр унутраных справаў Анатоль Куляшоў 26 студзеня ўпершыню з’явіўся перад журналістамі ад моманту выбараў. І зрабіў сваё прызнанне. Аказваецца, 19 снежня Куляшоў захаваў мір, спакой і стабільнасць. «Мне не сорамна. Калі б пачалася другая хваля, то была б бойня», — сказаў Куляшоў. Карэспандэнт «Нашай Нівы» запытаўся, ці сам Куляшоў аддаваў загад на разгон Плошчы, ці яно прымалася на больш высокім узроўні. Міністр адказаў, што ён.
Хто хлусіць: Лукашэнка альбо Куляшоў? Ці міністр унутраных спраў вырашыў, што яму ў Еўропе анічога не свеціць, і паспрабаваў узяць віну на сябе, на карысць свайго шэфа?
А Еўропа працягвае «бамбіць» афіцыйны Мінск заявамі і прапановамі. Група дэпутатаў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы заклікае ўсіх сябраў Савета Еўропы запатрабаваць ад беларускіх улад правядзення новых выбараў прэзідэнта. З такой заявай выступіў 21 дэпутат ПАСЕ.
Тэкст дакумента размешчаны на сайце ПАСЕ. Падпісанты асуджаюць фальсіфікацыю выбараў, арышты пасля іх і ўсе іншыя «прыкметы недастатковай павагі правоў чалавека беларускімі ўладамі». Дэпутаты ПАСЕ заклікаюць усіх сябраў Савета Еўропы асудзіць гвалт у Беларусі, не прызнаваць вынікаў выбараў і запатрабаваць новых выбараў.
Аўтары заявы таксама заклікаюць перагледзець двухбаковыя адносіны з афіцыйным Мінскам. Яны прапануюць вызначыць спіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за правядзенне выбараў і парушэнне правоў чалавека, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю краін — сябраў Савета Еўропы. Парламентарыі заклікаюць устанавіць «суровыя» эканамічныя санкцыі супраць беларускіх улад, якія павінны дзейнічаць, пакуль у краіне не пачнуць выконвацца правы чалавека. Пры гэтым прапаноўваецца выкарыстоўваць спіс з 12 умоў, прыняты ЕС у лістападзе 2006 года, на базе якіх Еўракамісія будуе свае адносіны з Беларуссю. Асноўнай умовай для спынення санкцый павінна стаць правядзенне новых выбараў у Беларусі, падкрэсліваецца ў заяве.
У аўторак, 25 студзеня, урад Латвіі на закрытай частцы пасяджэння ў прынцыпе падтрымаў забарону на ўезд для беларускіх службовых асобаў, пры гэтым у сферы эканамічных санкцый Латвія заклікае ацэньваць кожны праект супрацоўніцтва асобна. Прадстаўнік МЗС Ілзэ Юхансоне паведаміла, што ўрад зацвердзіў пазіцыю Латвіі, якую краіна зойме на нарадзе міністраў замежных справаў ЕС 31 студзеня, дзе яе будзе прадстаўляць міністр замежных справаў Гіртс Валдзіс Крыстоўскіс.
Адным з галоўных пытанняў на нарадзе будзе ўвядзенне санкцый у дачыненні да Беларусі. Да нарады рыхтуецца рашэнне аб аднаўленні забароны на ўезд для беларускіх службовых асобаў, у тым ліку для прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, супрацоўнікаў міліцыі і журналістаў. Гаворка ідзе пра спіс прыкладна са 160 чалавек, хоць паміж краінамі ЕС яшчэ працягваюцца дыскусіі пра тых, хто будзе ў яго ўключаны.
Карацей, да часу «ікс» беларускіх уладаў засталося зусім няшмат. І думаць, што мы напужаем Еўропу нейкімі «зваротнымі» санкцыямі — глупства. Ну чым мы можам іх прыціснуць? Стварыць свой «спіс неўяздных». Дык яны і самі сюды не вельмі імкнуцца…
Адзінае, па чым Беларусь ускочыла ў апошні вагон цягніка, — спорт. 26 студзеня ў Мінску падпісаная дамова паміж Дырэкцыяй па правядзенні чэмпіянату свету па хакеі 2014 года ў Мінску і швейцарскай кампаніяй «Інфронт». Пра гэта паведамілі ў Федэрацыі хакея Беларусі. Швейцарская кампанія «Інфронт» з’яўляецца адным з сусветных лідараў у галіне спартовага маркетынгу. Яна была партнёрам Міжнароднай федэрацыі хакея падчас чэмпіянатаў свету 2009 і 2010 гадоў. Дагэтуль было вядома, што кампанія возьме ўдзел у арганізацыі трох наступных сусветных першынстваў па хакеі. Цяпер яна далучыцца і да падрыхтоўкі мінскага чэмпіянату.
Аднак скептыкі заўважаюць, што гэта дамова — толькі дамова пра намеры. І няясна, што будзе далей.