Гісторыя «узорнага дармаеда» Пятра Мігурскага са Шклоўшчыны
Чыноўнікі заяўляюць, што падатковыя ўжо вяртаюць грошы тым, хто заплаціў збор за дармаедства ў мінулым годзе і ўжо ўладкаваўся на працу. Што праўда, ніводнага такога чалавека, мы так і не знайшлі... піша «Еўрарадыё».
...Затое знайшлі таго, у каго атрымалася вярнуць свае 360 «дармаедскіх» рублёў дзякуючы зменам ці інакш кажучы “тлумачэнням” прэзідэнтскага закона аб дармаедах.
Кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі жыве ў вёсцы Дабрэйка Шклоўскага раёна. Ён «дармаед» вымушаны: у 2011 годзе яго звольнілі з ВНУ, дзе ён выкладаў, і з таго часу ён не мог уладкавацца нават дворнікам на працу. Адпаведна, атрымаў «ліст шчасця» з патрабаваннем заплаціць «падатак на дармаедства» за 2015 год.
Асцерагаючыся, што могуць не выпусціць за мяжу ў выпадку нявыплаты падатку і не маючы жадання прасіцца ў чыноўнікаў з камісіі не прызнаваць яго дармаедам, Мігурскі падатак заплаціў. Ужо з пенсіі, якую атрымаў у другой палове 2016 года. І, кажа, не стаў бы гэтыя грошы вяртаць, калі б яго, як «узорнага дармаеда» не пачалі ставіць у прыклад іншым. Тым, хто падатак так і не заплаціў. А такіх сярод 20 дармаедаў-аднавяскоўцаў Мігурскага было… 19 чалавек.
А тут яшчэ, як вынік веснавых антыдармаедскіх пратэстаў, 15 сакавіка ва ўсіх раённых газетах з’явіліся «тлумачэнні» закона аб дармаедах. Адкуль даведаўся, што ад выплаты падатку вызваляюцца тыя, хто на вёсцы сядзе прыватную прысядзібную гаспадарку. Мігурскі пачаў змаганне за сваё добрае імя.
Амаль месяц Пятра Мігурскага ганялі за рознымі даведкамі то ў адну ўстанову, то ў іншую, але ён свайго дамогся ― у канцы траўня з падатковай інспекцыі прыйшлі паперы з паведамленнем, што яму «вяртаюць лішнія пералічаныя на падаткі грошы». І 2 чэрвеня грошы былому дармаеду пералічылі на пенсійную картку.
Усіх, хто як і ён, захоча вярнуць свае грошы, Мігурскі папярэджвае: справа гэта даволі нервовая ― бярэ дзяржава грошы лёгка, а вось вяртае з вялікай неахвотай.