Хронікі рэпрэсій, 25 верасня. Сцэнарыста з Барысава судзяць за «заклікі да санкцыяў»
Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Полк Каліноўскага «тэрарыстычнай арганізацыяй». Распавядаем, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў ПЦ «Вясна».
На жыхара Магілёва, які напаў на губазікаўцаў, узбудзілі крымінальную справу
Генеральная пракуратура агучыла некаторыя падрабязнасці затрымання жыхара Магілёва, 62-гадовага Аляксандра Кандрычына, які нанёс нажавыя раненні дваім супрацоўнікам ГУБАЗіК.
Па версіі МУС, 23 верасня у 11 гадзін губазікаўцы на Пушкінскім праспекце «апазналі мясцовага жыхара, датычнага да экстрэмісцкай дзейнасці. Падчас прафілактычнай гутаркі мужчына раптам дастаў нож і нанёс удары міліцыянтам». Супрацоўнікі пры гэтым былі ў цывільным адзенні.
Як заяўляе прадстаўнік пракуратуры, у магілёўца быў канфіскаваны малакаліберны пісталет і патроны да яго.
Мінчука, якога затрымалі за каментары пра тэракт у «Крокусе», будуць судзіць па трох крымінальных артыкулах
Раману Якімянку 44 гады. Ён працаваў кіроўцам у розных фірмах, піша «Наша Ніва».
Пра яго затрыманне стала вядома 27 сакавіка. На відэа мужчыну змусілі казаць, што ён пакідаў негатыўныя каментары пра тэракт у «Крокус сіці хол» і пісаў у бот Nexta.
Рамана пачнуць судзіць 22 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць у «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК), «распальванні варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК) і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК). Судзіць мужчыну будзе Вера Галаўкова.
За каментары затрымалі намесніцу дырэктара па вучэбнай рабоце адной з мінскіх школ
Яе абвінавачваюць у тым, што яна пакідала каментары на «забароненых сайтах». На «пакаяльным відэа» жанчына кажа, што ніякіх каментароў не пакідала.
Праўладныя тэлеграм-каналы пагражаюць затрыманай звальненнем.
Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыі на завочны прысуд па справе «Рудабельскай паказухі»
Прысуд суда першай інстанцыі пакінуты без зменаў, а апеляцыйныя скаргі — без задавальнення.
Нагадаем, Андрэю Павуку завочна прызначылі 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у памеры пяць тысяч базавых велічыняў, а Вользе Павук — 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму са штрафам у памеры дзве з паловай тысячы базавых велічыняў.
Маргарыта Ляўчук, Ілля Салянкоў і Уладзіслаў Наважылаў асуджаныя да тэрмінаў ад 6 да 8 гадоў пазбаўлення волі са штрафам ад 500 базавых велічыняў да 800 базавых велічыняў.
У Гомелі пачалі судзіць жанчыну за «паклёп» і «абразу» Лукашэнкі
У Гомельскім абласным судзе 25 верасня пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Ірыны Стасенка. Жанчыну абвінавачваюць паводле трох крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі). Працэс вядзе суддзя Сяргей Салоўскі.
Як паведаміла «Гомельская вясна», у лютым 2024 года Ірыну судзілі па адміністрацыйным артыкуле за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Сцэнарыста з Барысава судзяць за «заклікі да санкцыяў»
Кірылу Вевелю 40 гадоў. Ён родам з Барысава. Пасля школы скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Мужчына піша музыку і сцэнары да фільмаў. Ён ёсць таксама ў рэестры нацыянальных праваўладальнікаў.
Кірыла затрымалі ў студзені 2024 года. Спачатку яму далі суткі за «дробнае хуліганства». Пасля, падобна, яго не выпусцілі і завялі крымінальную справу, піша «Наша Ніва».
Суд над Кірылам пачаўся 23 верасня ў Мінгарсудзе. Яго абвінавачваюць у «закліках да санкцый» (арт. 361 КК). Справу Вевеля разглядае Святлана Чарапанава.
У «спіс тэрарыстаў» дадалі яшчэ шэсць беларусаў
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ 6 чалавек.
Сярод іх Аліна Галінская, Аляксандр Лазарэвіч, Вадзім Луцэвіч, Антон Чарамных, Міхаіл Галаўко, Яўген Гурыновіч.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1164 чалавекі, з іх крыху менш за 500 — беларусы.
Затрымалі жыхара Рэчыцы — ён танчыў на вуліцы спусціўшы штаны, а пасля крычаў пра міліцыю і Лукашэнку
Відэа з хлопцам завірусілася ў TikTok — ён на стаянцы машын спяваў песню «Крошка моя» і падчас танцаў спусціў свае штаны. Пасля гэтага назваў міліцыю і Лукашэнку «п***мі».
Паведамляецца, што ў дачыненні да затрыманага распачатая крымінальная справа.
У Мінску працягваюць судзіць Наталлю Давыдка
Жанчына была затрыманая падчас «рэйду па салідарнасці» напрыканцы студзеня. Яе вінавацяць у падтрымцы палітвязняў і іх сем'яў паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і паводле арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак).
Судовы працэс над Наталляй пачаўся 16 верасня 2024 года, справу разглядае суддзя Мінскага гарадскога суда Вера Галаўкова.
58-гадовая Наталля Анатольеўна родам з вёскі Корань Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Пасля школы яна скончыла Мінскі радыётэхнічны інстытут (цяпер — БДУІР) і працавала праграмісткай. Апошнім часам да затрымання Наталля працавала ў кампаніі Solberg.
Палітзняволенага актывіста анархічнага руху Ігара Аліневіча зноў змясцілі ў ШІЗА
Пра гэта паведамляе @belarus_abc (Тэлеграм).
Да гэтага Ігар трымаў галадоўку пакуль знаходзіўся ў ШІЗА і змог дамагчыся адпраўкі ў бальніцу. З 13 па 26 чэрвеня Ігар трымаў галадоўку ў ШІЗА Жодзінскай турмы. У бальніцу яго забралі проста з карцэра. Зараз жа яго зноў кінулі ў ШІЗА. З самага пачатку зняволення на Ігара пастаянна аказваецца ціск.
Ігар — актывіст анархічнага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Яго абвінавацілі па шэрагу крымінальных артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ, дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці. У выніку Ігара асудзілі да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Полк Каліноўскага «тэрарыстычнай арганізацыяй»
Адпаведнае рашэнне было прынятае па заяве генпракурора Андрэя Шведа.