Хронікі рэпрэсій за 18 жніўня
Суды, затрыманні і вызваленні — такія навіны сённяшняга дня знутры краіны.
***
Былы супрацоўнік «Нашай Нівы» Андрэй Скурко 18 жніўня выйшаў з магілёўскай турмы пасля поўнага адбыцця двух з паловай гадоў пазбаўлення волі, да якіх ён быў прысуджаны. Пра гэта ў сацыяльных сетках паведаміла яго жонка.
Андрэй Скурко быў затрыманы 8 ліпеня 2021 года. У сакавіку 2022 года ён быў прызнаны вінаватым паводле ч.2 арт. 216 Крымінальнага кодэкса і прысуджаны да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
За час зняволення Скурко напісаў для сына дзіцячыя вершы, якія ляглі ў аснову зборніка «Пра сланоў і барсучкоў», што выйшаў летась.
***
На палітзняволенага Сцяпана Латыпава ў турме яшчэ больш узмоцнілі ціск. Як стала вядома праваабаронцам, праз любую публічную ўвагу да Сцяпана павялічваецца прэсінг. Адной з такіх нагод стала прысутнасць на публічным мерапрыемстве чалавека ў цішотцы ў падтрымку Сцяпана.
Зараз палітвязень утрымліваецца ў адзіночнай камеры. Лісты даходзяць толькі ад сям'і.
Ён працягвае маляваць, шмат чытае і вучыць замежныя мовы. Зараз, на жаль, можна замаўляць у кніжнай краме толькі па пяць кніг на месяц, для Сцяпана гэта вельмі мала. А калі кніг прыходзіць болей, іх адпраўляюць на склад і потым вельмі складана іх адтуль атрымаць.
***
З'явіўся калькулятар даты вызвалення чалавека. Politzek.me запусціў інструмент, які дазваляе разлічыць дату вызвалення чалавека — у залежнасці ад прысуду, даты зняволення і месца знаходжання.
Як адзначаюць стваральнікі, дата вызвалення разлічваецца па ўсіх правілах беларускага заканадаўства. Яна можа трохі адрознівацца ад рэальнай — праз асаблівасці разлікаў прысудаў па кожнай асобнай справе.
***
Сілавікі затрымалі за рэпост слесара з Ваўкавыска. Затрыманага завуць Аляксандр Жук. Ён з Ваўкавыска, раней працаваў кіроўцам, а цяпер — слесарам на дзяржаўным прадпрыемстве. Таксама ён адслужыў у паветрана-дэсантных войсках.
Мужчыну затрымалі за рэпост нейкага з незалежных рэсурсаў, прызнанага ўладамі «экстрэмісцкім». Яго затрымлівалі пяць узброеных САХРаўцаў, якія адразу павалілі яго на зямлю. Паведамляецца, што на Аляксандра завялі адміністрацыйную справу.
***
Жыхару Скідзеля далі шэсць гадоў калоніі за каментары. У Гродне вынесены прысуд Міхаілу Мекеку са Скідзеля, якога затрымалі летась пасля вяртання з Польшчы: шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за каментары трохгадовай даўніны. Хлопца судзілі па чатырох крымінальных артыкулах: аб «распальванні варожасці», «грубым парушэнні грамадскага парадку», «гвалце ў дачыненні да службовай асобы», «паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі».
***
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 32 прозвішчы.
18 жніўня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Цяпер у спісе 3178 чалавек.
Сярод іншых, туды дадалі генеральную дырэктарку TUT.BY Людмілу Чэкіну і галоўную рэдактарку TUT.BY Марыну Золатаву.
***
Чарговае папаўненне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў — у спіс трапіў тг-канал «Хрысціянская візія».
Такое рашэнне 16 жніўня вынес суд Мёрскага раёна Віцебскай вобласці. Таксама «экстрэмісцкай» прызналі старонку ў Facebook «Страна для жизни».
***
Як паведамляе ініцыятыва прадстаўніцы па сацыяльных пытаннях АПК Вольгі Гарбуновай @klopat_by, на дадзены момант няма аніякіх звестак пра самых вядомых палітвязняў: Марыю Калеснікаву — 185 дзён, Максіма Знака — 190 дзён, Мікалая Статкевіча — 191 дзень, Ігара Лосіка — 180 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 162 дні, Віктара Бабарыку — 113 дзён.
***
На сённяшні дзень у спісах праваабаронцаў «Вясны» змяшчаюцца 1496 прозвішчаў палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1749 чалавек. Сярод іх — 193 жанчыны і 8 непаўнагадовых. 18 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.