«Мой асабісты выбар супаў з эпохай»: Кацярыне Андрэевай — 30 гадоў
Сёння, 2 лістапада, Кацярыне Андрэевай спаўняецца 30 гадоў. І гэта ўжо трэці дзень нараджэння, які яна сустракае за кратамі, у Гомельскай калоніі, піша яе муж, Ігар Ільяш, на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

— Каця не раз прызнавалася, што ў яе было дрэннае прадчуванне перад стрымам 15 лістапада 2020 года. Але яна ні разу з тых часоў не пашкадавала, што выбрала гэты шлях, ні разу не ўсумнілася ў яго вернасці. А да ўсведамлення ўласнай правасці з часам дадалося яшчэ і разуменне, што тая цывілізацыйная драма, якая разгортваецца вакол усе гэтыя гады, у любым выпадку не магла абысці нас бокам.
Калі б не было таго стрыму і мы шчасна пакінулі краіну, то дзе мы сустрэлі 24 лютага 2022 года? Варыянт тут можа быць толькі адзін: ва Украіне. А ведаючы Кацю, яна сапраўды стала б ваенным карэспандэнтам і рвалася ў самае пекла. Так што гісторыя проста не пакідала нам шанцу перажыць гэтыя гады спакойна — для гэтага давялося б змяніць сабе і сябе. А Каця б на гэта не пагадзілася.
«Мой асабісты выбар супаў з эпохай, іншага было не дадзена. Яно магло быць толькі або-або», — напісала нядаўна Каця ў адным з лістоў.
Глядзіце таксама

Напэўна, толькі цяпер, маючы за плячыма досвед трох гадоў турмы, Каця магла б дазволіць сабе проста адпачываць, не адчуваючы абавязку перад эпохай і іншымі людзьмі. Калі б Каця сёння выйшла на волю, то, думаю, мы б адразу ж адправіліся куды-небудзь далёка, да мора. Хутчэй за ўсё, у Францыю.
«Уяві, як мы з бутэлечкай віна, сырам і багетам (і ўсё гэта ў такім плеценым кошыку з клятчастай абрусам) ляжым на велізарным пустэльным пляжы, на беласнежным пяску, пад шум прыбою... у прынцыпе, на гэтым моманце можна было б пускаць тытры...» — пісала яна ў адным з лістоў.
У гэты дзень, у яе 30-годдзе, я жадаю Каці толькі аднаго: каб мара аб нашым рамантычным пікніку ля мора як мага хутчэй увасобілася ў жыццё.
І аднойчы так сапраўды будзе.
Глядзіце таксама
