Ганна Севярынец: Дабро пераможа. Нам засталося меней, чым мы прайшлі
«Адзіны наш сапраўдны вораг цяпер — гэта паніка, адчай і страх. Іншага моцнага і непераможнага ворага ў нас няма… І мы пераможам», — напісала Ганна Севярынец у сваім фэйсбуку.
Паслухайце, дарагія мае, усе, хто цяпер у адчаі альбо ў роспачы. Ну мы проста па логіцы не можам не перамагчы. Па-першае, так не бывае: каб рэжым, захраснуўшы ў стылістыцы, этыцы і эстэтыцы даўно памерлай імперыі, меў хаця б якія перспектывы ў тэхналагічнай, адкрытай свету будучыні. Па-другое, ён цяпер у міжнароднай ізаляцыі: ніякай знешняй падтрымкі, ніякіх новых кантрактаў, ніякіх падпісанняў міжнародных дакументаў — бо ўлада не прызнаная легітымнай. Па-трэцяе, ніякага развіцця: каб развівацца, патрэбныя людзі і грошы, нічога гэтага цяпер у рэжыму няма. І што важна: і не будзе, бо патрабаванне адстаўкі вышэйшага кіраўніцтва непахіснае і бясспрэчнае.
Зусім хутка ўсё гэта стане зразумелым нават тым буйным бізнэсоўцам і дырэктарату прадпрыемстваў, якія пакуль што стаяць у баку. Будучыня — гэта не дзевяноста дзён на дубінках АМАПу. Каб жыць і расці ў будучыні, навокал трэба каб была пэўнасць і адсутнасць страху.
Яшчэ я думаю, што пакрысе выводзяць адсюль грошы тыя буйныя міжнародныя злачынцы, што ўкладаліся ў нашу эканоміку: ім цяпер тут страшна і небяспечна. Грошы ў краіне — усё. Ніхто не будзе ўкладацца ў дзяржаву, дзе не працуе закон. Больш за тое. Думаю, кожнаму буйному бізнэсоўцу, што пакуль маўчыць і спрабуе зрабіць выгляд, нібыта ўсё нармальна, — хутка давядзецца сутыкнуцца з патрабаваннем фінансаваць дубінкі і газ — як яны мусілі фінансаваць калгасы і спартовыя клубы. Шмат кажуць пра тое, што нават АМАП і астатнія ўжо не атрымлівае прэміяльных і трымаецца цяпер толькі на ўласным страху за сябе і свае сем'і.
Падумайце проста галавой. Асабліва тыя, хто цяпер сядзіць ціхенька і чакае, чым скончыцца, каб хуценька і элегантна перапаўзці пад шумок на бок дабра. Можаце пачынаць: дабро пераможа.
Нам засталося меней, чым мы прайшлі. Гэта не голы аптымізм, гэта проста логіка. Адзіны наш сапраўдны вораг цяпер — гэта паніка, адчай і страх. Іншага моцнага і непераможнага ворага ў нас няма. Усе астатнія — слабыя, бесперспектыўныя і дэзарыентаваныя.
Таму давайце сціснем зубы — і будзем проста рабіць сваю справу, як рабілі ўсе гэтыя тры месяцы. Яна цяжкая, але яна правільная. І мы пераможам.