Хронікі рэпрэсій за 18 верасня
«Хапун» у Бабруйску, затрыманне на мяжы, суд над палітзняволеным экс-менеджарам МТС — такія навіны сённяшняга дня.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо каля тысячы дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1040 дзён, Дзяніс — 920.
***
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», 18 жніўня ў Бабруйску адбыліся масавыя затрыманні. Паводле папярэдняй інфармацыі, сілавікі шукалі ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў лесе ў кастрычніку 2020 года. Вынік «хапуна» амаль праз тры гады: затрыманні, «пакаяльныя відэа», адміністрацыйныя суды.
Як расказаў «Вясне» жыхар Бабруйска, напрыканцы кастрычніка 2020 года мясцовыя святкавалі ў лесе Хэлоўін. Тады на пікнік з праверкай прыязджалі міліцыянты з Бабруйскага РАУСа з АМАПам. Яны з'явіліся зноў амаль праз тры гады. 18 жніўня 2023 года да бабруйчан з гэта спіса прыйшлі супрацоўнікі магілёўскага ГУБАЗіКа. Паводле папярэдняй інфармацыі, былі затрыманыя каля 20 чалавек. З некаторымі запісалі «пакаяльныя відэа» ў будынку КДБ.
У праваабаронцаў няма інфармацыі пра дакладную колькасць затрыманых і асуджаных 18 жніўня і ў наступныя дні. У раскладзе на сайце Вярхоўнага суда адсутнічалі звесткі пра судовыя працэсы. Вядома толькі, што былі арыштаваныя трое мужчын на 15 сутак, а жанчынам прызначалі штрафы. Як сцвярджае крыніца, знаёмая з сітуацыяй, мужчын збівалі пры затрыманні.
***
У Гомелі ГУБАЗіК затрымалі раней судзімага за забойства гамельчука, які вярнуўся з заробкаў з Марыупаля. Ён правёз праз мяжу патрон да аўтамата Калашнікава, піша «Флагшток» са спасылкай на газету «Маяк».
Беларус вярнуўся з Марыупаля ў 2022 годзе, адкуль прывёз патрон да аўтаматаў сістэмы Калашнікава «АК-74», «АКС-74», «АКМ-74». Сілавікі выявілі боепрыпас пры ператрусе дома, дзе жыў гамяльчук.
Супраць яго распачалі крымінальную справу за «незаконнае перамяшчэнне боепрыпасаў праз мяжу» (ч. 1 арт. 333-1 Крымінальнага кодэкса) і за «незаконныя дзеянні з боепрыпасамі» (ч. 2 арт. 295 КК). Гамяльчук знаходзіцца ў СІЗА.
***
18 верасня ў Мінску абвясцілі прысуд палітзняволенаму экс-менеджару МТС Аляксею Кузьміну, які нібыта перадаў «Чорнай кнізе Беларусі» асабістыя звесткі сілавікоў і «высокапастаўленых асоб».
Мужчыну прызналі вінаватым па ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК («Дапамаганне ў здзяйсненні наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, здзейсненае групай асоб, што пацягнула іншыя цяжкія наступствы») і ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), піша «Салідарнасць».
Кузьміну прызначылі 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму — менавіта столькі і запытваў пракурор.
***
Былога палітвязня і журналіста Сяргея Гардзіевіча 14 верасня затрымалі на мяжы пры вяртанні з Польшчы ў пункце пропуску «Брэст», паведамляе БАЖ. У яго праверылі тэлефон, пасля чаго ён быў затрыманы і змешчаны ў ІЧУ. Паводле папярэдніх звестак, Гардзіевіча могуць вінаваціць паводле арт.19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Сяргей Гардзіевіч супрацоўнічаў з парталам «Першы Рэгіён». У 2021 годзе ён быў асуджаны па трох артыкулах КК (за «абразу Лукашэнкі», «абразу прадстаўнікоў міліцыі» і «паклёп») да паўтара года пазбаўлення волі. Палітвязень выйшаў на волю ў кастрычніку 2022 года.
***
Праваабарончая супольнасць Беларусі 18 верасня прыняла заяву, у якой запатрабавала поўную рэабілітацыю адразу 150 чалавек, асуджаных за ўдзел у паслявыбарчых мірных акцыях пратэсту паводле арт. 342 КК.
З розных прычын гэтыя людзі не мелі статусу палітвязняў падчас свайго зняволення, але, нягледзячы на гэта, праваабаронцы ў заяве надаюць ім статус «былых палітвязняў», піша «Вясна».
Як расказала праваабаронца Анастасія Васільчук, у «Вясну» ўсё часцей сталі звяртацца людзі, якія не былі ў свой час прызнаныя палітычнымі зняволенымі, аднак знаходзіліся ў месцах пазбаўлення волі з палітычных прычын. Галоўнай прычынай ненадання такога статусу людзям праваабаронца называе тое, што пра іх зняволенне не паведамлялі блізкія. Цяпер гэтыя людзі звяртаюцца да праваабаронцаў і просяць унесці іх у спісы рэпрэсаваных, каб факт іх пераследу быў афіцыйна зафіксаваны.
***
Як паведамляе ініцыятыва прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы АПК Вольгі Гарбуновай@klopat.by, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак пра самых вядомых палітвязняў: Марыю Калеснікаву — 216 дзён, Максіма Знака — 221 дзень, Мікалая Статкевіча — 222 дні, Ігара Лосіка — 211 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 193 дні, Віктара Бабарыку — 144 дні.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», у Беларусі цяпер налічваецца 1507 палітвязняў. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітычнымі зняволенымі 1736 чалавек. Сярод іх — 192 жанчыны і 8 непаўнагадовых, 18 чалавек былі адпраўленыя на прымусовае лячэнне.