Фрылансера Андрэя Кузнечыка пакаралі 6 гадамі калоніі узмоцненага рэжыму

Яго вінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання». Максімум па артыкуле быў — 7 гадоў пазбаўлення волі.

269887216_4944589218914212_8335843994989712944_n_1.jpg

Гэта адзін з самых жорсткіх прысудаў беларускім журналістам. Які сведчыць пра тое, што ўлады і не думаюць спыняць махавік рэпрэсій у беларускім грамадстве, піша Еўрарадыё.

Нагадаем, Андрэя Кузнечыка пачалі і скончылі судзіць сёння. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Справу разглядаў суддзя Ігар Шведаў.

Андрэй Кузнечык быў затрыманы 25 лістапада 2021 года. Тры разы яму давалі па 10 сутак, але на волю ён так і не выйшаў.

23 снежня 2021 года стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу і перавялі яго ў СІЗА № 1 на Валадарскага, але адвакат быў пад падпіскай аб неразгалошванні, таму па якім артыкуле заведзена справа, доўгі час было невядома.

Толькі ў канцы траўня высветлілася, што Кузнечыка абвінавачваюць у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361-1 КК). «Радыё Свабода», з якім ён супрацоўнічаў, прызналі экстрэмісцкім фармаваннем акурат 23 снежня 2021 года.