ЕЗ мае намер забараніць увоз у Беларусь люксавых аўто, каб перашкодзіць іх перапродаж у Расіі

У ЕЗ абмяркоўваюць узмацненне санкцый супраць Беларусі, якія павінны абмежаваць імпарт у Расію некаторых заходніх тавараў і прадметаў раскошы праз нашу краіну. 

Затрыманыя на мяжы ў пачатку траўня два электракара Tesla Cybertruck. Фота: літоўская мытня

Затрыманыя на мяжы ў пачатку траўня два электракара Tesla Cybertruck. Фота: літоўская мытня

Пад забарону на ўвоз могуць патрапіць і дарагія аўтамабілі, піша «Люстэрка» са спасылкай на дадзеныя Financial Times.

Па дадзеных выдання, наступныя санкцыі ЕЗ супраць Беларусі будуць скіраваныя ў першую чаргу на сінхранізацыю з ужо дзейнымі абмежаваннямі ў дачыненні да РФ. Гэта павінна перашкодзіць увозу ў суседнюю краіну шэрагу забароненых заходніх тавараў і тэхналогій.

Так, наступны пакет санкцый можа ўстанавіць забарону на экспарт у Беларусь і транзіт праз яе тэрыторыю звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ), а таксама некаторых тэхналогій і тавараў двайнога прызначэння (гэта значыць тых, якія можна выкарыстоўваць у ваенных мэтах). Апрача таго, ЕЗ збіраецца спыніць імпарт алмазаў з Беларусі.

Пад абмежаванні таксама можа трапіць увоз у нашу краіну люксавых аўтамабіляў — такім чынам у ЕЗ хочуць пакласці канец іх рээкспарту ў Расію праз Беларусь.

Глядзіце таксама

Financial Times адзначае, што штомесячны аб'ём продажаў аўтамабіляў і аўтазапчастак з краін ЕЗ у Беларусь вырас з 50 млн долараў у студзені 2022 года да 268 млн долараў у студзені 2024-га, у асноўным экспарт ідзе з Германіі і Польшчы. Прычым найбольшы рост зафіксаваны менавіта ў катэгорыях аўтамабіляў класа люкс — Rolls-Royce, Maybach і іншых. У далейшым, паводле звестак выдання, большая іх частка трапляе ў Расію, куды экспарт такіх аўто ўжо забаронены.

Нагадаем, з 23 сакавіка на польскай мяжы ўжо пачалі разгортваць аўто на транзітных нумарах з рухавіком ад 1,9 літра і даражэй за 50 тысяч еўра, якія спрабавалі завезці ў Беларусь. Праз некалькі дзён аналагічныя забароны ўвялі ў Латвіі і Літве.

А ў пачатку траўня літоўскія мытнікі затрымалі на мяжы два электрамабілі Tesla Cybertruck коштам больш за 200 000 еўра, якія праз Беларусь планавалі даставіць у Расію.

Раней футурыстычны пікап заўважылі на сталічным праспекце Незалежнасці. Пазней заснавальнік Moscow Tesla Club Аляксей Ерамчук заявіў, што гэта першы Tesla Cybertruck, які едзе са ЗША ў Маскву.

«Мы даставілі [пікап] на самалёце ў Еўропу. І ўжо з Эўропы сюды, у Беларусь. Яна [Tesla] праз Беларусь праходзіць у Расію і будзе мытніцца па ўсіх афіцыйных стаўках. Ніхто тут нічога не прыніжае, усё выразна», – сказаў ён, дадаўшы, што яго кампанія плануе прыганяць па некалькі такіх Tesla у тыдзень.

Глядзіце таксама

Па дадзеных расследавальнікаў праекта «Бюро», Польшча ўваходзіць у топ-3 краін ЕЗ, з якіх у нашу краіну трапляе больш за ўсё аўто. Так, на фоне вайны пастаўкі машын з ЕЗ у Беларусь падскочылі ў чатыры разы — амаль да 1,5 млрд еўра, а ў мінулым годзе перавысілі 1,7 млрд еўра, адзначаюць расследавальнікі са спасылкай на дадзеныя Еўрастата. 0

Больш за ўсё аўтамабіляў у нашу краіну прадаюць Нямеччына, Літва і Польшча. Толькі за дзевяць месяцаў мінулага года з трох краін у Беларусь вывезлі амаль 60 тысяч машын. На фоне вайны Беларусь стала перавалачнай базай для паставак люксавых аўтамабіляў на дзясяткі мільёнаў долараў у Расію, нягледзячы на байкот і санкцыі, перакананыя расследавальнікі.