Хронікі рэпрэсій за 27 траўня: новыя крымінальныя справы супраць Паліны Шарэнда-Панасюк і Змітра Дашкевіча, а таксама яшчэ чарговы завочны суд

У Беларусі працягваюцца затрыманні з прымусовымі «пакаяльнымі відэа», а супраць палітвязняў заводзяць новыя крымінальныя справы.

hroniki_represij2_1__logo_1_logo_1_1_1.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1292 дні, Дзяніс — 1172.

***

Паліне Шарэнда-Панасюк трэці раз выставілі абвінавачанне ў «непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі».

Палітзняволеная мусіла выйсці на волю 21 траўня, але за два дні да гэтага яе этапавалі ў СІЗА. Яе муж Андрэй Шарэнда расказаў «Свабодзе», што Паліну абвінавачваюць паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса:

«Цяпер мне дакладна вядома, што яшчэ 19 траўня, перад тым, як вывезці яе з калоніі, туды паклікалі дзяжурнага адваката і ў яго прысутнасці зачыталі новае абвінавачанне. І вось ужо тыдзень яна ў гомельскім СІЗА.

Магу толькі дадаць, што ў Паліны цяпер будзе іншы следчы. І яшчэ крыху пра тое, як Паліну рыхтавалі да выстаўлення новага абвінавачання. Пачалі "навешваць" нібыта парушэнні яшчэ ў красавіку, але іх не хапала, таму скарысталіся парушэннямі з мінулага года. Цяпер усяго парушэнняў у яе ўжо восем. Відаць, разлічваюць, што потым, падчас следства, заменяць старыя парушэньні на "свежыя". Ціск на яе ўжо пачаўся».

***

Супраць палітвязня Змітра Дашкевіча завялі новую крымінальную справу, піша «Вясна»Па гэтым артыкуле яго судзяць ужо другі раз.

Як паведаміла 25 траўня ў Facebook жонка палітвязня Наста Дашкевіч, Змітру, як і Паліне Шарэнда-Панасюк, ставяць у віну «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі» (ч. 2 арт. 411 КК). Па гэтым артыкуле палітвязню пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.

Праваабаронцы нагадваюць, што Змітра Дашкевіча асудзілі летам 2022 года за ўдзел у акцыі пратэстаў на паўтара года калоніі. Восенню 2023 года яго асудзілі паводле арт. 411 КК на адзін год калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

***

Сілавікі затрымалі дырэктара івэнт-агенцтва «Графіміл» і яго жонку за ўдзел у пратэстах і падпіску на план «Перамога», паведамляе «Медыязона»Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманымі.

На камеру мужчына кажа, што з'яўляецца дырэктарам івэнт-агенцтва «Графіміл». Ён удзельнічаў у пратэстах 2020 года і быў падпісаны на выданне «Зеркало» і чат-бот «Голас».

Яго жонка працуе ў «Графіміл» інструктаркай па танцах. Жанчына на камеру кажа, што зарэгістравалася ў чат-боце «Перамога», потым гэты бот выдаліла. Але пасля ёй прыйшло ў чат-бот апавяшчэнне з заклікамі ўдзелу ў выбарах у Каардынацыйную раду. Ці з'явілася гэтае паведамленне прычынай затрымання, невядома.

Паводле звестак Міністэрства культуры, івэнт-агенцтва «Графіміл» мае рахункі на Сяргея Сарокіна.

«Як з такім бэкграўндам дадзеныя персанажы прайшлі ў рэестр Мінкульта і былі дапушчаныя да канцэртнай дзейнасці, рашуча не зразумела. Будзем разбірацца», — напісалі аўтары канала.

***

Затрымалі адміністратарку найбуйнейшага чата беларусаў у Турцыі.

Тэлеграм-чат «Беларусы ў Турцыі» ўваходзіць у сетку чатаў Dzechat.

У «пакаяльным відэа» затрыманую прымусілі сказаць, што ў яе ёсць чатыры кватэры ў ЖК «Мінск-Мір», паведамляюць праваабаронцы. Таксама дзяўчына кажа, што ў 2020 годзе яна звярталася ў «экстрэмісцкія чат-боты».

Як паведамляў 24 траўня тэлеграм-канал «Мотолько помоги», чат «Беларусы ў Турцыі», верагодна, быў захоплены сілавікамі.

Адмін чата раптам змяніўся на невядомую асобу, а былым удзельнікам чата пішуць з пагрозамі крымінальнай справы.

Паводле звестак тэлеграм-канала сілавікоў, жанчыну затрымалі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-4 КК). Па гэтым артыкуле ёй пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

***

Дачка палітвязняволенай Алены Гнаук выехала з Беларусі праз крымінальны пераслед, паведамляюць праваабаронцы.

23 студзеня 2024 года, падчас рэйду за салідарнасць з палітвязнямі, да Аляксандры Семянюк прыйшлі сілавікі. Праз дапамогу, якую яна атрымлівала ад «DissidentBy», яе затрымалі і пагражалі крымінальнай справай.

«Мяне пасадзілі на трое сутак у ІЧУ, дзе для ўтрымання "палітычных" створаныя ўмовы, каб зламаць і здушыць чалавека. Увесь гэты час я думала пра маму. Апынуўшыся ў адзіночнай камеры, я сказала пра сябе: "Вы мяне не зламаеце". Гэта дало мне сілы вытрымаць усё, што адбываецца», — кажа Аляксандра.

З трыма дзецьмі яна пакінула Беларусь. Цяпер у новай краіне ёй з дзецьмі давядзецца пачынаць жыццё нанова. На падтрымку сям'і абвешчаны грашовы збор.

***

Сілавікі затрымалі беларуса, які адпраўляў інфармацыю пра дзяржслужачых у «Чорную кнігу Беларусі», піша «Медыязона».

Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым.

На камеру мужчына кажа, што да затрымання быў падпісаны на «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы, у тым ліку «Чорную кнігу Беларусі», дзе друкавалася асабістая інфармацыя сілавікоў. Таксама пісаў у бот гэтага канала паведамленні з «радыкальнымі заклікамі».

Аўтары канала пішуць, што беларус перадаваў у тэлеграм-канал інфармацыю пра сілавікоў і дзяржслужачых.

Па якім артыкуле затрыманы мужчына і дзе цяпер знаходзіцца, невядома.

***

Мінскі гарадскі суд 27 траўня пачаў разглядаць справу палітвязня Дзмітрыя Цікунова. Яго абвінавачваюць у «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці» (ч.1 арт. 130 КК) і «закліках да санкцы»й (ч. 3 арт. 361 КК). Пра гэта піша «Вясна».

У Беларусі за «заклікі да санкцый» вынеслі ўжо як мінімум 104 прысуды, дадае «Салідарнасць».

***

Сілавікі апублікавалі відэа з затрыманай хірургіняй Алена Церашковай. Як паведаміла «Зеркало», 26 траўня тэлеграм-канал сілавікоў апублікаваў «пакаяльнае відэа» з затрыманай сківічна-тваравай хірургіняй, пісьменніцай, двухразовай чэмпіёнкай Беларусі па тэквандо Аленай Церашковай. У відэароліку яна кажа, што затрымана за ўдзел у пратэсных акцыяй 2020 года. Акрамя таго, жанчыну прымусілі сказаць, што яна гадуе чатырох дзяцей і атрымала кватэру як шматдзетная маці.

***

Чарговы завочны суд супраць актывістаў пачнецца 31 траўня ў Брэсце, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

У Брэсцкім абласным судзе 31 траўня пачнецца завочны судовы працэс адразу супраць шасцярых чалавек: Андрэя Павука, Вольгі Павук, Маргарыты Ляўчук, Аляксандра Чахоўскага, Іллі Салянкова, Уладзіслава Наважылава.

У справе фігуруе ажно 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», «здзек з дзяржаўных сімвалаў», «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці». Суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме пад старшынствам Святланы Крамянеўскай.

Праваабаронцы адзначаюць, што на 31 траўня ў Беларусі прызначаны адразу тры завочныя суды. Таксама ў гэты дзень у Мінску распачнуцца працэсы па «справе аналітыкаў Ціханоўскай» і Франака Вячоркі.

***

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу аб «рэабілітацыі нацызму» (ч.1 арт.130-1 КК) супраць 24-гадовага жыхара Чавусаў, які намаляваў эмблему СС на плошчы ў Магілёве. Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства.

Паводле версіі следства, гэта ён зрабіў па даручэнні свайго знаёмага з інтэрнэту. Маладыя людзі пачалі камунікаваць, калі абвінавачанаму спатрэбілася праз новага суразмоўцу пазнаёміцца з упадабанай дзяўчынай.

«Скарыстаўшыся сітуацыяй і наіўнасцю маладога чалавека, ён прапанаваў яму ўступіць у арганізацыю, якая папулярызуе ідэалогію нацызму і прыняць "прысягу", што хлопец і зрабіў», — піша СК.

Жыхара Чавусаў затрымалі, вывучыўшы камеры відэаназірання. У яго тэлефоне выявілі «перапіску з невядомымі асобамі з Украіны».

***

Паводле інфармацыі «Медыязоны», 30-гадовую жыхарку Ваўкавыска Аляксандру Каско, якую асудзілі на 10 гадоў калоніі пасля вяртання з Польшчы ў Беларусь, будуць зноў судзіць.

Жанчыну абвінавачваюць у «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК) і «абразе суддзі» (арт.391 КК). Разглядаць справу будуць у судзе Ленінскага раёна Гродна 31 траўня.

Аляксандру Каско затрымалі 9 лютага, калі яна вярталася з Польшчы ў Беларусь.

Паводле версіі пракуратуры, Аляксандра адміністравала некалькі тэлеграм-каналаў, прызнаных «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», размяшчала ў іх «абразлівыя» публікацыі і «распаўсюджвала інфармацыю па арганізацыі змены канстытуцыйнага ладу ў Беларусі».

У снежні 2023 года суддзя Гродзенскага абласнога суда Дзмітрый Бубенчык прысудзіў жанчыну да 10 гадоў калоніі за «распальванне варожасці» (арт.130 КК), «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання» (ч.ч.1,2 арт.361-1 КК), «незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальных даных» (ч.3 арт.203-2 КК), «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч.ч.1,2 арт.361-4 КК), «абразу Лукашэнкі» (ч.ч.1,2 арт. 368), «паклёп на Лукашэнку» (ч.2 арт.367 КК), «абразу прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК) і «абразу суддзі» (арт.391 КК).

12 красавіка Каско была ўнесена ў «спіс экстрэмістаў».

***

Міжнародная арганізацыя «Human Rights Watch» апублікавала даклад аб рэпрэсіях супраць беларускіх адвакатаў. Ён ахоплівае перыяд з 2020 года, піша «Свабода».

З верасня 2023-га па красавік 2024 года «Human Rights Watch» апытала 19 беларускіх адвакатаў і прааналізавала публікацыі на сайтах калегій адвакатаў за апошнія тры гады. Сумесна з «Беларускай асацыяцыяй адвакатаў правоў чалавека» (БААПЧ) і праектам «Права на абарону» «Human Rights Watch» таксама прааналізавала больш за 140 выпадкаў пазбаўлення адвакатаў ліцэнзій, вядомых з агульнадаступных крыніц.

З восені 2020 года беларускія ўлады адвольна арыштавалі сама меней 23 адвакатаў, а потым выкарыстоўвалі гэтыя арышты як падставу, каб адхіліць іх ад прадстаўлення інтарэсаў сваіх кліентаў па палітычна матываваных справах і адклікаць у іх ліцэнзіі.

Як мінімум шасцёра адвакатаў цяпер адбываюць тэрміны зняволення ад 6 да 10 гадоў па сфабрыкаваных і палітычна матываваных абвінавачаннях. Сярод іх — Максім Знак, Аляксандр Данілевіч, Віталь Брагінец, Анастасія Лазарэнка, Юлія Юргілевіч і Аляксей Бародка.

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 480 дзён, Максіма Знака — 475 дзён, Мікалая Статкевіча — 471 дзень, Ігара Лосіка — 463 дні, Віктара Бабарыкі — 400 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 330 дзён, Уладзіміра Гундара — 297 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1402 палітвязні.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1554 чалавекі. Сярод іх — 186 жанчын і 2 непаўнагадовых. 20 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.