«Гэта прамая пагроза рэпутацыі хакея». Латвійская федэрацыя патрабуе ў Мінска тлумачэнняў гісторыі з Баскавым
ЛФХ накіравала ў Беларускую хакейную федэрацыю ліст, у якім выказала рэзка негатыўнае стаўленне да выпадка, які скончыўся смерцю Рамана Бандарэнкі, і сумнеў у магчымым далейшым супрацоўніцтве пры падрыхтоўцы да сумеснага чэмпіяната свету-2021.
11 лістапада на плошчы Перамен у Мінску адбыўся інцыдэнт, які скончыўся трагедыяй. Група невядомых прыехала вечарам на скрыжаванне вуліцы Чарвякова і Смаргоўскага тракта, каб зрэзаць бел-чырвона-белыя стужкі. На месцы ў хуткім часе з'явіўся мясцовы жыхар мастак Раман Бандарэнка, які выказаў пратэст супраць гэтых дзеянняў. У выніку хлопца затрымалі, а на наступны дзень ён, збіты і беспрытомны, памёр у лякарні ад ацёку мозга.
Пазней журналісты правялі расследаванне і выявілі, што на плошчы Перамен у той вечар былі людзі, падобныя на вядомых спартсменаў — байца-чэмпіёна Дзмітрыя Шакуту і старшыню Беларускай федэрацыі хакея Дзмітрыя Баскава.
Адсачыўшы інфармацыйныя плыні, хакейная Рыга накіравала ў Мінск даволі эмацыйны ліст.
«З таго часу, як на штогадовым Кангрэсе ІІХФ у 2017 годзе было прынята рашэнне аб правядзенні чэмпіянату свету-2021 па хакеі ІІХФ у Мінску і Рызе, федэрацыя хакея Латвіі, адказная за арганізацыю турніру ў Латвіі, сваю дзейнасць і публічныя выступы арыентавала выключна на тое, каб як лепш падрыхтавацца да годнага правядзення гэтага турніру.
У працэсе падрыхтоўкі да правядзення чэмпіянату свету-2021 у Мінску і Рызе, пачынаючы са жніўня гэтага года, мы былі вымушаныя сутыкнуцца з сітуацыяй, выкліканай падзеямі ў Беларусі, якія, не лічачы ўсіх цяжкасцяў і выклікаў, звязаных з пандэміяй COVID-19, перашкаджаюць паспяховай працы нашага аргкамітэта. Але нават нягледзячы на згаданыя складанасці, на працягу апошніх трох месяцаў федэрацыя хакея Латвіі наглядна прадэманстравала сваю пазіцыю і гатоўнасць да сяброўскіх і дзелавых адносін, што дазволіла працягнуць канструктыўнае супрацоўніцтва з калегамі з федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь.
На жаль, падзеі апошніх тыдняў ужо не ўскосна, а наўпрост звязаныя з вамі — нашым партнёрам федэрацыяй хакея Рэспублікі Беларусь і яе кіраўніцтвам. Мы не можам ігнараваць інфармацыю і матэрыялы прадстаўленыя сродкамі масавай інфармацыі, а таксама недастатковыя заявы з вашага боку аб сітуацыі, якая склалася.
Мы лічым, што вышэйзгаданыя падзеі кідаюць цень не толькі на рэпутацыю федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь, але і з'яўляюцца прамой пагрозай рэпутацыі для хакея, як віду спорту.
Для федэрацыі хакея Латвіі важныя такія асноўныя этычныя і маральныя каштоўнасці, як сумленнасць, узаемапавага, прафесійная этыка, а таксама адказнасць перад членамі федэрацыі хакея Латвіі, спонсарамі і грамадства ў цэлым. Членамі федэрацыі хакея Латвіі з'яўляюцца хакейныя клубы, лядовыя арэны, спартыўныя арганізацыі, у якіх навыкі валодання клюшкай атрымліваюць не толькі прафесійныя спартсмены, але, што немалаважна, дзеці і моладзь — будучае пакаленне хакеістаў. Хочам заўважыць, што адной з галоўных, дэклараваных намі каштоўнасцяў, з'яўляецца здароўе і жыццё чалавека.
15 лютага 2019 года была заключаная дамова аб сумеснай арганізацыі і правядзенні чэмпіянату свету-2021 па хакеі ІІХФ у Мінску і Рызе. Але нягледзячы на тое, што, як раней ужо згадвалася, узаемадзеянне абедзвюх федэрацый у пытаннях арганізацыі чэмпіянату было паспяховым, апошнія падзеі ў Беларусі ствараюць як прамыя, так і ўскосныя перашкоды ў працягу супрацоўніцтва і паўнавартасным выкананні абавязацельстваў, абумоўленых у дамове, якія ў вельмі самыя кароткія тэрміны неабходна прадухіліць.
Дадзены дагавор абавязвае абодва бакі выконваць усе законы, правілы і патрабаванні ІІХФ, якія маюць законную сілу. У сувязі з гэтым, адназначным і абавязуючым абодва бакі, прызнаецца распрацаваны ІІХФ Кодэкс паводзінаў (Code of Conduct), які ўжываецца да любога дзеяння, якія з'яўляюцца супрацьзаконным, амаральным або неэтычным.
Прадстаўленая СМІ інфармацыя і матэрыялы аб магчымым удзеле старшыні федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь Баскава Дзмітрыя Юр'евіча ў рэпрэсіях супраць мірных жыхароў Беларусі, дакладна не адпавядае агульнапрынятым прынцыпам этыкі і маралі і адпаведна не можа быць прымальна або апраўдана. За такія паводзіны, па-за залежнасці прававой ацэнкі адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, згодна з Кодэксам Паводзін ІІХФ (Code of Conduct), асоба, якая ўчыніла падобную правіну, прыцягваецца да дысцыплінарнай адказнасці.
Нягледзячы на тое, што мы цалкам усведамляем той факт, што згодна з правіламі Кодэкса паводзін (Code of Conduct) прадугледжана індывідуальная адказнасць, і тое, што федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь не можа несці адказнасць за дзеянні здзейсненыя Баскавым Дзмітрыем Юр'евічам, мы не можам не прызнаваць таго, што раней згаданыя факты негатыўна ўплываюць як на ІІХФ, федэрацыі Беларусі і Латвіі, так і на міжнародны прэстыж хакея ў цэлым.
Абапіраючыся на ўсё вышэйсказанае, дадзеным лістом, мы звяртаемся да вас з просьбай даць нам тлумачэнне згаданых інцыдэнтаў і трывожнай інфармацыі, якая непасрэдна звязана з удзелам кіраўніцтва федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь. Мы хацелі б ведаць якім чынам нашы беларускія калегі плануюць вярнуць ранейшыя даверныя і дзелавыя адносіны, а таксама абараніць рэпутацыю хакея, як віду спорту, які прадстаўляецца намі», — гаворыцца ў лісце Латвійскай федэрацыі хакея, які цытуе «Прэсбол».
Нагадаем, што пасля падзей апошніх месяцаў перспектыва правядзення ў Мінску матчаў хакейнага чэмпіяната свету выглядае сумнеўнай. Супраць ЧС у Беларусі выступае еўрапейская супольнасць і многія замежныя хакейныя функцыянеры.