«Гэта здзек». Што напісалі ў заходніх СМІ пра Еўрагульні ў Мінску


Аляксандр Лукашэнка схопіцца за галаву, калі даведаецца, які «піяр» забяспечылі яму і краіне мінулыя спаборніцтвы.

euro_4.jpg

За некалькі месяцаў да II Еўрапейскіх гульняў кіраўнік Беларусі так апраўдаў правядзенне буйных міжнародных спаборніцтваў у краіне: «За гэта — імідж краіны, піяр сапраўдны — цяпер плоцяць сотні мільёнаў даляраў».
З моманту заканчэння Еўрапейскіх гульняў у Мінску прайшло не так ужо шмат часу. Але ўжо зараз можна канстатаваць: беларускія ўлады атрымалі зусім не той эфект, на які разлічвалі.
Адзін з шматлікіх паказчыкаў гэтага — прызнанне канадца Джэфа Плата, якога нядаўна назвалі лепшым хакеістам Беларусі. Прэсбол пацікавіўся ў спартсмена, які знаходзіцца ў Фінляндыі, дзе ён гуляў мінулы сезон: «У Мінску праходзілі Еўрапейскія гульні. Чуў пра гэта?».
— Шчыра кажучы, не. Кажу ж, у апошні час амаль не заходзіў у інтэрнэт. Кажаш, Еўрапейскія гульні... Так, цяпер загуглю. Ого, даволі дзіўны набор відаў спорту, — адказаў Плат.
І гэта яшчэ ўлады павінны быць задаволеныя, паколькі хакеіст не нагугліць, што напісалі пра Еўрагульні ў вядучых заходніх СМІ. Бо, вывучыўшы публікацыі, «Салідарнасць» можа канстатаваць: спартыўныя вынікі з Мінска былі прадстаўлены ў нямецкіх, брытанскіх, італьянскіх, бельгійскіх медыя досыць сціпла. Што тычыцца водгукаў пра Беларусь і яе сталіцу, то зробленыя яны былі па большай частцы ў крытычным тоне.

euro_2_1.jpg

Амерыканскі штотыднёвы часопіс The Nation напісаў: «Правядзенне еўрапейскай алімпіяды ў Мінску — здзек над алімпійскай хартыяй». Часопіс папракае арганізатараў у выкарыстанні атмасферы спартыўнага свята для адцягнення ўвагі ад парушэнняў правоў чалавека і сур’ёзных сацыяльных праблем у краіне.
Асобна дастаецца Аляксандру Лукашэнку: узгадваецца знікненне апазіцыйных палітыкаў, статус «апошняга дыктатара Еўропы», узаконенага смяротнага пакарання.
Правядзенне еўрапейскай алімпіяды ў Мінску з’яўляецца насмешкай над алімпійскай хартыяй, якая абвяшчае: «Мэта алімпізму заключаецца ў тым, каб паставіць спорт на службу гарманічнага развіцця чалавецтва, спрыяючы стварэнню мірнага грамадства, клапоціцца аб захаванні чалавечай годнасьці».
Англамоўны Euronews падрабязна апісаў праблемы з правамі чалавека ў Беларусі — адзінай еўрапейскай краіне, дзе засталося смяротнае пакаранне.
Шмат крытыкі ў дачыненні да беларускіх уладаў утрымліваецца і ў публікацыях нямецкіх СМІ. Да прыкладу, welt.de адзначае: спартыўная каштоўнасць Еўрагульняў у Мінску невысокая (спаборніцтвы нават не дацягваюць да статусу чэмпіянату кантынента), выбар гаспадароў форуму спрэчны з-за аўтарытарнага прэзідэнта Лукашэнкі.
«Deutsche Welle» паведаміла: спартыўныя чыноўнікі Германіі крытыкуюць Еўрагульні за нізкі ўзровень.
Бельгійскі рэсурс lesoir.be западозрыў «бацьку» Лукашэнку ў жаданні з дапамогай Еўрагульняў прымусіць іншых забыць пра сваю жалезную ўладу над краінай з насельніцтвам у 10 мільёнаў чалавек. Журналісты нагадалі бельгійцам, што «мармуровыя палацы» аўтарытарнага лідэра знаходзяцца менш чым у трох гадзінах палёту на самалёце ад Бруселя.
Жорсткі і эстонскі партал delfi. У адной з публікацый сцвярджаецца: «Еўрапейскія гульні не патрэбныя нікому акрамя краіны-арганізатара»: «Напэўна, больш-менш ўсім відавочна, што задума з Еўрагульнямі ў цяперашнім фармаце правалілася».
Адзначым, «Салідарнасць» вывучыла далёка не ўсе публікацыі ў заходніх СМІ, але прааналізаваная частка дае права сцвярджаць: крытычны тон у еўрапейскіх і амерыканскіх медыя быў пераважным. Вось такі «піяр на сотні мільёнаў даляраў» забяспечыла беларускім уладам правядзенне спартыўнага форуму.