Генеральная пракуратура адмовілася разглядаць зварот БАЖ адносна ціску на журналістаў
Генеральная пракуратура адмовілася разглядаць па сутнасці зварот ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» адносна пераследу журналістаў, перашкод у ажыццяўленні журналісцкай дзейнасці і адміністрацыйнага пераследу.
Журналісцкае аб’яднанне прасіла генеральнага пракурора Аляксандра Канюка правесці праверку па фактах затрымання журналістаў, а таксама прынесці пратэсты на судовыя пастановы аб прыцягненні журналістаў да адміністрацыйнай адказнасці.
Аляксандр Баразенка — 15 сутак, аб’явіў галадоўку, Марына Кастылянчанка — 15 сутак, Дзяніс Івашын — 5, Раман Пратасевіч — 10, Канстанцін Мардзвінцаў — 15 сутак, Леанід Свецік — 15 сутак, Арцём Сізінцаў — 10 сутак.
БАЖ звярнула ўвагу на тое, што ў адпаведнасці з Законам “Аб пракуратуры” задачай гэтага органа з’яўляецца “забеспячэнне вяршэнства права, законнасці і правапарадку, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый”.
У адказе ж начальнік аддзела па нагляду за захаваннем правоў і свабод грамадзян Марына Папова заявіла, што ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” нібыта не мае права прадстаўляць інтарэсы пацярпелых журналістаў, і таму зварот не будзе разгледжаны.
– З улікам таго, што Вы не з’яўляецеся асобай, якой ва ўстаноўленым парадку дэлегаваны правы на прадстаўніцтва інтарэсаў пералічаных у звароце грамадзян, падстаў для разгляду Вашага звароту па сутнасці не маецца, – гаворыцца ў адказе.
Але ж згодна са сваім Статутам, БАЖ як раз прадстаўляе інтарэсы сваіх сябраў у дзяржаўных установах.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” лічыць адказ пракуратуры незаконным і мае намер яго абскардзіць. У журналісцкім аб’яднанні ўпэўненыя, што Генеральная пракуратура ў дадзены момант проста абавязана звярнуць пільную ўвагу на сітуацыю з пераследам журналістаў і аднавіць законнасць.
baj.by