«Гэта не стала нечаканасцю». Рэжым прызнаў БАЖ «экстрэмісцкім фарміраваннем»
Рэжым Лукашэнкі прызнаў Б*ларускую асацыяцыю журналістаў «экстрэмісцкім фарміраваннем». Рашэнне было прынята КДБ 28 лютага, паведамляюць праваабаронцы.
Нагадаем, у 2020 годзе лукашэнкаўцы пачалі сістэмна знішчаць у краіне незалежную журналістыку. Большасць недзяржаўных медыя былі пастаўлены па-за законам, абвешчаны «экстрэмісцкімі», сотні журналістаў вымушана пакінулі Беларусь і працягваюць працу за мяжой. У няволі зараз знаходзяцца 32 прадстаўнікі беларускіх медыя.
У ліпені 2021 года сілавікі правялі ператрус непасрэдна ў офісе Б*Ж і
апячаталі яго. Напрыканцы жніўня таго ж года суд ліквідаваў арганізацыю.
Фармальнай прычынай стаў пазоў Міністэрства юстыцыі «ў сувязі з
непрыняццем мер па ліквідацыі парушэнняў з боку Б*Ж і паўторным (пасля
вынесенага пісьмовага папярэджання) парушэннем заканадаўства».
Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс
Гарэцкі пракаментаваў «Б*лсату» пастанову КДБ аб прызнанні Б*Ж «экстрэмісцкім
фарміраваннем». Ён заявіў, што гэта пагоршыць умовы працы беларускіх медыйшчыкаў,
аднак сам статус не стаўся нечаканым.
Барыс Гарэцкі адзначыў, што арганізацыя, нягледзячы на новы статус, працягне падтрымоўваць беларускіх журналістаў, дзе б яны не знаходзіліся: «На жаль, такія рашэнні робяць працу незалежных журналістаў у Беларусі яшчэ больш складанай, бо гэтыя рашэнні дадаюць страху і небяспекі для працы любых медыйшчыкаў у Беларусі. У цяперашніх умовах публічна называць сябе прадстаўніком Б*Ж дакладна ніхто не павінен унутры Беларусі».
Гарэцкі нагадаў, што кіраўніцтва арганізацыі вымушана з’ехала з Беларусі яшчэ ў 2021 годзе: «Кіраўніцтва арганізацыі знаходзіцца за мяжою і працягне сваю працу для незалежнага медыясектара, для асоб за кратамі, для тых, хто пацярпеў ад рэпрэсій. Але гэта, натуральна, пагаршае ўмовы працы беларускіх медыйшчыкаў, бо гэта акт запалохвання і акт абмежавання правоў і магчымасцей калег».
Суразмоўца прызнаў, што статус «экстрэмісцкага
фарміравання» не стаўся нечаканым: «Мы разглядалі такі варыянт, што раней ці
пазней гэта адбудзецца. У сённяшняй карціне гэта чакана».
Беларуская асацыяцыя журналістаў заснавана ў 1995 годзе. БАЖ — сябра Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацый журналістаў і лаўрэат Сусветнай прэміі UNESCO. У арганізацыі больш за 1300 сябраў.