Хронікі рэпрэсій за 1 лістапада: Затрыманні ў шчучынскім аўтапарку, Ларысу Грыбалёву затрымалі, але адпусцілі
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 1 лістапада.
- У Гомелі затрыманы актывіст Васіль Палякоў
Пра гэта на сваёй старонцы паведаміў Анатоль Лябедзька.
«Выклікалі па позве, у якой быў указаны артыкул па адміністрацыйнай справе. Праз пару гадзін прывезлі ў кайданках дахаты. Правялі вобшук, забралі аргтэхніку, паперы. І, натуральна, Васіля», — напісаў ён.
Васіль — былы настаўнік гісторыі, звольнены па палітычных матывах. Шматразова ўдзельнічаў у розных палітычных кампаніях, нейкі перыяд узначальваў Аб’яднаную грамадзянскую партыю.
- Ларыса Шчыкарова — шчыра верыць, што выйдзе раней
Пра навіны ад Ларыса Шчыраковай паведаміў праваабаронца Леанід Судаленка:
«У гомельскай калоніі яна працуе швачкай, на здароўе не скардзіцца, кажа, што з усімі там ужо пазнаёмілася. Перадае прывітанне і падзякі за падтрымку! Спадзяецца, што тэрмін да канца адбываць не давядзецца (жартуе, што ў яе планы гэта не ўваходзіць)... Хоча хуткім часам атрымаць сутачнае (належыць да 3-х сутак) спатканне з сынам.
Яшчэ шчыра марыць, што за добрыя паводзіны і станаўленне на шлях выпраўлення ёй дазволяць раней выйсці на волю»...
- У Мінску працягваецца суд над былым вайскоўцам Паўлам Кучынскім
У Мінскім абласным судзе з 4 кастрычніка разглядаюць справу супраць Паўла Кучынскага. Працэс вядзе суддзя Аляксандр Рыбакоў. Паўла абвінавачваюць паводле 7 крымінальных артыкулаў — сярод іх «Здрада дзяржаве», «Акт тэрарызму», «Стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй».
Арганізацыя сілавікоў Беларусі «BYPOL» у мінулым верасні пісала, што Павел быў затрыманы ў сувязі з верагодным дачыненнем да справы «інкасатараў»: «спецслужбы катаваннямі прымусілі яго ўдзельнічаць у правакацыі, у рамках якой апошні выйшаў на сувязь з прадстаўнікамі «BYPOL» і прапанаваў здзейсніць акцыі прамога дзеяння. Усе перамовы і перапіска фіксавалася».
- З-за забойства бацькамі дзіцёнка ў Слуцку 28 чалавек прыцягнулі да адказнасці
Пра гэта заявіў віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка. 28 службовых асоб, якія дапусцілі і своечасова не прадухілілі факт трагедыі, прыцягнуты да адказнасці — віцэ-прэм'ер не канкрэтызаваў, хто менавіта і да якой адказнасці.
Петрышэнка таксама анансаваў правядзенне пазачарговай атэстацыі адпаведных службовых асоб Слуцкага райвыканкама.
Нагадаем, 19 кастрычніка Мінскі абласны суд у выязным пасяджэнні разглядзеў крымінальную справу супраць бацькоў Аляксандра і Анастасіі Таратутаў за забойства іх трохгадовага дзіцяці. Суддзя прызнаў іх вінаватымі і прызначыў Анастасіі 25 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, а Аляксандру — смяротнае пакаранне шляхам расстрэлу.
30 кастрычніка Аляксандр Таратута абскардзіў прысуд — пра гэта паведамілі ў Мінскім абласным судзе.
- Затрыманні ў шчучынскім аўтапарку
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што цягам двух дзён сілавікі ў філіяле «Аўтапарк №12 г. Шчучын», затрымалі шмат чалавек за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Дакладная колькасць затрыманых невядомая.
- Затрыманне ў Гродне
Сілавікі апублікавалі «палоннае відэа» з гродзенцам Сяргеем Чэкелем, дзе яго прымушаюць казаць аб тым, што ён быў затрыманы за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. Таксама ён нібыта прымаў удзел у акцыях пратэсту.
- ГУБАЗіК затрымаў мужчыну, які ў 2020 годзе збіраў грошы для пацярпелых ад гвалту
Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, мужчына наведваў акцыі пратэсту, падчас якіх збіраў грошы для пацярпелых ад сілавікоў.