Генпракуратура: Калі чалавека б’юць — ён мае права абараняцца

Відэа брутальных затрыманняў 15 сакавіка «невядомымі ў цывільным» удзельнікаў «Маршаў недармаедаў» у Мінску і Магілёве перапоўнілі сацыяльныя сеткі.

pratest_4.jpg


Ёсць верагоднасць, што гэта супрацоўнікі праваахоўных органаў і спецслужб. Тое, як яны дзейнічалі падчас затрымання пратэстоўцаў, выклікае ў людзей вялікае абурэнне. І ўзнікла пытанне законнасці дзейнасці.

«Калі гэтыя асобы па загадзе выйшлі на ахову грамадскага парадку, а менавіта гэта і павінна адбывацца на вуліцах і плошчах населеных пунктаў, то яны абавязаныя быць у форме і абавязаныя называцца, перш чым ажыццяўляць нейкія дзеянні ў дачыненні да грамадзян: затрымання, вобшуку ці дагляду грамадзян ці іх асабістага транспарту», — упэўнены юрыст Беларускага Хельсінскага камітэту Гары Паганяйла.

Што мы маем калі чалавек не ў форме, а пасведчанне не паказаў?

«Гэта адвольныя, па сутнасці, затрыманні. З гэтым трэба змагацца», — упэўнены Гары Паганяйла.

Але змагацца як? Шукаць управу на дзеянні такіх супрацоўнікаў у цывільным трэба ў пракуратуры. Толькі сама яна пачаць нешта рабіць не можа.

«Будуць заявы пацярпелых — будуць разбірацца, будуць нешта глядзець. Без заявы будзе вам нехта нешта рабіць!» — адказвае на маё пытанне кіраўнік прэс-службы Генпракуратуры Пётр Кісялёў.

І таму трэба, каб усе затрыманыя накіравалі адпаведныя скаргі ў пракуратуру, пагаджаецца Гары Паганяйла.

pratest_2.jpg

Застаецца яшчэ адно пытанне: як мусяць дзейнічаць людзі, якіх, не паказваючы ніякіх пасведчанняў, хапаюць невядомыя ў цывільным і запіхваюць у машыну без апазнавальных знакаў — падпарадкоўвацца ці супраціўляцца?

«Калі людзі нападаюць на цябе і невядома, што гэта за людзі, ці прадстаўнікі гэта ўлады, — ты маеш права абараняцца. І калі да цябе ўжываюць фізічную сілу, ты маеш права адказаць на гэта фізічнай сілай», — кажа Паганяйла.

А што на гэта кажуць у Генпракуратуры? У адказ прадстаўнік Гепракуратуры Пётр Кісялёў задае мне сустрэчнае пытанне: «А раптам там нехта крыкнуў: «Міліцыя!» і гэтак далей?».

Але з крыкамі «Міліцыя!» цябе і гопнікі ў цёмным завулку могуць рабаваць!

«Адна справа, калі ў цёмным завулку на вас наваліўся нехта, а мітынг — гэта ўсё ж грамадскае месца, там трэба глядзець спачатку, а потым ужо па носе біць. Ведаеце, гэта тое ж самае, калі б вы мяне спыталі, што такое неабходная абарона. Што гэта такое, я ўжо наглядзеўся: гэта кожная канкрэтная сітуацыя, вось і ўсё. Адзінае, што я заўсёды людзям на гэта казаў: «Нават калі перавысіце межы гэтай абароны, лепей тры гады адсядзець, чым на два з паловай метры ніжэй узроўню зямлі ляжаць». Калі чалавека б’юць — ён мае права абараняцца па-любому», — кажа Пётр Кісялёў.





Але прадстаўнік пракуратуры дадае, што з кожным такім канкрэтным выпадкам будуць разбірацца. І яшчэ раз раіць усім затрыманым «невядомымі ў цывільным» пісаць у пракуратуры скаргі.

Гары Пагяняйла, хоць і выказаўся наконт права на самаабарону, прызнае: за гэта затрыманаму абавязкова выставяць абвінавачванне ў супраціўленні супрацоўнікам міліцыі. А даказаць нашаму суду, што чалавек у цывільным табе не назваўся і пасведчанне не паказваў, будзе вельмі праблематычна.

Адкуль увогуле ўзялася гэтая практыка ў праваахоўнікаў — працаваць у цывільным? Упершыню іх існаванне і датычнасць да праваахоўных органаў афіцыйна прызнаў у 2011 годзе тагачасны міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў. Больш за тое, заявіў, што гэта яго ініцыятыва. А на пытанне, ці законная, адказаў: “Ніводзін закон не забараняе міністру вызначыць для міліцыянераў парадак нашэння формы адзення”.

Цікава, што на самай справе «невядомыя ў цывільным» пачалі з’яўляцца значна раней. Упершыню журналісты заўважылі іх у 2009 годзе, на акцыях 9 і 16 верасня ў Мінску. Гэтыя людзі перашкаджалі працаваць фатографам і відэааператарам, закрываючы рукамі аб’ектывы. Але калі міністру Куляшову задалі пра іх пытанне, ён адхрысціўся ад гэтых «невядомых у цывільным».

«Гэта невядомыя асобы, якія хочуць справакаваць міліцыю і журналістаў», — заявіў Куляшоў і упэўніў, што гэта дакладна не супрацоўнікі МУС.

Пасля прызнанняў-2011 тагачасны генпракурор Рыгор Васілевіч выказваўся за тое, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў павінныя быць у форме.

«Могуць быць выключэнні ў залежнасці ад задання, якое яны выконваюць, але пераважна яны павінныя быць апранутыя ў форму. Калі ж яны не ў форме, то яны абавязаныя называцца, бо вы павінныя ведаць, хто прад’яўляе вам патрабаванні», — заявіў Васілевіч.

Але ўжо ў 2013 годзе ён сваё меркаванне змяняе:

«Мы павінныя зыходзіць з таго, здзяйсняецца злачынства ці не. А ўжо справа другая, апрануты супрацоўнік у форму ці не».

Што праўда, і гэтым разам генпракурор гаворыць, што ў любым выпадку «перад тым як прымяняць нейкае фізічнае ўздзеянне ў дачыненні да парушальніка, супрацоўнік міліцыі павінен назвацца і, у прыватнасці, паказаць пасведчанне».

Паводле Еўрарадыё