«У перапісцы асуджаны не абмежаваны». Як працуе рэжым «інкамунікада» ў беларускіх калёніях
Ад Міколы Статкевіча няма вестак 300 дзён, ад Максіма Знака — 296, ад Марыі Калесьнікавай — 295, ад Ігара Лосіка — 290. У палітзьняволеных няма сувязі з вонкавым сьветам. Што такое рэжым «інкамунікада» ў дачыненьні да беларускіх палітвязьняў? Гэта абмежаваньне, ці парушэньне правоў чалавека?
«Свабода» паспрабавала высьветліць, што цяпер з вядомымі беларускімі палітвязьнямі.
10 месяцаў без лістоў ад вядомых палітвязьняў
Апошні ліст ад палітвязьня Міколы Статкевіча прыйшоў 9 лютага, ад Ігара Лосіка — 20 лютага. Амаль 10 месяцаў няма лістоў ад Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака, Марыі Калесьнікавай.
У так званым рэжыме «інкамунікада» (пазбаўленьня сувязі з вонкавым сьветам) многія вядомыя палітвязьні знаходзяцца зь лютага. Паводле дасьведчанай крыніцы, зь якой паразмаўляла «Свабода», такое распараджэньне прыйшло з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. У сакавіку Ігара Лосіка, Міколу Статкевіча і Максіма Знака пакаралі і зьмясьцілі ў памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ).
Паводле інфармацыі ў фэйсбуку сястры Марыі Калесьнікавай Тацяны Хоміч, Марыя таксама знаходзіцца ў адзіночцы ПКТ гомельскай жаночай калёніі, там яе зьбіраюцца трымаць да канца году. У ліпені адразу некалькі крыніцаў, у тым ліку і сваякі Віктара Бабарыкі, і аб’яднаньне былых сілавікоў «BelPol», паведамілі, што палітвязень зьмешчаны ў ПКТ. У кастрычніку стала вядома, што ў ПКТ зьмясьцілі Алеся Бяляцкага.
Згодна з заканадаўствам, нават калі чалавек зьмешчаны ў ПКТ, яму дазволеная перапіска без абмежаваньняў, але лістоў ад гэтых вязьняў няма.
Трымаць зьняволенага ў ПКТ можна максымум 6 месяцаў. Пасьля гэтага тэрміну яго павінны вярнуць у атрад да іншых вязьняў. Але інфармацыі пра вяртаньне палівязьняў у атрады няма, лісты сваякам ад іх дагэтуль не прыходзяць.
Сваякі працягваюць пісаць сваім родным, шлюць у калёніі і Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў шматлікія скаргі, атрымліваючы стандартныя адказы: «Ваш зварот разгледжаны. У перапісцы асуджаны N. не абмяжоўваецца, адміністрацыя калёніі ліставаньню не перашкаджае».
Сваякі дамагаюцца і асабістага прыёму ў начальнікаў калёніяў, хоць трапіць на прыём неймаверна цяжка. Праз тэлефон запісацца практычна немагчыма, даводзіцца ехаць за сотні кілямэтраў і намагацца, каб запісалі, а потым ехаць яшчэ раз. Прыём доўжыцца максымум 5–7 хвілінаў. Дыялёг начальніка калёніі з сваяком вядомага палітвязьня выглядае прыкладна так:
— Асуджаны N. знаходзіцца ў нас.
— У ПКТ, у атрадзе — дзе канкрэтна?
— У нас. Нічога больш я вам не скажу.
— Як у яго здароўе?
— Жыцьцю і здароўю нічога не пагражае.
— Можна перадаць хаця б сродкі гігіены?
— Нельга. Перадачы не дазволеныя.
— А чаму лістоў няма ўжо шмат месяцаў?
— У перапісцы асуджаны N. не абмежаваны.
— Чаму тады сваякі не атрымліваюць лісты?
— Ня ведаю. Размова скончаная.
«У дзяржаве даўно не зважаюць і на міжнароднае права»
Юрыст Максім Палавінка прызнаецца, што ня ведае, як пераадолець гэты рэжым «інкамунікада». На ягоную думку, у Беларусі гэтыя пытаньні не вырашаюцца праўнымі мэтадамі.
«Пасьля таго, як у сакавіку затрымалі шасьцёх адвакатаў палітвязьняў, якія езьдзілі зь імі сустракацца ў калёніі, сувязі зь вязьнямі няма.
Праблема гэтая даўно выйшла зь юрыдычнай прасторы ў прастору такога нармальнага, тлустага таталітарызму, калі, з аднаго боку, законы ў мейсцах адбываньня пакараньняў не выконваюць, з другога боку, прымаюць новыя драконаўскія законы, якімі хутка легалізуюць усе гэтыя практыкі. Пакуль гэтыя практыкі не легалізаваныя, трэба ціснуць на сыстэму, пісаць, скардзіцца — пакуль яшчэ ёсьць законы. А то хутка і законаў ня будзе», — дае пэсымістычны прагноз Максім Палавінка.
Што рабіць, калі сваякі палітвязьняў у адчаі, калі няма пасьпяховых прыкладаў, калі відавочна, што сытуацыю няможна зьмяніць праўнымі мэтадамі? Максім Палавінка разважае так:
«У права ёсьць адна вельмі важная ўласьцівасьць — прадказальнасьць. Мы ведаем, што за гэтае дзеяньне будзе такое наступства, за іншае — іншы вынік. У Беларусі прадказальнасьці ў права зараз няма ніякай. Законы не працуюць. Толькі адна прадказальнасьць засталася: што ўсё будзе дрэнна.
Аднак я раю працягваць пісаць скаргі ўва ўсе інстанцыі, а таксама працягваць пісаць лісты палітзьняволеным. Можна ствараць «архіў адказаў». Некалі адзін чалавек трапна адказаў на пытаньне «навошта ты скардзісься»? «Я зьбіраю подпісы і прозьвішчы», — адказаў гэты чалавек.
І пісаць лісты ня дзеля таго, каб атрымаць адказ, а таму, што так трэба. Нават акт аб зьнішчэньні лістоў камусьці падкажа, што пра яго памятаюць», — кажа юрыст Максім Палавінка.
Міжнароднае заканадаўства пра рэжым «інкамунікада»
«Канвэнцыяй супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжальных для годнасьці відаў абыходжаньня і пакараньня» Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў прадугледжваецца магчымасьць трыманьня пад вартай у рэжыме «інкамунікада» (строгай ізаляцыі) на тэрмін да пяці дзён у якасьці выключнай меры ў выпадках асабліва сур’ёзных злачынстваў. Каб зьвярнуцца да падобнай працэдуры, неабходна атрымаць судовы ордэр на працягу 24 гадзінаў з моманту затрыманьня, а судзьдзю, які выдаў такі ордэр, належыць на пастаяннай аснове атрымліваць інфармацыю аб стане затрыманай асобы. Так права павінна працаваць у цывілізаваных краінах.
У беларускім заканадаўстве тэрміну «інкамунікада» няма, асуджаным дазваляецца атрымліваць і адпраўляць лісты і тэлеграмы без абмежаваньня колькасьці.
У артыкуле 6 Крымінальна-выканаўчага кодэксу РБ замацаваныя асноўныя прынцыпы крымінальна-выканаўчага заканадаўства: «законнасьць, гуманізм, дэмакратызм, роўнасьць асуджаных перад законам, дыфэрэнцыяцыя і індывідуалізацыя выкананьня пакараньня і іншых мераў крымінальнай адказнасьці».
Артыкул 85 Крымінальна-выканаўчага кодэксу мае назоў «Перапіска асуджаных да пазбаўленьня волі, адпраўленьне і атрыманьне імі грашовых пераводаў». У ім замацаванае права зьняволеных атрымліваць карэспандэнцыю.
«Асуджаным да пазбаўленьня волі дазваляецца атрымліваць і дасылаць лісты і тэлеграмы без абмежаваньня іх колькасьці».