Хронікі рэпрэсій за 11 сакавіка

«Хапун» у Брэсце і Маларыце і ліквідацыя «БелаПАН» — такія навіны сённяшняга дня.

hroniki_represij2_logo_3_logo_1.webp

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1215 дзён, Дзяніс — 1095.

***

Эканамічны суд Мінска задаволіў пазоў пракуратуры Першамайскага раёна сталіцы і прыняў пастанову аб ліквідацыі інфармацыйнага агенцтва ЗАТ «БелаПАН», піша «Медыязона».

Прэс-служба пракуратуры піша, што ў 2021 годзе «БелаПАН» прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем» і ўключылі ў спіс арганізацый, якія вядуць «экстрэмісцкую» дзейнасць.

У кастрычніку 2022 года суд прысудзіў журналістаў і менеджараў «БелаПАНа» да тэрмінаў ад 4 да 14 гадоў. Андрэй Аляксандраў атрымаў 14 гадоў калоніі, яго жонка Ірына Злобіна — 9 гадоў, Дзмітрый Наважылаў — 6 гадоў, Ірына Леўшына — 4 гады калоніі.

Аляксандрава і Злобіну абвінавацілі ў «падрыхтоўцы з 14 жніўня 2020 года да 12 студзеня 2021 года не менш за 260 асоб» для «ўдзелу ў грубым парушэнні парадку» шляхам аплаты штрафаў, рахункаў за харчаванне ў ізалятарах, паслуг адвакатаў і іншага (ч.2 арт.342 КК), а таксама ў «здрадзе дзяржаве» (ч.1 арт.356 КК). Аляксандраў, Леўшына і Наважылаў таксама абвінавачваліся ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» і кіраванні ім, а Аляксандраў і Наважылаў — ва «ўхіленні ад выплаты падаходнага падатку» за люты 2015 года — красавік 2021 года. 

***

Чарговы хапун: у Брэсце і Маларыце затрыманыя дзясяткі людзей. Як паведаміў «Белсат», затрыманыя 7 сакавіка мінімум 40 асоб, шмат хто з іх атрымаў 15 сутак арышту. Пасля рэйду сілавікоў знікла сувязь з юрыстам Уладзімірам Малеем, верагодна, ён таксама затрыманы.

Таксама крыніцы «Белсата» паведамляюць, што брэсцкі ізалятар часовага ўтрымання перапоўнены. Шмат людзей аказаліся ў ізалятары за падпіску на «экстрэмісцкія» СМІ і за каментары.

Акрамя таго ў ІЧУ шмат тых, хто вярнуўся з-за мяжы, а таксама кіроўцаў-дальнабойнікаў. У чым абвінавачваюць апошніх — невядома.

***

У Пінскім раёне схапілі YouTube-блогера: яго абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».

Жыхара Пінскага раёна затрымалі па падазрэнні ў «вымагальніцтве», «паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі» і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», заявілі ў МУС.

Сцвярджаецца, што 52-гадовы YouTube-блогер «сістэматычна займаўся вымагальніцтвам у прадпрымальнікаў, пагражаючы ім паклёпнічаць у Інтэрнэце» і «ад дзеянняў вымагальніка пацярпелі трое жыхароў Столінскага раёна».

Таксама заяўляецца, што мужчына «актыўна садзейнічаў экстрэмісцкай дзейнасці адпаведнага тэлеграм-канала, сістэматычна імкнуўся дыскрэдытаваць дзяржаўныя органы, спрабаваў працаўладкавацца ў экстрэмісцкія інтэрнэт-крыніцы».

***

Сілавікі затрымалі жыхара Магілёва за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацсетцы «Аднакласнікі», відэа з мужчынам апублікаваў праўладны тэлеграм-канал.

У сацыяльных сетках мужчына падпісаны як Юрый Бруквянкоў. Ён захапляецца рыбалкай, паляваннем і матацыкламі. Юрый шмат пісаў на форуме матацыклістаў пра скутар HORS 301. У мужчыны на старонцы ёсць фота аўто, якое аблеплена як таксі. У «Вконтакте» Бруквянкоў прапануе паслугу «цвярозага кіроўцы», піша «Медыязона».

На камеру мужчына кажа, што ў «Аднакласніках» распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы» і свастыку, за гэта «з'язджае на ІЧУ».

Па якім артыкуле затрыманы мужчына, не паведамляецца. 

***

Блогер Віталь Усціновіч правёў 25 сутак у ІЧУ Віцебска. Пра гэта ён расказаў 11 сакавіка на новым «пакаяльным» відэа, якое апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы, паведамляе «Вясна».

На ім мужчыну прымусілі расказаць пра тое, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа «паводзілі сябе карэктна», а на «сутках» яго не білі.

***

Сілавікі затрымалі плыўца за чахол на тэлефоне з надпісам «Маліцеся за Беларусь».

Чарговае відэа з затрыманым беларусам апублікаваў канал сілавікоў. Сцвярджаецца, што мужчыну затрымалі выпадкова — з-за чахла на тэлефоне з надпісам «Pray for Belarus» («Маліцеся за Беларусь») і выявай нацыянальнай сімволікі.

Пасля затрымання ў яго тэлефоне нібыта адшукалі відэа з пратэстаў, а таксама фота з дваровага чата, дзе мужчына прапануе людзям макеты пратэсных налепак.

Як высветліла «Наша ніва», затрыманага завуць Дзмітрый Шчамер. Яму 29 гадоў. Вядома, што хлопец доўгі час займаўся плаваннем і мае разрад кандыдата ў майстры спорту. Месца яго працы невядома.

Цяпер супраць Шчамера завялі крымінальную справу. Сілавікі пагражаюць яму «некалькімі гадамі пазбаўлення волі». 

***

Святар з Рагачова іерэй Ігар Кавальчук, які адбыў адміністрацыйны арышт паводле арт.19.11 («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»), выйшаў на волю і выехаў за межы Беларусі, паведамляе «Хрысціянская візія». Ён з'яўляецца грамадзянінам Украіны.

Святара затрымалі ў лютым і асудзілі на 15 сутак. Па іх заканчэнні Кавальчука чакаў чарговы адміністрацыйны арышт.

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 403 дні, Максіма Знака — 396 дзён, Мікалая Статкевіча — 394 дні, Ігара Лосіка — 386 дзён, Віктара Бабарыкі — 323 дні, Сяргея Ціханоўскага — 251 дзень, Уладзіміра Гундара — 220 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1409 палітвязняў.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1602 чалавекі. Сярод іх — 190 жанчын і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.