Хронікі рэпрэсій за 4 снежня: 8 новых палітвязняў
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць «экстрэмісцкімі» матэрыяламі і фармаваннямі, паведамляюць праваабаронцы.
- У Беларусі яшчэ 8 новых палітвязняў
Праваабарончыя арганізацыі ў адмысловай заяве прызналі палітвязнямі яшчэ восем чалавек. Гэта Артур Панчанка, Іна Багдановіч, Руслан Казакевіч, Яўген Леанкоў, Юрый Хлебавец, Станіслаў Рубашэўскі, Вольга Жалабкова, Аляксандр Калін.
- Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
- Telegram-каналы «Иван Асташин», «BelaMedia».
- Відэаролік «Рэжым Лукашэнкi патрабуе мiльярд ад Лiтвы. Вечаровы эфiр за 14 лiстапада».
- Старонка ў «Аднакласніках» «111 BREST».
- Палітзняволенага спецназаўца Яна Папковіча зноў будуць судзіць
Ян Папковіч — экс-спецназавец, былы інкасатар «Белгазпрамбанка», які звольніўся і збіраўся разам з жонкай і братам Алесем у верасні 2022 года з'язджаць у Польшчу. Але напярэдадні быў затрыманы групай «Альфа».
Падчас затрымання Яна моцна збілі, таксама стрэлам паранілі ягонага сабаку.
Яго асудзілі да 4 гадоў калоніі. Яна Папковіча прызналі вінаватым паводле арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 КК («Падрыхтоўка да ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні»).
Цяпер стала вядома, што па ініцыятыве адміністрацыі магілёўскай калоніі № 15 супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі»). Суд над Янам распачнецца ў Магілёве 14 снежня. Справу будзе разглядаць суддзя Таццяна Міхайлава.
- Асуджанага пасля вяртання з Польшчы палітвязня зноў будуць судзіць
Аляксандр Кулікоў быў затрыманы адразу пасля вяртання з-за мяжы і асуджаны да 3 гадоў калоніі за абразу Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК) і паклёп на яго (ч. 2 арт. 367 КК).
Мужчына быў за мяжой, калі супраць яго распачалі справу, аднак вырашыў вярнуцца, бо яму паабяцалі, што яму будзе абраная мера пакарання, не звязаная з пазбаўленнем волі.
6 снежня Магілёўскі абласны суд у закрытым рэжыме распачне новы судовы працэс у дачыненні да Кулікова. Яму інкрымінаваныя:
• арт. 361-1 — стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім;
• арт. 361-3 — удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу.
• арт. 361-5 — праходжанне навучання або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці.
Судовы працэс будзе весці Дзяніс Кічыгін.
- Палітзняволеную Вікторыю Кульшу зноў змяшчалі ў ШІЗА. За апошнія паўгода яна правяла там 70 дзён
Вікторыю двойчы за год асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі»). Апошні раз суд прызначыў жанчыне яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі.
22 чэрвеня пасля чарговага жанчыну зноў этапавалі ў жаночую калонію № 24. Цяпер стала вядома, што нядаўна яе ў чарговы раз змяшчалі ў ШІЗА, за паўгода яе ўтрымлівалі там не менш за 70 дзён. Пры гэтым некалькі месяцаў таму яе змясцілі ў памяшканне камернага тыпу.
Нагадаем, раней у зарэчанскай калоніі Вікторыя адбыла мінімум 92 дні ў ШІЗА і паўгода ў ПКТ. Па інфармацыі праваабаронцаў, адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю логцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Праз галадоўкі ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.
- «Хапун» у Гомелі — затрымалі як мінімум 5 чалавек
Пра гэта пішуць праўладныя тэлеграм-каналы.
Паведамляецца, што ўсе яны былі затрыманыя за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у інтэрнэце.
- Вядома пра шасцёра затрыманых на «Белтрансгазе»
Затрыманні на «Белтрансгазе» прайшлі 1 снежня. Цяпер праваабаронцы даведаліся імёны затрыманых. Ім вядома пра 6 затрыманых на «Белтрансгазе» ў Слоніме: Сяргей Таўрэль, Ірына Фянько, Іна Лявончык, Аляксандр Агеенкаў, Мікіта Юрчак і Валерый Зазуля. 4 снежня над імі прайшлі суды. Іх вынікі яшчэ невядомыя. Слонімцаў абвінавачвалі ў распаўсюдзе »экстрэмісцкіх» матэрыялаў.
Затрыманні на «Белтрансгазе» прайшлі 1 снежня.
- Беларусы Масквы працягваюць збірацца кожны тыдзень і пісаць беларускім палітвязням
Гэтым разам віншаванні з Днём Народзінаў, а таксама словы падтрымкі, павінны атрымаць Захарчанка Руслан, Васілевіч Мікалай, Міхайлаў Станіслаў, Рабчанка Уладзімір, Дубцоў Дзмітрый, Амосава Сняжана, Міхайлаў Ягор, Карняенка Ганна, Дзенісенка Андрэй, Аляксееў Уладзімір.