Праваабаронца Алесь Бяляцкі ўганараваны «Залатымі лаўрамі»

У Варшаве ў Палацы Прымаса 19 верасня адбылося ўручэнне прэміі «Złoty Laur – 2023» («Залатыя лаўры»), якая надаецца асобам, установам і кампаніям за іх выдатную грамадскую і сацыяльна-культурную дзейнасць. Сёлетнім лаўрэатам у намінацыі «Асоба года» стаў Алесь Бяляцкі.

ales_sakavik_90_logo.jpeg.webp

«Арганізатары адзначылі, што прэмія ўручана Алесю Бяляцкаму “за непахісную і бескампрамісную барацьбу за свабоду, дэмакратыю і грамадзянскія правы ў Беларусі, а таксама за шматгадовыя намаганні па пабудове грамадзянскай супольнасці з правам крытыкі ўлад, магчымасцю пратэставаць і выказваць сваё меркаванне”», піша «Вясна» са спасылкай на «Беларускае Радыё Рацыя».

Па запрашэнні арганізатараў прэстыжнай прэміі ў цырымоніі ўзялі ўдзел праваабаронца «Вясны» Алена Лапцёнак і намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Узнагароду для Алеся Бяляцкага  атрымала праваабаронца Алена Лапцёнак, а Павел Латушка выступіў на ўрачыстай цырымоніі.

З Нью-Ёрка віншавала лаўрэатаў прэміі Святлана Ціханоўская, лідарка дэмакратычных сіл Беларусі.

Прэмія «Złoty Laur» мае дзевяць намінацый у самых розных галінах і прысуджаецца ўжо дзесяць гадоў за дзейнасць, якая прыносіць асаблівую карысць польскай эканоміцы, а таксама за  сацыяльна-культурную дзейнасць устаноў, кампаній і фізічных асоб, якія актыўна спрыяюць развіццю і ўзбагачэнню культуры, культываванню традыцый, папулярызацыі важных грамадскіх мэт і паляпшэння ўмоў грамадскага жыцця. У прыватнасці, улічваецца бесперапынны і сістэматычны характар гэтых мерапрыемстваў і іх канкрэтныя праявы і вынікі.

Глядзіце таксама

Нагадаем, 14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі разам з калегамі па «Вясне» быў затрыманы пасля ператрусаў, праведзеных беларускімі сілавымі органамі ў больш як дзесяці арганізацыях грамадзянскай супольнасці і праваабарончых арганізацыях. 17 ліпеня яго перавялі ў СІЗА па сфабрыкаваным абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. У далейшым яму былі прад’яўлены абвінавачванні ў кантрабандзе, арганізацыі і фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

У снежні 2022 года Алесь Бяляцкі быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй міру разам з расійскай праваабарончай арганізацыяй «Мемарыял» і ўкраінскай праваабарончай арганізацыяй «Цэнтр грамадзянскіх свабод» — годная ўзнагарода за бясстрашную працу. 3 сакавіка 2023 года Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі разам з сябрамі рады «Вясны» Валянцінам Стэфановічам і Уладзімірам Лабковічам, якім прысудзілі, адпаведна, дзевяць і сем гадоў.

Упершыню Алесь Бяляцкі апынуўся за кратамі ў 2011 годзе і правёў у няволі 1052 дні.

Глядзіце таксама