Хронікі рэпрэсій за 5 верасня: віртуальны адвакат, X-старонка Арцёма Шрайбмана стала «экстрэмісцкай»
Тамаза Піпія асудзілі на яшчэ адзін год і шэсць месяцаў зняволення ў дадатак да пяці гадоў пазбаўлення волі. Для беларусаў унутры краіны запрацаваў віртуальны адвакат. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі галоўныя навіны пра пераслед беларусаў з боку рэжыму за сённяшні дзень.
- Для беларусаў унутры краіны запрацаваў віртуальны адвакат
Advakatby_bot — гэта аўтаматызаваны сервіс кансультавання ахвяраў рэпрэсій і іх блізкіх у прыладзе Telegram. Яго распрацавалі адвакаты, якія абаранялі палітвязняў і былі пазбаўлены ліцэнзій, пры кансультацыйнай падтрымцы праваабарончых арганізацый. Знайсці яго можна па наступным адрасе: @advakatby_bot.
Advakatby_bot папярэджвае пра неабходнасць выдаліць чат-бот пасля выкарыстання, аб чым неаднаразова нагадваецца падчас яго праходжання і даецца спасылка на адпаведную відэаінструкцыю (распрацаваную Кіберпартызанамі).
Неўзабаве Advakatby_bot запрацуе ў веб-версіі, якая будзе дзейнічаць толькі пры выкарыстанні VPN (або ў замежжы), што будзе больш бяспечным для карыстальнікаў у Беларусі.
- X-старонка палітычнага аглядальніка Арцёма Шрайбмана прызнаная «экстрэмісцкай»
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёну Мінска 3 верасня. Адзначым, што на старонку Шрайбмана падпісаныя амаль 17 тысяч чалавек.
Акрамя таго, у «экстрэмісцкі» спіс трапілі старонкі ў «Х» «Dzianis Kuchynski», «Tatsiana Khomich», «Yuliya Yukhno», а таксама Instagram-старонкі «andrey_gaponik», «alena_gaponik», «lizavetaccouncil», «mikalaibandarenka».
- Двух палітвязняў сёння судзяць за «непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі» — ім могуць дадаць яшчэ па 2 гады
У Наваполацку і Мазыры 5 верасня прайшлі суды над палітвязнямі Тамазам Піпіям і Уладзімірам Цыгановічам. Іх абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі).
Суддзя Таццяна Хрыпач асудзіла Тамаза Піпія на яшчэ адзін год і шэсць месяцаў зняволення ў дадатак да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Нагадаем, Тамаза асудзілі за «ўдзел у масавых беспарадках» да 5 гадоў калоніі. Па справе Тамаз праходзіў разам з братам Цімурам, якога таксама пазбавілі волі. Нядаўна ў братоў памерла маці. У яе выявілі анкалогію на глебе стрэсу праз паўгода пасля затрымання сыноў. Гэтай вясной яна была апошні раз у іх на спатканнях.
Уладзімір Цыгановіч — блогер, аўтар youtube-канала MozgON. Цыгановіча асудзілі па «справе Ціханоўскага» да 15 гадоў калоніі. Вясной 2023-га года супраць Уладзіміра ўзбудзілі крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі турмы» і прызначылі адзін год калоніі. Праз паўгода яго ў другі раз асудзілі паводле арт. 411 КК. Але вынік суда невядомы.
- Затрымалі мінскага айцішніка, які «пагражаў міліцыянту расправай» у Viber
Паводле інфармацыі МУС, 53-гадовы супрацоўнік IT-кампаніі Андрэй Руды «з дапамогай перапіскі ў мэсэнджэры «Вайбер» пагражаў супрацоўніку крымінальнага вышуку Першамайскага РУУС ужываннем гвалту ў мэтах перашкоды яго законнай дзейнасці».
У адносінах да мужчыны распачалі крымінальную справу за пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Мінчуку пагражае пакаранне да 7 гадоў пазбаўлення волі.
- Па памілаванні на волю выйшла менеджарка EPAM Дзіяна Завадская, якую затрымалі па вяртанні з Грузіі
Пра Дзіяну вядома, што да затрымання яна ўзначальвала каманду тэсціроўшчыкаў у EPAM. Пасля пачатку вайны яна разам з сынам, якому цяпер 7 гадоў, выехала ў Тбілісі. Але ў нейкі момант вырашыла вярнуцца ў Беларусь, хоць час ад часу выязджала за мяжу.
Яе абвінавацілі паводле арт. 342 КК (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 361-3 КК (Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу). Які тэрмін прысудзілі Завадскай — невядома.
-
У Мінску сужэнцаў затрымалі за ўдзел у пратэстах
На «палонным відэа» мужчына кажа, што 15 жніўня адзначалі дзень народзінаў жонкі ў Мінску, дзе прынялі ўдзел у пратэстах.
«Медыязона» знайшла старонкі затрыманых у сацсетках. Там яны падпісаны як Іван Хадасевіч і Аліна Свянціцкая.
-
19-гадовага палітвязня хутка пачнуць судзіць за «здраду дзяржаве»
16 верасня Магілёўскі абласны суд у закрытым судовыя пасяджэнні пачне разгляд справы палітзняволенага Данііла Гарасіма. Хлопцу інкрымінаваныя ч. 1 арт. 361-3 КК (Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеянняў, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу), ч. 1 арт. 356 КК (Здрада дзяржаве), ч. 2 арт. 295 КК (Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў). Працэс прызначаны весці Ігар Зямцоў.
Данііл — 19-гадовы юнак. Згодна прапагандысцкага фільма АНТ, яго абвінавачвалі у «здрадзе дзяржаве» за тое, што ён фатаграфаваў вайсковыя аб'екты ў Асіповічах і спрабаваў перадаць «башмак» ініцыятыве «Супраціў». У фільме паказваюцца кадры пастаяннага сачэння за ім.
-
У Мінску за дапамогу палітвязням пачалі судзіць Алену Тапаркову
У Мінскім гарадскім судзе 5 верасня распачаўся суд над 54-гадовай Аленай Тапарковай. Яе абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядае суддзя Святлана Макарэвіч.
На гэтым тыдні масава праходзяць суды над затрыманымі ў студзені. Паводле «Вясны», мінімум 17 затрыманых у студзені 2024 года патрапілі пад судовы крымінальны пераслед. Жанчынам, як правіла, прызначаюць да трох гадоў калоніі. Так, за студзеньскі рэйд ужо асудзілі Ірыну Такарчук, Алесю Сяргеенку, Алену Дземянчук, Надзею Лескавец, Наталлю Харытонаву-Крыжэвіч.
-
У Бярозе за ўдзел у пратэстах судзяць чатырох мясцовых жыхароў
У судзе Бярозаўскага раёна 5 верасня распачаўся суд паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) над адразу чатырма мясцовымі жыхарамі. Гэта Мікалай Кулак, Ігар Яўменаў (Куль), Андрэй Рыбакоў, Віктар Данілюк.
Справу разглядае Людміла Рудзіна. На яе рахунку лічыцца тры палітычных крымінальных прысуда па дыфамацыйных артыкулах.
Нядаўна ў Бярозе асудзілі першых чатырох чалавек за ўдзел у акцыях пратэсту ў ноч з 10 на 11 жніўня. Згодна версіі абвінавачвання, беразоўцы «выкрыквалі лозунгі, дэманстравалі палотны бел-чырвона-белага колеру, перашкаджалі руху транспартных сродкаў». Усім прызначылі калонію.
- За ўдзел у акцыях пратэсту судзяць айцішніка
У судзе Маскоўскага раёна 5 верасня распачынаецца суд над IT-спецыялістам Дзмітрыем Овад-Марчуком. Справу разглядае Таццяна Пірожнікава, якая па «народным» артыкуле з 2020-га года асудзіла ўжо мінімум 41 пратэстоўца.
Пра затрыманне Дзмітрыя Овада-Марчука стала вядома з прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў 4 ліпеня. На «палонным відэа» ён распавядаў, што ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту і за гэта ўжо адбываў адміністрацыйны арышт. Таксама на відэа ён «прызнаваўся», што пісаў ініцыятыве «Чорнай Кніга Беларусі» і пакідаў абразлівыя каментары ў Telegram-каналах. Тым не менш, цяпер яго абвінавачваюць толькі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак).