Хронікі рэпрэсій за 19 верасня: Улады прызналі сімволіку Рады БНР «экстрэмісцкай»
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 19 верасня.
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» сімволіку і атрыбутыку Рады БНР
«Экстрэмісцкімі» прызнаныя ордэн Жалезнага рыцара, медалі «Ордэна Пагоні», «За баявыя заслугі» і медаль да 100-годдзя БНР.
Таксама «экстрэмісцкімі матэрыялымі» прызнаны лагатып (герб «Пагоня»), сайт і сацсеткі Рады, а таксама «першага намесніка старшыні «Рады БНР» С.Навумчыка». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёна Мінска 12 верасня.
Таксама» экстрэмісцкі» спіс папоўнілі:
- Telegram-каналы «1-я ОДШР», «Virus Belarus», «SMOLPORTAL LIVE», «Экспозиция революционного анархизма»;
- Старонка ў TikTok «chorny_cot»;
- Старонкі ze-rkalо.sitе, storage.googleapis.cоm/zerkalо;
- Старонкі ў Instagram «Беларуская дыяспара Беластока», «bel_veterans»;
- Старонкі ва «Укантакце» «Сяргей Маруковiч», «Катерина Царёва».
«Агітаваў выходзіць на барыкады»: Асудзіла жыхара Віцебска Дзмітрыя Загалаўца
У закрытым пасяджэнні Віцебскі абласны суд вынес прысуд 40-гадоваму палітзняволенаму Дзмітрыю Загалаўцу. Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 арт.361-1 КК) і фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання (арт. 361-2 КК).
Працэс вёў суддзя Аляксандр Абашын.
Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, доўгі час Дзмітрый Загалавец у інтэрнеце нібыта «агітаваў людзей выходзіць на барыкады, пускаць цягнікі пад адхоны, і ладзіць фізічныя расправы над сілавікамі».
Суд пастанавіў пакараць Загалаўца па сукупнасці прад’яўленых абвінавачванняў пазбаўленнем волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на тры гады і шэсць месяцаў.
Жыхара Маладзечна адправілі за краты за фота ва «УКантакце»
У чацвер, 14 верасня, у Маладзечне затрымалі Сяргея Кісяля. Яго абвінавацілі паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) за фота ва «УКантакце».
Суд над ім адбыўся ўжо на наступны дзень. У выніку Сяргея Кісяля арыштавалі на 12 сутак, якія ён адбывае ў ІЧУ Маладзечна.
У Гомелі затрымалі мужчыну, які нібыта хацеў далучыцца да палка Каліноўскага — беларускія сілавікі прымусілі яго крычаць «Слава Расіі»
На «палонным відэа» затрыманы кажа, што нібыта быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, а таксама, што звязваўся з прадстаўнікамі палку Каліноўскага і распытваў, што трэба зрабіць, каб да іх далучыцца.
У канцы відэа сілавікі прымусілі беларуса крыкнуць: «Слава Расіі».
ГУБАЗіК затрымаў жанчыну за «абразу рускіх»
На «палонным відэа» жанчына кажа, што працуе на ТАА «Бульбаш» і нібыта пакідала абразлівыя каментары пра жыхароў Расіі “Ў розных чатах”.